Новы выклік сусветнай бяспецы
[3]Апошнім часам у цэнтры ўвагі айчыннай інфармацыйнай прасторы знаходзіцца грамадзянскі канфлікт ва Украіне, і гэта натуральна. Між іншым, на Блізкім Усходзе сфарміравалася чарговая пагроза, якая нясе новыя выклікі бяспецы ўсяго свету, у тым ліку Беларусі.
Пагроза Штатам
10 чэрвеня 2014 года тэрарыстычная групоўка радыкальных сунітаў «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» (ІДЗІЛ), якая вядзе сваю дзейнасць яшчэ з сярэдзіны 2000-х гадоў, захапіла другі па велічыні горад Ірака — двухмільённы Масул і аб'яднала пад сваім кантролем шэраг рэгіёнаў, што юрыдычна адносяцца да Ірака і Сірыі. Ужо 29 чэрвеня на захопленых тэрыторыях была абвешчана ісламская тэакратычная дзяржава — халіфат; баевікі наладзілі выпуск уласных пашпартоў і аб'явілі аб намеры ў хуткім часе заняць Багдад. Тэрарысты працягваюць весці актыўныя баявыя дзеянні супраць урадавых войск і груповак «умеранай апазіцыі» ў Сірыі, іракскай арміі, амерыканскіх вайскоўцаў, прадстаўнікоў прыватных вайсковых кампаній, а таксама апалчэння аўтаноміі Іракскага Курдзістана. Супрацьстаянне ІДЗІЛ стала адным з пунктаў павесткі «перазагрузкі» ў стасунках паміж Злучанымі Штатамі і Іранам, які яшчэ не так даўно адназначна адносіўся амерыканскай адміністрацыяй да «ворагаў нацыянальнай бяспекі» з ліку краін «восі зла».
Правячыя колы ў Вашынгтоне добра ўсведамляюць небяспеку, што зыходзіць ад «Ісламскай дзяржавы», тым больш што баевікі сістэматычна нагадваюць амерыканскаму кіраўніцтву пра сваё існаванне. Некалькі дзён таму ісламісты апублікавалі відэастужку, дзе запісана пакаранне смерцю амерыканскага журналіста Джэймса Фоўлі, а 18 жніўня ў спецыяльным відэазвароце паабяцалі перанесці тэрарыстычную дзейнасць на тэрыторыю ЗША, каб «утапіць у крыві» ўсіх амерыканцаў.
Амбіцыі ІДЗІЛ: ад Блізкага Усходу да поўдня Еўропы і Азіі
Між тым у Іраку колькасць бежанцаў, якія ўцяклі «з-пад улады халіфа», вагаецца, па розных даных, ад 500 тысяч да мільёна чалавек, што ўжо дае падставы характарызаваць сітуацыю як гуманітарную катастрофу. Не дадае аптымізму і той факт, што тэрытарыяльныя амбіцыі «халіфата» выходзяць далёка за межы Ірака і Сірыі, дзе ІДЗІЛ з 2013 года бярэ актыўны ўдзел у грамадзянскай вайне супраць афіцыйнага ўрада і прэзідэнта Башара Асада.
У распаўсюджанай баевікамі карце да сферы ўплыву «Ісламскай дзяржавы» адносіцца не толькі Блізкі Усход, але нават Балканскі і Пірынейскі паўастравы, а таксама ўся тэрыторыя Паўднёва-Заходняй і Цэнтральнай Азіі. Па задуме «геапалітыкаў» з ІДЗІЛ, цэнтральнаазіяцкія краіны, у тым ліку дзяржавы — члены АДКБ (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан) павінны быць аб'яднаныя ў так званы Харасан — гістарычны рэгіён, што складаўся з частак тэрыторый сучасных Ірана, Таджыкістана, Афганістана, Узбекістана, Туркменістана. Не абмінаюць увагай баевікі і Расію, дзе ІДЗІЛ плануе засяродзіцца на «вызваленні» прававерных з-пад улады Крамля. Значную вагу ў групоўцы, што фактычна зараз выйшла на ўзровень штучнай дзяржаўнасці, маюць выхадцы з Паўночнага Каўказа, таму гэтыя пагрозы не здаюцца пустым гукам для расійскага кіраўніцтва.
Адкуль «растуць ногі» ў ісламскага тэрарызму?
Аналізуючы прычынна-выніковыя сувязі, што прывялі да сітуацыі, калі багаты Блізкі Усход фактычна стаў яшчэ адной «гарачай кропкай», рассаднікам тэрарызму і экстрэмізму ў свеце, трэба адзначыць, што зараз міжнародная супольнасць «збірае ўраджай» з таго «зерня», што было пасаджана спецыяльнымі службамі заходніх краін (найперш Вялікабрытаніі і ЗША) яшчэ ў 70—80-я гады мінулага стагоддзя.
