або Як удалося захавацца манархіі ў самай «сацыялістычнай» заходнееўрапейскай краіне?
Шведскі стол, шведская сценка, група АВВА, Карлсан, які жыве на даху, вікінгі, шведскі хакей, ну і, зразумела, шведская сям'я — гэта першае, што прыходзіць у галаву большасці з нас, калі згадваецца Швецыя... Трапіўшы ў гэтую скандынаўскую краіну, даведалася, што ў свеце, аказваецца, пануюць зусім іншыя стэрэатыпы. Напрыклад, што Швецыя — гэта вельмі халодная краіна, населеная белымі мядзведзямі, падатлівымі бландзінкамі і хмурнымі самазабойцамі-алкаголікамі.
[caption id="attachment_49564" align="alignnone" width="600"] [5] Былая воданапорная вежа ў Кальмары стала элітным жыллём. Асабліва ахвотна тут селяцца прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і журналісты.[/caption]
На шчасце, пачуццё гумару ў шведаў — не ў дэфіцыце. «Холадна у нас, калі зубы пачынаюць мерзнуць», — кажуць яны. А ці можна крыўдзіцца на Галівуд, дзе так і не навучыліся адрозніваць Швецыю ад Швейцарыі? Бо толькі ў галівудскіх фільмах легкадумныя і неразумныя бландзінкі аказваюцца абавязкова... шведкамі. Прыгожых бландзінак у Швецыі і сапраўды шмат, але нічога блізкага з вобразам, створаным у Галівудзе, яны не маюць. А распаўсюджаны міф пра "сексуальную разбэшчанасць" шведаў абавязаны сваім нараджэннем, хутчэй за ўсё, шведскаму кінематографу 50-70-х гадоў ХХ стагоддзя і кадрам з выявамі аголеных цел. Насамрэч, у Швецыі адзін з самых нізкіх паказчыкаў цяжарнасці сярод падлеткаў і адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў суіцыдальнай актыўнасці.
З зімы — у лета
Першапачаткова меркавалася, што дабірацца са Стакгольма да Кальмара (канчатковага пункта нашай вандроўкі) мы будзем з перасадкай на двух цягніках. Але «карэкціроўку» ў маршрут унеслі супрацоўнікі кампаніі, якая абслугоўвала «наш» участак чыгункі. Незадаволеныя сваімі заробкамі, яны забаставалі, прычым забастоўка працягвалася да нашага прыезду і ўвесь час знаходжання беларусаў у Кальмары. Гэта значыць, як мінімум два тыдні. Як нам патлумачылі, у работнікаў чыгункі багаты прафсаюз, які можа сабе гэта дазволіць. Таму з Алвесты мы прадоўжылі наш шлях на аўтобусе, але зусім не засмуціліся. Пейзаж уздоўж чыгункі кардынальна адрозніваўся ад таго, што мы пабачылі, аддаліўшыся ад яе. Россып уздоўж чыгункі азёраў змяніўся россыпам камянёў...
Гэта цяжка ўявіць, але працягласць краіны з поўначы на поўдзень дасягае 1600 кіламетраў. Частка яе знаходзіцца ўвогуле за палярным кругам, таму кантрасты паміж прыродай паўночнай, сярэдняй і паўднёвай Швецыі па-тэатральнаму эфектныя. Горныя хрыбты Лапландыі, непраходныя балоты, Скандынаўскія горы, якія працягнуліся ўздоўж заходняй мяжы з поўначы на поўдзень, глухія хвойныя лясы, шхеры стакгольмскага архіпелага, які складаецца з трыццаці тысяч вялікіх і маленькіх, пераважна неабжытых, астравоў...
І толькі цёплы Гальфстрым, які абмывае краіну з захаду, робіць вялізныя прасторы Швецыі прыдатнымі для жыцця і земляробства.
Любоў да прыроды — «рэлігія» шведаў
Між іншым, нягледзячы на вялікія запасы ўласных прыродных рэсурсаў, менавіта Швецыя найбольш актыўна змагаецца за ахову навакольнага асяроддзя ў маштабах усяго свету. І вынікі такога беражлівага стаўлення да прыроды відавочныя.
