Людзі з інваліднасцю павінны мець выбар: дзе і як жыць
Самы распаўсюджаны страх бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, — што пасля іх смерці яно апынецца ў доме-інтэрнаце. Наколькі гэта правамерна? І чаму жыць у інтэрнаце горш, чым дома? Наіўныя, здавалася б, пытанні. І тым не менш, давайце паспрабуем на іх адказаць.
Жыццё па раскладзе
Па вялікім рахунку, інтэрнат — гэта такая крайняя мера ў сэнсе клопату дзяржавы пра чалавека, які мае спецыфічныя патрэбы і неабходнасць у дапамозе, каб выжыць. Там чалавек з інваліднасцю атрымлівае ўвесь комплекс неабходных яму паслуг, фактычна жыве на ўсім гатовым. Але жыццё ў інтэрнаце — гэта заўсёды вымушаная мера. Так, ёсць пэўная катэгорыя людзей, якія не выжывуць дома. У большасці выпадкаў гэта адзінокія пажылыя людзі, якія пражываюць у вёсцы. Зімой без старонняй дапамогі яны могуць памерці ад холаду і голаду. Тут інтэрнат, па сутнасці, выконвае функцыю хоспіса. Тое ж самае тычыцца людзей у цяжкім стане, якім прадпісаны пасцельны рэжым і якія патрабуюць увагі з боку медыцынскага персаналу, пастаяннага лячэння, догляду, рэабілітацыі.
Бывалі выпадкі, калі некаторыя маладыя людзі з інваліднасцю бачылі ў інтэрнаце магчымасць паляпшэння сваіх жыццёвых умоў. Таму што ў некаторых з іх умовы, у якіх яны жылі дома, былі значна горшымі. Яны вялі жабрацкі лад жыцця, жывучы са сваякамі-алкаголікамі, і інтэрнат для іх быў гарантыяй прытулку і ежы. Але, тым не менш, і яны не хацелі б працягваць жыць у інтэрнаце — калі б у іх быў выбар, таму што жыццё ў ім паўнавартасным не назавеш.
— Знаходжанне ў інтэрнаце звязана з некаторымі праблемнымі пытаннямі, — падзяліўся неяк думкамі загадчык аддзялення Кобрынскага псіханеў-
ралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Павел Руткоўскі. — Напрыклад, гэта адсутнасць індывідуальнага падыходу. На жаль, на практыцы немагчыма ўлічыць усе патрэбы чалавека, які паступае ў інтэрнат, хоць бы таму, што забяспечанасць персаналам не надта высокая. У нас, напрыклад, адна санітарка абслугоўвае 20–25 чалавек. Пад'ём, адпачынак, нават прыёмы ежы — усё распісана! Падапечным няма магчымасці паесці ў іншы час, таму што харчаблок працуе па раскладзе для кожнай групы. За іх вырашаюць, што яны будуць есці, — дыеты распрацоўвае персанал. Дарэчы, на кожнага падапечнага прыходзіцца па сем квадратных метраў жылой плошчы. Забеспячэнне (пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў) мэбляй робіцца з разліку адзін ложак, адна тумбачка, адно крэсла на аднаго чалавека, адна шафа, адзін стол — на адно жылое памяшканне…
Наколькі можна ўдасканаліць інтэрнат? «Ужо ёсць навуковыя абгрунтаванні таго, што інтэрнат у прынцыпе немагчыма ўдасканаліць да такой ступені, каб умовы там сталі параўнальнымі з умовамі звычайнага незалежнага пражывання, — кажа эксперт-кансультант кампаніі «Уключэнне людзей з інваліднасцю ў мясцовую супольнасць» Сяргей Драздоўскі. — Тут не дапамогуць ні ўкладанні сродкаў, ні асаблівыя ўмовы. Гэта не атрымалася ні ў каго». У Беларусі Офіс па правах людзей з інваліднасцю вядзе адпаведную кампанію ўжо на працягу года і хацеў бы вывесці гэтую праблему на ўзровень грамадскай дыскусіі.
«Здаць у інтэрнат» і спаць спакойна?