У барацьбе з савецкім уплывам, а затым і са свецкімі рэжымамі на Блізкім Усходзе, англаамерыканцы абапіраліся на персідскія манархіі, Пакістан і, вядома, на ісламскіх экстрэмістаў. Галоўнымі мэтамі ЗША было атрыманне кантролю над нафтавымі рэсурсамі Персідскага заліва, ліквідацыя рэжымаў арабскага нацыяналізму, паражэнне СССР у Афганістане і наогул у «халоднай вайне». Вядомы эксперт па пытаннях Блізкага Усходу, галоўны рэдактар Radіo France Іnternatіonale Рычард Лабев'ер у сваёй кнізе «Долары тэрору: Злучаныя Штаты Амерыкі і ісламісты» прыходзіць да высновы, што для стварэння процівагі арабскім лідарам кшталту Абдэля Насера, Муамара Кадафі, Садама Хусэйна, а пазней і Башара Асада, якія прытрымліваліся адносна свецкага «арабскага нацыяналізму», спецыяльныя службы ЗША разам з кіраўніцтвам Саудаўскай Аравіі прынялі ўдзел у фінансаванні і развіцці трансарабскіх радыкальных структур. Ідэалогія апошніх адмаўляе нацыянальную ідэю, якая аб'яўляецца вынаходніцтвам «няверных» з мэтай раскалоць «мусульманскі свет».
Падаецца, што нізлажэнне, а пасля і фізічная ліквідацыя арабскіх лідараў праводзіліся з мэтай забеспячэння кантролю заходняга капіталу над нафтавымі рэсурсамі краін Блізкага Усходу. Гэтую пазіцыю пацвярджае ў сваёй рабоце і Рычард Лабев'ер, які прыйшоў да высновы, што «транснацыянальная тэрарыстычная сетка, у стварэнні якой прынялі ўдзел ЗША і Саудаўская Аравія, з'яўляецца адным з асноўных інструментаў глабалізацыі, эканамічных і сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў, што фарміруюць новы сусветны парадак, у аснове якога застаецца глабальная гегемонія ЗША».
Між іншым, у глабальнай палітыцы не заўжды рэалізуюцца задумы тэхнолагаў і спецыялістаў розных закрытых арганізацый. Гэтаксама і на Блізкім Усходзе сумнавядомая «арабская вясна» ды іншыя «народныя рэвалюцыі», дзе амерыканцам з дапамогай ісламістаў удалося зрынуць доўгатэрміновыя свецкія арабскія рэжымы, не прывялі да чаканага кантролю заходніх кампаній над нафтавымі радовішчамі. Па-першае, абвастрыліся супярэчнасці паміж сучаснай амерыканскай адміністрацыяй і іх нядаўнімі хаўруснікамі з Саудаўскай Аравіі; па-другое, ісламісты хутка выйшлі з-пад уплыву сваіх стваральнікаў. А можа, і само «шэфства» было хіба амерыканскай ілюзіяй і заставалася актуальным, пакуль быў агульны вораг? Напрыклад, тая ж групоўка ІДЗІЛ, што яшчэ ў 2013 годзе карысталася падтрымкай амерыканцаў, калі вяла вайну «за дэмакратыю і свабоду супраць крывавага рэжыму Башара Асада» ў Сірыі, зараз стварае небяспеку нафтавым інтарэсам ЗША ў рэгіёне. Баевікі ўжо захапілі частку сірыйскай нафтаздабычы, а з Ірака кампаніі «Brіtіsh Petrolіum» і «Exxon Mobіl» былі вымушаны эвакуіраваць сваіх супрацоўнікаў з ліку грамадзян заходніх краін.
Гэта значыць, «міжнародны ісламскі тэрарызм» у яго сучаснай версіі з'яўляецца «нечаканым дзіцем» знешняй палітыкі ЗША, якое зараз «падрасло» і пагражае сваім заакіянскім бацькам.
Як рэагаваць Беларусі на новыя выклікі?
Цікавым у гэтай сувязі выглядае папярэджанне-прагноз Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ на пачатку 2011 года ў інтэрв'ю ўплывоваму амерыканскаму выданню — газеце «The Washіngton Post» — ён адзначаў, што амерыканцы абавязкова панясуць адказнасць за наўмысную «дэстабілізацыю арабскай дугі».
Асноўваючыся на гэтых пазіцыях, можна лічыць, што нашай краіне неабходна па меры магчымасцяў рыхтавацца да новых выклікаў. Будучы сярэдняй па памерах, адносна ўстойлівай еўрапейскай дзяржавай, Беларусь не стварае пагрозы для бяспекі суседніх краін. Аднак наша краіна вымушана рэагаваць і працаваць з тымі канфліктнымі сітуацыямі, што ўзнікаюць у выніку цынічнай палітыкі буйных актараў.
Зыходзячы з чарговага абвастрэння на Блізкім Усходзе, Беларусі неабходна прыкласці ўсе магчымыя намаганні ў межах АДКБ і дапамагчы ўзброеным сілам, пагранічным структурам, праваахоўным органам нашых саюзнікаў у Цэнтральнай Азіі. З улікам адсутнасці памежнага і мытнага кантролю на дзяржаўнай мяжы з Расіяй, неабходна яшчэ раз правесці дадатковую рэвізію сістэмы нацыянальнай бяспекі. У сувязі са з'яўленнем новых патэнцыяльных выклікаў — прыняць патрэбныя меры па карэкціроўцы працы адпаведных структур — у прыватнасці, падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў. Немалаважным таксама з'яўляецца і працяг традыцыйнай палітыкі, накіраванай на падтрыманне міжканфесійнага і міжэтнічнага міру, нацыянальнага адзінства ў беларускім грамадстве.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/palityka-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/04/шпаковский.png
[4] https://zviazda.by/be/tags/irak
[5] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka
[6] https://zviazda.by/be/tags/islam
[7] https://zviazda.by/be/tags/shpakouski