— Мы не раім вам аддаваць грошы за бутыляваную пітную ваду, — адразу сказалі нам пасля прыбыцця ў Кальмар. — Вада ў нас не проста чыстая, але і вельмі смачная, таму яе можна піць з-пад крана.
І гэта была чыстая праўда. Прынамсі, Кальмар лічыцца адным з самых экалагічна чыстых гарадоў у Еўропе. Што было зусім нязвыкла — гэта тое, што зайцы скакалі ў нас літаральна пад нагамі. Мы бачылі іх і ў марскім порце. Птушкі, нават у вялікіх гарадах, адчуваюць сябе сапраўднымі гаспадарамі і зусім не баяцца людзей. У самым цэнтры Стакгольма, побач з касцёлам, мы назіралі качак, якія круціліся каля ног турыстаў.
Любоў да прыроды — гэта, так бы мовіць, нацыянальная «рэлігія» шведаў. У краіне дзейнічае ўнікальны закон, які дае права кожнаму на карыстанне навакольнай прыродай: права свабодна знаходзіцца, а таксама ставіць палатку, збіраць грыбы, ягады ў лесе, кветкі — у полі, купацца ў рацэ і возеры. Прычым гэта можна рабіць нават у прыватных уладаннях, калі вас не бачна і не чутна з жылых памяшканняў, размешчаных на іх тэрыторыі. Асноўны прынцып гэтага права — свабода пры ўмове, што вы не наносіце прыродзе шкоду, не пакідаеце пасля сябе смецце, не ламаеце галіны дрэў, асцярожна абыходзіцеся з агнём...
Што асабліва ўразіла беларусаў, для якіх дачы часцей за ўсё з'яўляюцца гарантам харчовай бяспекі сям'і, дык гэта дачны пасёлак, што размяшчаўся фактычна ў межах Кальмара. Маленькія драўляныя, быццам бы казачныя, домікі з невялікімі ўчасткамі гараджане арандуюць у муніцыпалітэта. Нізкарослыя дрэвы, квітнеючыя кусты, мора кветак на кожным участку, малыя архітэктурныя формы... Прынамсі, у самым цэнтры Кальмара мы са здзіўленнем назіралі шыкоўныя квітнеючыя макі: тут імі ўсе любуюцца, а не «змагаюцца» з прыгажосцю.
Сямейнае свята...з дзяржаўным сцягам
Што не зусім звыкла для беларусаў, дык гэта прысутнасць літаральна на кожным кроку нацыянальных сімвалаў Швецыі. Нават у дачным пасёлку над кожным домам трапяталі на ветры блакітныя з жоўтымі крыжамі сцягі і вымпелы. Першае, што прыйшло ў галаву: можа быць, у краіне нейкае дзяржаўнае свята? Высветлілася, што 6 чэрвеня (напярэдадні нашага прыезду) і сапраўды адзначаліся Дзень шведскага сцяга і Нацыянальны дзень Швецыі. Але сцягі ўсё роўна не знікалі — іх апускалі толькі на ноч. Нам патлумачылі, што, па традыцыі, сцяг абавязкова апускаецца з захадам сонца, але калі на сцяг у начны час падае штучнае асвятленне, то яго дазваляецца пакідаць на флагштоку. А вось трохвугольныя вымпелы можна пакідаць і на ноч, чым і карысталіся жыхары дачнага пасёлка, якія не мелі магчымасці штодня падымаць і апускаць дзяржаўны сцяг.
Усяго ў Швецыі існуе каля 15 афіцыйных свят, калі паўсюдна развешваюцца сцягі. Сюды ўваходзяць урачыстыя падзеі з жыцця каралеўскай сям'і, Нобелеўскі дзень (10 снежня), Дзень выбараў і нават Дзень ААН. Што цікава, сцяг можа падымацца і ў гонар урачыстасці ў нейкай сям'і.
