На «Беларусь 2» прыйдуць новыя «Інтэрны»
Камедыйны серыял пра складаныя ўзаемаадносіны пацыентаў, урачоў і яшчэ не зусім урачоў — учарашніх выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў, якія трапляюць на «баявое хрышчэнне» да харызматычнага і дэспатычнага тэрапеўта Быкава, за тры гады пераўзышоў па рэйтынгах бадай усе расійскія сіткомы і заваяваў сэрцы мноства гледачоў: ад моладзі да пенсіянераў. І вось цяпер, без помпы і фанфар, стартуе чацвёрты сезон серыяла — з новымі і старымі героямі і сюжэтамі, узятымі, здаецца, проста з гісторый хвароб.
У доктара Быкава (Іван Ахлабысцін), які выпусціў у свет медыцыны некалькі урачоў — папярэдні набор інтэрнаў, з'явіліся новыя «падвопытныя» падначаленыя, набраныя па выніках своеасаблівага кастынгу на профпрыдатнасць: Аляксей Мальцаў, які прыехаў з Таржка ў Маскву набірацца вопыту, каб вярнуцца і ўзняць на новы ўзровень раённую бальніцу; залічаная па «блаце» пляменніца найлепшага сябра Быкава, доктара Купітмана, прыгажуня Сафія Калініна, якая старанна ўтойвае ўласную кемлівасць; і патомны ўрач Максім Карнееў, той яшчэ авантурыст і прыдумшчык. Кампанію ім складаюць добра знаёмая гледачам старшая медсястра Люба, а таксама маленькі сын Быкава і галоўурача бальніцы Настассі Кісягач, санітары, абслуговы персанал і, безумоўна, пацыенты — кожны са сваімі праблемамі і балячкамі.
Ці будзе гэта настолькі ж смешна, як у мінулых сезонах? Пачынаючы з 25 жніўня, паглядзім — штотыдзень з панядзелка па чацвер у вячэрнім эфіры (19.50), з наступным дзённым паўторам.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus-2
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-zaharava
[5] https://zviazda.by/be/tags/interny
[6] https://zviazda.by/be/tags/smeh