Улады Ісландыі эвакуіравалі людзей з зоны, якая падвяргаецца рызыцы ў сувязі з магчымасцю вывяржэння вулкана Бардарбунга.
Яшчэ 19 жніўня ў паўночнай частцы нацыянальнага парку Ватнаёкюдль знаходзіліся больш за 200 турыстаў, аднак іх арганізавана эвакуіравалі з раскіданых па тэрыторыі парку гасцявых домікаў. Эксперты асцерагаюцца, што значныя тэрыторыі могуць аказацца ў небяспечнай зоне. За мінулую ноч у раёне было зарэгістравана больш за 300 падземных штуршкоў. Ачагі землятрусаў, як і ў папярэднія некалькі дзён, залягалі на глыбіні 5-10 км. 18 жніўня метэаралагічная служба Ісландыі абвясціла аранжавы (трэці з чатырох) узровень пагрозы вывяржэння. Апошні, чырвоны, узровень трывогі абвяшчаецца, калі вывяржэнне непазбежна, як правіла, за некалькі гадзін да яго пачатку. Папярэджанне перш за ўсё адносіцца да грамадзянскіх авіякампаній, якія выконваюць палёты над Ісландыяй. Бо ў выпадку вывяржэння ў паветра падымецца воблака вулканічнага попелу, які можа пашкодзіць рухавікі самалётаў. Апошняе вывяржэнне Бардарбунга адбылося ў 1910 годзе.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/naviny-u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/islandyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vulkan