Самая вядомая сям'я ў Швецыі — каралеўская, хоць, згодна з канстытуцыяй, кароль не займаецца палітыкай і не мае афіцыйных паўнамоцтваў. За падзеямі ў каралеўскім доме сочаць усе шведы. Напрыклад, падчас нашага візіту па тэлебачанні трансліравалася цырымонія хрышчэння дачушкі шведскай прынцэсы Мадлен. А на наступны дзень усе газеты былі запоўнены фатаграфіямі з царкоўнай цырымоніі.
Усяго ў дзеючага караля Карла XVІ Густава трое дзяцей: дзве дачкі і сын. Раней каралеўскі трон пераходзіў у Швецыі толькі да прадстаўнікоў мужчынскага полу. Але ў 1980 годзе было прынята наследаванне па праве першародства (незалежна ад полу дзіцяці), і кронпрынцэсай стала Вікторыя, якая апярэдзіла ў чарзе на каралеўскі трон свайго малодшага брата, прынца Карла Філіпа. Можна сказаць, што дзяўчынак і хлопчыкаў у каралеўскай сям'і ўраўнялі ў гендарных правах. Гендарная роўнасць — увогуле вельмі важная для шведаў тэма. Ва ўрадзе нават прадугледжана пасада міністра па пытаннях гендарнай роўнасці.
Наследнік прастола абавязаны мець якасную рознабаковую адукацыю (што вельмі цэняць шведы), каб годна прадстаўляць краіну ў свеце. І ў гэтым сэнсе кронпрынцэса Вікторыя цалкам адпавядае чаканням шведаў. Разумная, энергічная, з пачуццём гумару... Да таго ж Вікторыя яшчэ і шчаслівая ў сямейным жыцці: яна восем гадоў змагалася за тое, каб ёй дазволілі выйсці замуж за любімага чалавека — свайго інструктара па фітнесе, зусім не каралеўскіх крывей... Сёння яны разам выхоўваюць двухгадовую дачку.
Дзень нараджэння наследніцы шведскага трона з'яўляецца днём падняцця дзяржаўнага сцяга. У яе гонар з пушак на востраве ў Стакгольме гучыць салют. Ахвотныя павіншаваць наследную прынцэсу могуць зрабіць гэта на старонцы Каралеўскага дома ў Фэйсбуку або праз сайт каралеўскага дома, дзе размешчаны спецыяльны фармуляр для запаўнення. Такім чынам, і ў гэтым пытанні шведская манархія дэманструе сваю сучаснасць.
[caption id="attachment_49563" align="alignnone" width="600"] [6] Домік служанкі ў летняй рэзідэнцыі шведскага манарха[/caption]
Каралеўская «дача»
Па традыцыі, дзень нараджэння наследнай прынцэсы, які прыпадае на 14 ліпеня, адзначаецца на востраве Эланд, дзе размяшчаецца летняя рэзідэнцыя каралеўскай сям'і Солідэн. Усе падзеі са стадыёна горада Боргхольма, дзе разгортваецца асноўнае дзейства, трансліруюцца па тэлебачанні.
Паколькі рэзідэнцыя, пабудаваная ў пачатку ХХ стагоддзя, з'яўляецца прыватнай уласнасцю каралеўскай сям'і, то грошы з дзяржаўнага бюджэту на яе ўтрыманне не выдзяляюцца. І рэзідэнцыя зарабляе на сябе сама — за кошт прыцягнення сродкаў турыстаў. Развітацца з грашыма вандроўнікі могуць у кавярні або ў сувенірнай лаўцы з каралеўскімі прэзентамі, дзе можна набыць, напрыклад, дзівосную каралеўскую туалетную ваду або каралеўскі чай. Нават калі на востраве знаходзіцца манаршая сям'я, уваход на тэрыторыю паркаў турыстам не забаронены. А пра прысутнасць каго-небудзь з каралеўскага дома на востраве сведчыць сцяг або вымпел, паднятыя на ўваходзе на тэрыторыю рэзідэнцыі.
