Радыяцыйны маніторынг будзе ажыццяўляцца сумесна з гідраметэаралагічнай службай Расіі
Анамальная гарачыня гэтым летам стала самай працяглай за апошнія 25 гадоў, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.
Такога працяглага спякотнага перыяду, які адзначаецца сёлета, на тэрыторыі Беларусі не было з 1989 года, адзначыў спецыяліст. Кіраўнік службы гідраметэацэнтра паведаміў, што штогод на тэрыторыі краіны фіксуецца ў сярэднім 9-10 небяспечных кліматычных з'яў, прычым 80% з іх прыпадаюць на летні час. Больш за тое, паводле інфармацыі Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі і незалежных экспертаў, колькасць небяспечных з'яў у апошнія гады ва ўсім свеце істотна павялічылася і такая тэндэнцыя захоўваецца надалей.
Падобная сітуацыя, звязаная з ростам колькасці небяспечных з'яў (яна назіраецца ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі), тлумачыцца змяненнем клімату, прычынай чаго, на думку многіх навукоўцаў, з'яўляецца глабальнае пацяпленне. Раней на тэрыторыі рэспублікі спецыялісты вылучалі тры агракліматычныя зоны. А ў апошнія гады лічыцца, што паўночная зона разбурылася, а ў раёне Палесся пачала ўтварацца новая зона, якая характарызуецца кароткай працягласцю зім і большым перыядам вегетацыі.
Такім чынам, кіраўнікі гідраметцэнтра канстатуюць, што на тэрыторыю Беларусі зрушваецца клімат з поўдня і поўначы Украіны. Таму зімы ў нашай краіне сталі мякчэйшымі і менш снежнымі, скарачаецца вясновы сезон, а лета, наадварот, прыходзіць раней і надоўга.
--------
Сумесны радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя будуць праводзіць гідраметэаралагічныя службы Беларусі і Расіі. Першы намеснік начальніка Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Беларусі Марыя Гермянчук паведаміла аб распрацоўцы праграмы развіцця сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Цяпер гэты дакумент узгоднены зацікаўленымі міністэрствамі Беларусі і Расіі і вынесены на разгляд Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Спадарыня Гермянчук паведаміла, што значная частка працы ўдзельнікаў праграмы будзе прысвечана радыяцыйнаму маніторынгу навакольнага асяроддзя. Адной з найважнейшых задач гідраметэаслужбы Беларусі з'яўляецца правядзенне радыяцыйнага маніторынгу ў зоне будучай беларускай АЭС. Такога вопыту ў нашай краіне пакуль недастаткова, але ім валодаюць расійскія калегі, адзначыла спецыяліст. Больш за тое, цяпер мяркуецца ўдзел у маніторынгу БелАЭС адпаведных службаў сумежных краін — Літвы, Латвіі і Польшчы. Радыяцыйны маніторынг у гэтым рэгіёне становіцца
надзвычай важным для забеспячэння там стабільнасці.
Падчас рэалізацыі праграмы развіцця сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы плануецца больш актыўнае ўцягванне ў працу новых тэхналогій, выкарыстанне спадарожнікавай інфармацыі.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-rabau
[6] https://zviazda.by/be/tags/spyakota