«Гадзіннік!» — кідаю я дачцэ мяч. — «Фу-фу, неядомае, — адбіваецца яна. — А я табе за гэта кіну… ёгурт!» — «Дзякуй, смачна. Лаві… катлету!». Тут мяне нехта тузае за рукаў. «А можна з вамі?» — сарамліва пытаецца хлопчык гадоў 9–10. Праз пару хвілін далучаецца яго старэйшая сяброўка, і наша меню ядомага-неядомага істотна пашыраецца.
[3]Для мяне было адкрыццём, што многім сучасным дзецям сумна на вуліцы. Яны банальна не ведаюць, чым сябе заняць. У лепшым выпадку (неаднаразова ўбачана ў новабудоўлях) скачуць з нагамі па арэлях і горках, выклікаючы хвалю абурэння ў мам немаўлят. У горшым (падгледжана ў тыповым «спальным» раёне) — тыя ж арэлі, горкі, лаўкі, маладыя дрэўцы бязлітасна знішчаюць.
Нас, помніцца, з вуліцы дадому было не загнаць; цяпер жа, калі меркаваць па расказах некаторых знаёмых бацькоў і выхавацеляў, дзяцей на вуліцу з дома не выгнаць.
…Колькі радасці прыносілі не толькі нам з аднакласніцамі, а тысячам і мільёнам савецкіх дзяўчат звычайны шнур для бялізны з гумовымі ніткамі, цераз якія можна было скакаць так і гэтак, з паваротам і прытопамі, на вышыні ад ступні да падпахаў, ад аднаго да дзесяці і назад! Хто ж з дзяцей задумваўся, што гэтыя скокі яшчэ і карысныя для развіцця каардынацыі і агульнага тонусу? Нам проста было цікава, а бацькам — спакойна. А масавыя, ад 5 чалавек і больш, хованкі з «Тукі-тукі, кожны за сябе»? А гульня ў квача, яна ж — даганялкі, салкі і г. д. (як падлічылі аматары, у розных краінах былога СССР існавала каля 40 разнавіднасцяў і назваў гэтай гульні). А імклівыя «Выбівалы» ці «Алі-Баба», камандныя «Казакі-разбойнікі» і «Разблытай клубок», завадная «Гарачая бульба», у якія з аднолькавым імпэтам гулялі як хлопцы, так і дзяўчаты, сыходзячыся пад'езд на пад'езд! Куды зніклі гэтыя гульні, такія простыя і разам з тым захапляльныя, з нашых двароў?
Час ад часу на школьным стадыёне яшчэ сустракаюцца вулічныя футбольныя ці валейбольныя каманды, але гуляюць у іх у асноўным старэйшыя падлеткі. Гульні ў «Мора хвалюецца, раз» і «Я садоўнікам нарадзіўся» бачыла я, на жаль, толькі ў дзіцячых садках. А каб дзеці самі звязалі дзве скакалкі і зацягнулі ўсіх ахвотных пад якую-небудзь лічылку праскакаць на сусветны рэкорд — такое, мабыць, здольны арганізаваць толькі вопытныя настаўнікі фізкультуры дзе-небудзь у летніку. Дый тое ў добраахвотна-прымусовым парадку, пад незадаволеныя каментарыі і кіслыя міны падлеткаў: маўляў, навошта нам гэта ўсё?
І праўда, навошта? Можа, проста каб стаць бліжэйшымі адно аднаму? Але для гэтага трэба і нам, бацькам, не проста адвесці вочы ад манітораў, а выключыць іх і адкласці свае неадкладныя справы. Многім жа прасцей даць у рукі цацку, кніжку, планшэт (патрэбнае падкрэсліць) і адправіць: маўляў, сядзі чытай/ідзі гуляй/рабі што хочаш. Нам зручна, каб дзеці не перашкаджалі. А яны проста не ведаюць гэтых гульняў. І не даведаюцца, калі бацькі ўвесь час настолькі занятыя, што не знаходзяць часу нават на ціхія, агульнасямейныя гульні кшталту таго ж лато ці «Эрудыта», не кажучы ўжо пра гойсанкі з мячом на вуліцы. Лежачы на канапе, у лапту гуляць не навучыш. З каго ж тады спытаць за пустыя двары, спадарства?
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
P. S. А вы ў што гуляеце са сваімі дзецьмі і ўнукамі?
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/263.png
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[6] https://zviazda.by/be/tags/unuki
[7] https://zviazda.by/be/tags/gulni