Рэзідэнцыя займае плошчу ў 100 гектараў, а для наведвання турыстаў даступныя 9 гектараў. «Паверце, што ўсе самыя прыгожыя паркі і сады знаходзяцца ў адкрытай зоне, — запэўніў нас экскурсавод. — А на закрытай тэрыторыі размяшчаюцца дом, дзе адпачываюць дзеці караля, калі наведваюць Эланд, віла кронпрынцэсы, парнікі, аранжарэі, канюшня, загон для каралеўскіх аленяў і некаторыя іншыя гаспадарчыя пабудовы. Частка марскога ўзбярэжжа з пляжам для каралеўскай сям'і таксама закрытая і ахоўваецца спецслужбамі: набліжацца бліжэй чым на кіламетр з мора да яе не дазваляецца».
Непасрэдна каралеўскі палац уяўляе сабой беласнежную вілу ў італьянскім стылі. Газон вакол яе заўсёды застаецца ў ідэальным стане — нават у самае засушлівае лета ён ніколі не высыхае і не выгарае за кошт схаванай пад ім арашальнай сістэмы. Між іншым, стрыгуць яго толькі ўручную нажніцамі.
Эланд называюць «востравам сонца і ветру». Самая вялікая колькасць сонечных гадзін у Швецыі рэгіструецца менавіта на Эландзе. Насельніцтва вострава складае ўсяго 25 тысяч чалавек, але летам на востраў прыязджае да паўмільёна адпачывальнікаў. Эланд — гэта, так бы мовіць, шведскі паўднёвы курорт. У многіх тут ёсць свае дачы. Сапраўдным сімвалам вострава сталі ветраныя млыны: іх тут налічваецца каля 400. Млыны лічацца нацыянальным здабыткам і абараняюцца дзяржавай. З сярэднявечча на тэрыторыі Эланда захаваліся і шматлікія цэрквы.
Капіталізм з «чалавечым тварам»
Са Швецыяй звязаны ў свеце і яшчэ адзін міф — яе «камуністычная арыентацыя». Праўда заключаецца ў тым, што Швецыя, магчыма, у найбольшай ступені, чым іншыя заходнееўрапейскія краіны, выкарыстоўвае ў сваёй палітыцы размеркавання сацыялістычныя падыходы. Таму эканамічныя адрозненні паміж сацыяльнымі слаямі насельніцтва тут меншыя, чым у краінах з прыкладна тым жа ўзроўнем эканамічнага развіцця. «Краіна, якая абараняе сваіх грамадзян ад калыскі да магілы», — так пра яе кажуць у свеце. Насамрэч, Швецыі ўдалося пракласці сваю сцежку паміж капіталізмам і сацыялізмам, як тут кажуць, знайсці сваю «залатую сярэдзіну».
Навучанне ў школах, гімназіях і вышэйшых навучальных установах у краіне бясплатнае. Студэнты атрымліваюць стыпендыі. Сістэма медыцынскага страхавання гарантуе практычна ўсім бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і датацыі на набыццё лекаў. Пры хваробе кампенсуецца страта даходаў (80% ад заработнай платы). Догляд састарэлых таксама ажыццяўляецца пераважна за кошт бюджэтных сродкаў. У Швецыі дзейнічае шырока развітая і фінансуемая за кошт бюджэтных сродкаў сістэма страхавання, якая ўступае ў сілу адразу пры з'яўленні ў сям'і дзіцяці, сістэма дапамог па беспрацоўі і сацыяльных дапамог, усеагульнае пенсійнае забеспячэнне. Моладзь мае права на атрыманне льготнага крэдыту і датацыі на аплату жылля. Дарэчы, працэнтная стаўка па крэдытах тут нізкая, таму крэдыты цалкам даступныя. Прыкладна палова сем'яў жыве ў асобных дамах. Праўда, шведы любяць паскардзіцца на падаткі — адны з самых высокіх у свеце. І тут яны недалёка ад ісціны. Але ж за шведскую мадэль сацыяльнага забеспячэння трэба «плаціць». Няўжо яна таго не вартая?
Надзея НІКАЛАЕВА.
Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/20-17.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/20-18.jpg
[7] https://zviazda.by/be/tags/shvecyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/vikingi
[9] https://zviazda.by/be/tags/vandrouki
[10] https://zviazda.by/be/tags/krainy