Наяўнасць дамоў-інтэрнатаў супакойвае ўсіх нас, лічыць Сяргей Драздоўскі. Ёсць інтэрнаты, там людзі знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, значыць, з імі ўсё нармальна, мы за іх спакойныя — такая абывацельская пазіцыя.
«Здаць у інтэрнат» стала сёння ўніверсальным вырашэннем усіх праблем, калі ў сям'і ёсць сваяк са значнай ступенню абмежавання самаабслугоўвання. Вядома, догляд такіх людзей у хатніх умовах можа быць цяжкім альбо наогул немагчымым. Таму сваякі, якія не хочуць ці не могуць браць на сябе гэты клопат, змяшчаюць хворых у стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання. З гэтай прычыны ў дамах-інтэрнатах апынуліся 77% інвалідаў. Астатнія 23% людзей з інваліднасцю не маюць сям'і, сваякоў альбо ўсё жыццё пражываюць у дамах-інтэрнатах, таму што з'яўляюцца сіротамі.
— Але магчымасць адправіць сваяка ў інтэрнат — міна запаволенага дзеяння, якая спрацоўвае жахлівым чынам, — упэўнены Сяргей Драздоўскі. — Бо часам прычынай змяшчэння чалавека ў інтэрнат з'яўляецца кватэрнае пытанне. Сем'і такім чынам вырашаюць праблему з жыллём. А значыць, гэтая амаральнасць паводзін ускосна падтрымліваецца намі ўсімі…
Дзяржава выдаткоўвае гіганцкія сродкі на ўтрыманне дамоў-інтэрнатаў — яна таксама павінна быць зацікаўлена ў тым, каб людзі радзей траплялі ў інтэрнат. І ўжо ёсць прыклады арганізацыі суправаджальнага пражывання для людзей з інваліднасцю. Пры гэтым чалавек жыве ў грамадстве пры пастаянным суправаджэнні спецыялістаў, перш за ўсё сацыяльных работнікаў, вядзе паўнавартаснае жыццё, працуе і прымае ўдзел у жыцці грамадства. Гэта такі мяккі від пераходу ад пражывання ў інтэрнаце да незалежнага пражывання. Ёсць у нашай краіне і спробы стварэння незалежнага пражывання на мясцовым узроўні. І ўжо ёсць прыклады, калі людзі пакідаюць інтэрнаты — прычым як агульнага тыпу, так і псіханеўралагічнага профілю. Інакш кажучы, інтэрнат — гэта не абавязкова назаўжды.
***
Вядома, для паспяховага самастойнага жыцця людзей з інваліднасцю патрабуецца трансфармацыя многіх працэсаў. Гэта і стварэнне дастатковага сацыяльнага абслугоўвання на мясцовым узроўні, здольнага гарантаваць незалежнае пражыванне людзей з рознымі формамі інваліднасці, і даступны асяродак, і многае іншае. Праблемных момантаў шмат. Напрыклад, у краіне сёння 73 інтэрнаты, размешчаныя пераважна ў сельскай мясцовасці. Калі пачаць іх закрываць — куды зможа працаўладкавацца іх персанал? Гэта ж тысячы людзей — значыць, трэба ствараць альтэрнатыўныя працоўныя месцы для таго, каб гэтыя людзі не засталіся без працы. Тым не менш, такія досыць складаныя і аб'ёмныя задачы можна паэтапна вырашаць, упэўнены наш эксперт. Ва ўсякім выпадку, у іншых краінах гэта атрымалася. Добраўпарадкаванне сацыяльнай прасторы, пры якім людзі з любымі формамі парушэнняў самаабслугоўвання змогуць жыць дома, не азначае, што патрэба ў інтэрнатах цалкам адпадзе. Але ў многіх людзей з інваліднасцю з'явіцца выбар, дзе і як ім жыць.
Сёння ў Беларусі функцыянуюць 73 стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання: 44 псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты, 20 — для састарэлых і інвалідаў і 9 — для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, у якіх пражываюць 17,3 тыс. чалавек.
Святлана Бусько.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko-1