Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Аляксандр РАДЗЬКОЎ сустрэўся з актывам лунінецкай арганізацыі. Да гэтага ў галаўны офіс прыязджалі госці са Слуцка, Рэчыцы, Гродна…
Мэта такіх сустрэч — пазнаёміць удзельнікаў аб'яднання з працай рэспубліканскага савета «Белай Русі», даведацца пра работу арганізацыі ў раёнах і гарадах.
Адна з асноўных задач, якую выконваюць члены «Белай Русі», — дапамога людзям: малазабяспечаным сем'ям, дзецям-сіротам, таленавітай моладзі, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам… У рэгіёнах актывісты «Белай Русі» рэалізуюць і свае праекты. Людміла КАЗАДАЕВА, старшыня Лунінецкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», расказала пра штогадовую акцыю «Чысты бераг», калі раку Прыпяць ачышчаюць ад смецця.
— Гэта і цікава, і карысна, — упэўнена Людміла Казадаева.
Так, напярэдадні Дня горада — сёлета Лунінцу споўнілася 565 гадоў — актывісты з аднайменнай чыгуначнай станцыі і каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці прыбралі бераг Прыпяці, размешчаны на тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Сярэдняя Прыпяць».
Яшчэ адна акцыя, якая праводзіцца ў Лунінецкім раёне штогод, — «Збяры дзіця ў школу». Яна накіравана, перш за ўсё, на дзетак з малазабяспечаных сем'яў. Аляксандр Радзькоў, у сваю чаргу, заўважыў, што асабліва важна перад новым навучальным годам паклапаціцца пра бяспеку дзяцей на дарогах. Выступаючы перад гасцямі, кіраўнік арганізацыі звярнуў увагу і на праблемы міжнароднага маштабу. Ён падкрэсліў, што сёння проста неабходна быць разам.
— Зараз, як ніколі, мы гэта адчуваем. Таму што, як толькі ўбіваюць клін у адзінства, пачынаюцца праблемы. Прычым праблемы не толькі эканамічныя і палітычныя, не кажу ўжо пра ідэалагічныя, а праблемы ваенныя. Паглядзіце, як сёння цяжка Украіне… А чаму? Таму што не змагло кіраўніцтва, не змагла грамадзянская супольнасць дабіцца адзінства. Прэзідэнт мае рацыю: у адзінстве наша сіла.
Лунінецкая раённая арганізацыя «Белая Русь» налічвае больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў, аб'яднаных у 89 «пярвічак».
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-radzkou-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/administracyya-prezidenta-respubliki-belarus-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaya-rus-0