Юры Станкевіч не першы, хто ў сваёй творчасці натхніўся «Машынай часу» Герберта Уэлса, дзе гэтыя самыя марлокі ўпершыню з'явіліся. Зразумела, такое запазычанне ў літаратуры — з'ява вельмі распаўсюджаная і абсалютна нармальная, тым больш што ў гэтым выпадку аўтар робіць цікавы літаратурны ход: марлокі, героі рамана славутага англійскага пісьменніка, якія, паводле Уэлса, былі знойдзены Падарожнікам у часе ў 802 701 годзе, перакананы, што фантаст... Зрэшты, навошта забягаць наперад: чытач і сам зможа пра ўсё даведацца, прачытаўшы апавяданне. А таму, хто яшчэ не знаёмы з уэлсаўскай «Машынай часу», магчыма, пасля гэтага абавязкова захочацца ўзяць яе ў рукі.
Алесь Бадак
Вучыліся ў невялікім ангары, які быў прыстасаваны пад клас. Усё навучанне працягвалася каля года, пасля чаго дзеці разыходзіліся хто куды альбо паступалі ў распараджэнне дарослых.
Вучыў дзяцей Настаўнік — маленькі, чарнавокі, абсалютна лысы (амаль усе вучні, нягледзячы на ўзрост, таксама былі лысыя), але, як хадзілі чуткі, ён нарадзіўся з невялікім хвосцікам, што лічылася прыкметай высакароднасці. Яго так і звалі — Настаўнік.
Вось і цяпер ён зняў хітон, павесіў яго на вяшак і блізарука агледзеў клас.
— Вітаю вас, дзеці! — урэшце сказаў ён.
— І цябе вітаем, Настаўнік! — уразнабой адказалі яму.
— Сёння, — адразу прадоўжыў Настаўнік, — мы працягваем вывучаць тэму эвалюцыі праз гістарычныя артэфакты, якія часам знаходзяць вакол нас. Якраз год таму ў межах нашага Паселішча быў знойдзены кавалак тэксту з папірусу, які ў мінулым называлі кнігай. Такія кнігі, вядомыя як выключна шкодныя рэчы, мелі ўжытак прыкладна дзве тысячы год таму. Тэкст расшыфравалі. Дык што было абвешчана ў тым урыўку, які я зачытаў вам перадусім — гэта значыць, учора? Скажы ты, Міралюбій!
Са свайго месца за сталом, якім служыла доўгая пластыкавая дошка, узняўся лысы, з маленькай галавой, амаль без падбародка, нягеглы хлопчык.
— У тым урыўку гаварылася, — адказаў вучань па імені Міралюбій, — як да Сына Лены, які ў той час быў імператарам, прыехаў з далёкай краіны нейкі Гербіт Улс, які прывёз яму шкодную кнігу пад назвай «Машына часу».
— Гербет Улес, — паправіў Міралюбія нехта з вучняў.
— Правільна будзе Гербер Уэлес, — удакладніў Настаўнік. — І што далей?
— У той кнізе быў апісаны наш час, што, вядома, аказалася хлуснёй.
— Што, напрыклад? — спытаў Настаўнік. — Скажы ты, Джулія.
Лысенькая дзяўчынка з маленькай галоўкай і мініяцюрнымі вушкамі і носікам падхапілася са свайго месца.
— Там гаварылася пра нейкіх марлокаў, Настаўнік.
— Так. Сядай, Джулія. Хто раскажа мне ўвогуле пра той час? У якую яшчэ хлусню верылі старажытныя людзі? Можа, ты — Гламурый?
Бледны хлопчык узняўся з лаўкі і пачаў прамаўляць шчылінкай-ротам.
— Яны верылі, што Зямля круціцца вакол Сонца. Але ж дастаткова зірнуць на неба, каб упэўніцца ў адваротным. Яшчэ яны казалі, што наведвалі Месяц, а гэта немагчыма. Мяркую, яны трызнілі, бо ўдыхалі дым з папяровых трубачак, якія падпальвалі і трымалі ў роце.
— Так, добра. Пра што яшчэ манілі тыя старажытныя дзікуны, прывядзі прыклад ты — Епіфаній!
— Яны казалі пра надалоннікі, з якіх можна было перамаўляцца з дальніх кропак Зямлі, а таксама пра нейкае Сеціва, дзе быццам былі адказы на ўсе пытанні, што проста смешна.
— А ты — Патрыцыя?
— Што з дапамогай нейкіх «компаў» можна было за імгненне далічыць да трыльёна більёнаў!
— Ха-ха-ха! — засмяяліся ў класе.
