Паважаная рэдакцыя! Былыя выпускнікі, бацькі і вучні ДУА «Дараганаўскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа» занепакоены сітуацыяй, якая склалася на сёння з нашай любімай школай. Хутка пачатак навучальнага года, але яшчэ незразумела, хто будзе ўзначальваць калектыў. Як нам стала вядома, з цяперашнім дырэктарам С. М. Струпінскім, які больш за 20 гадоў кіраваў школай і зрабіў яе адной з лепшых у раёне, не збіраюцца працягваць кантракт. Хоць ён і пенсіянер, але знаходзіцца на сваім месцы, і такімі кадрамі раскідвацца не варта. Зразумела, у кожным калектыве ёсць незадаволеныя. Але гэта тыя, хто не ўмее ці не хоча працаваць і таму піша розныя кляўзы. Як мяркуюць многія, прычына скасавання кантракта — менавіта гэтыя скаргі. Просім, нарэшце, спыніць усялякія чуткі.
Мікалай Тамашоў, Асіповіцкі раён.
У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама, куды «Звязда» звярнулася, каб высветліць сітуацыю, здзівіліся таму, што членам педагагічнага калектыву невядома, што з 1 верасня ў іх будзе новы кіраўнік, паколькі дырэктарам школ, з якімі не будзе прадоўжаны кантракт на наступны навучальны год (а такіх у раёне чатыры), паведамілі пра гэта яшчэ 1 ліпеня.
У афіцыйным лісце, які мы атрымалі з райвыканкама, паведамляецца: «Тэрмін дзеяння працоўнага кантракта, заключанага паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама і Струпінскім С.М., заканчваецца 31 жніўня 2014 года. У сувязі з паступіўшай заявай ад Струпінскага С.М. з просьбай аб звальненні яго з пасады дырэктара і завяршэннем тэрміну працоўнага дагавора працоўныя адносіны з ім будуць спынены 31 жніўня 2014 года.
На пасаду дырэктара з 1 верасня 2014 года будзе прызначана Сяргейчык Ірына Мікалаеўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Дараганаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад—сярэдняя школа».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kampetentna
[2] https://zviazda.by/be/pytanne-adkaz
[3] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-tamashou