— Што па Зямлі цяклі рэкі і на ёй існавалі азёры, у якіх плавалі рыбіны, а ў акіяне так званыя кіты, памерам з наш ангар.
— Ха-ха-ха!
— Настаўнік! Прашу слова!
З задняй лаўкі ўзняўся яшчэ адзін вучань. Ён быў вышэйшы ростам і з крыху большай галавой, чым у астатніх, цвёрда акрэсленым ротам і круглым падбародкам.
— Кажы, Гераклій! Хоць усе ведаюць, што ты фантазёр.
Вучань на імя Гераклій сказаў:
— Магчыма, усё гэта і так. Але ж мы адхіліліся ад тэмы. Герберт Уэлс прыехаў да Сына Лены і казаў яму пра будучыню, у якой трывала завядуцца нейкія марлокі. Але той аспрэчыў яго і паведаміў, што на Зямлі будзе валадарыць камунізм.
— Ты маеш на ўвазе Сына Лены, помнік якому, знойдзены ў закінутай шахце, стаіць цяпер на плошчы ў Паселішчы?
— Так. Ты зноў свядома адхіляешся, Настаўнік. У Паселішчы ходзіць пагалоска, што марлокі існуюць. Яны нападаюць у цемры, бо ім трэба біямаса, каб харчавацца. Чаму казаць пра гэта забаронена?
— І я чула пра гэта, і мне страшна, — захвалявалася дзяўчынка на імя Джулія. — Пачынаецца бура, цямнее, а нам трэба ў Вялікі Ангар.
— Лухта! — аспрэчыў, але неяк няўпэўнена, Настаўнік. — У нас сапраўды камунізм. Каб нехта краў у цемры людзей і сілкаваўся імі? Пад зямлёй жывуць антрапафагі? Прымхі! Вакол дастаткова ежы. Хіба не смачна есці смажаных пацукоў, сушаных дажджавых чарвякоў і конікаў, слімакоў альбо жамяру? Яе ж шмат навокал. Зірніце самі!
За адзіным мутным шклом ангара сапраўды істэрычна біліся і раіліся мухі. Бура насоўвалася.
— Я ўмею лічыць да ста, — гнуў сваё вучань на імя Гераклій. — Тыдзень таму нас у класе было трыццаць тры, а цяпер — трыццаць два. Дзяўчынку звалі Пенелопа, і яна ішла з заняткаў апошняй, як і ўсе, прышпіленая да каната страховачным тросікам. Я ішоў праз цёмны тунэль перад ёй. Яе тросік аказаўся абрэзаным. А Пенелопа знікла. Мы штодня ходзім адной дарогай. Я даведаўся, што з пачатку года ў класе было аж трыццаць пяць вучняў. Куды дзеліся трое?
— Годзе страшылак, Гераклій, — перапыніў яго Настаўнік. — Лічыць увогуле небяспечна. Ад гэтага хварэюць. Але ж цяпер нам усё роўна трэба закончыць урок, бо пачынаецца бура. Зараз мы апранаем хітоны, на галовы ахоўныя капюшоны і прышпільваемся да каната. Ты, Гераклій, здолееш весці групу?
— Так. Я буду ўвесь час трымацца за асноўны трос. Спраўлюся.
— Тады менавіта я пайду апошнім, — падагульніў Настаўнік. — Збірайцеся.
Праз якую хвіліну група выйшла з класа і накіравалася ў Вялікі Ангар. Вецер нёс ім насустрач дробны пясок і смецце са звалак. Жалобна выла і гудзела жамяра. Цемра імкліва насоўвалася, і неўзабаве група апынулася ў тунэлі, дзе ніхто ўжо не мог бачыць суседа.
Тым не менш дабраліся хутка. Група апынулася ў Вялікім Ангары, дзе павінна была вячэраць і спаць. Усе трыццаць два вучні былі на месцы — Гераклій у дзвярах па чарзе іх лічыў.
Але раптам ён стаў нязвыкла бледны з твару і нібы змярцвеў.
— Скажы, Гераклій, можна я заўтра ў класе сяду з табой побач? — між тым сарамяжліва кранула яго за руку Джулія.
Вучань па імені Гераклій зглынуў камяк у горле і схаваў за спіну абрэзак страховачнага тросіка на канцы каната.
— Мяркую, заўтра ўрокаў не будзе, — праз паўзу сказаў ён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ales-badak
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/yury-stankevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/mashyna-chasu
[7] https://zviazda.by/be/tags/gerbert-uels
[8] https://zviazda.by/be/tags/konkurs-apavyadannyau