...у 20-й мінскай гімназіі выхоўваць будучых педагогаў пачнуць яшчэ за школьнай партай
Цікава, калі б абітурыентам педагагічнага ўніверсітэта прапанавалі напісаць сачыненне на тэму «Чаму я абраў педагогіку?», што б яны напісалі? А чаму б і сапраўды не ўвесці такое сачыненне пры залічэнні на педагагічныя спецыяльнасці? Калі б яшчэ на ўваходзе ў педагагічную ВНУ ўчарашніх школьнікаў прымусілі задумацца: а ці свой шлях у жыцці яны абралі? — магчыма, у педагогіцы было б менш выпадковых людзей. Яшчэ старажытныя грэкі казалі: «Калі кравец дрэнны — то людзі будуць проста дрэнна апранутыя, але калі ў грамадстве будзе дрэнны настаўнік — то вырастуць пакаленні неадукаваных і нявыхаваных людзей». Аднак ці можа «выпадковы» настаўнік выхаваць адукаваную асобу? Пытанне з шэрагу рытарычных…
14
У дзесяцікласнікаў 20‑й сталічнай гімназіі будзе як мінімум два гады, каб зразумець, ці можа педагогіка стаць іх прызваннем. Менавіта ў гэтай навучальнай установе Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт адраджае профільныя педагагічныя класы…
Выступаючы напярэдадні новага навучальнага года перад педагагічнай грамадскасцю сталіцы, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч з сумам канстатаваў, што сталічныя ўстановы адукацыі не займаюцца ўзнаўленнем кадраў. Настаўнікі не думаюць над тым, хто прыйдзе ім на змену. А гэта вялікі грэх, калі настаўнік не арыентуе, не агітуе сваіх вучняў за прафесію педагога. Задача настаўніка — вырасціць другога настаўніка.
Прынамсі, у 20‑й мінскай гімназіі сёння працуюць 10 педагогаў, якія раней скончылі гэтую навучальную ўстанову. Справа ў тым, што ў 1990‑я гады ў 176‑й мінскай школе (якая пазней была пераўтворана ў 20‑ю гімназію) ужо дзейнічалі фізіка-матэматычныя і філалагічныя педагагічныя класы. І сёння іх выпускнікі працуюць у роднай школе, але ўжо ў якасці педагогаў. Дырэктар гімназіі Леанід Абрамаў узначальвае гэту ўстанову 25 гадоў, і зусім не дзіўна, што менавіта яму даверылі важную місію — адрадзіць у школах профільныя педагагічныя класы і супрацоўніцтва з БДПУ. Пра тое, якая ўвага надаецца гэтай падзеі, можна было зразумець па колькасці высокапастаўленых асоб з Міністэрства адукацыі і Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, якія прыйшлі ў апошнюю жнівеньскую суботу на сустрэчу з вучнямі педагагічных класаў. Ну і, зразумела, не маглі прапусціць гэтае свята дэканы факультэтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта на чале з яго рэктарам Аляксандрам Жуком. Больш за тое, у 20‑й гімназіі высадзіўся сапраўдны дэсант — з самых таленавітых і знаходлівых студэнтаў БДПУ, якія паспрабавалі даказаць школьнікам на ўласным прыкладзе, якім разнастайным і цікавым можа быць ва ўніверсітэце жыццё па-за вучэбнымі заняткамі: яны спявалі, танцавалі і жартавалі са сцэны.
2
—Настаўнік. Што стаіць за гэтым словам? — звярнуўся да дзесяцікласнікаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка, прафесар Аляксандр ЖУК. — Гэта і выдатны псіхолаг, і выбітны паэт, і вялікі акцёр, але, самае галоўнае, незаменны памочнік у жыцці і сапраўдны сябар. Ва ўсе часы настаўнікі былі носьбітамі высокай маральнасці, культуры і адданасці сваёй справе. Настаўнік увасабляў сабой мудрасць, бескарыслівасць і вернасць доўгу. Раней перад настаўнікам здымалі капялюш. Але ў апошнія гады ён перастаў быць героем кніг і телеперадач. Не магу прыгадаць нашумелага кінафільма, буйной мастацкай выставы, серыі артыкулаў у цэнтральнай прэсе або шырока разрэкламаванага ток-шоу, дзе б галоўным героем стаў менавіта настаўнік.
—Арыентацыя на прафесію настаўніка — задача нумар адзін для ўсіх педагагічных калектываў і для нашых універсітэтаў, якія рыхтуюць кадры для навучальных устаноў. Першым на шлях адраджэння профільных педагагічных класаў стаў Мінск. Але, хачу запэўніць, што гэта не разавая акцыя, а, хутчэй, першая ластаўка, — падкрэсліў у сваёй прамове намеснік міністра адукацыі Васіль БУДКЕВІЧ. — Няма нічога лепшага для настаўніка, калі яго вучні пойдуць па яго слядах.
На базе 20‑й гімназіі былі створаны чатыры педагагічныя класы фізіка-матэматычнага і філалагічнага профіляў для 104 вучняў. На працягу двух гадоў побач з настаўнікамі гімназіі заўсёды будуць прысутнічаць і выкладчыкі БДПУ. Яны будуць выкладаць гімназістам асобныя тэмы на паглыбленым узроўні, праводзіць факультатыўныя заняткі, рыхтаваць гімназістаў да ўдзелу ў алімпіядах, турнірах, конкурсах навукова-даследчых работ. З'явяцца школы юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў. Акрамя таго, выкладчыкі ўніверсітэта пазнаёмяць гімназістаў з асновамі педагогікі і псіхалогіі, дапамогуць ім выявіць і развіць іх здольнасці, і бадай што самае галоўнае — абудзіць інтарэс да прафесіі педагога.
— Два гады вашага жыцця будуць напоўнены самымі яскравымі падзеямі, — паабяцаў Аляксандр Жук. — Запрашаем вас у БДПУ — вышэйшую навучальную ўстанову са 100‑гадовымі традыцыямі!
3
Вы таксама можаце далучацца да мерапрыемстваў, прысвечаных нашаму юбілею. Ва ўніверсітэце аб'яўлены конкурс на лепшы відэаролік пра настаўніка працягласцю ад 30 секунд да 5 хвілін. Прыдумайце арыгінальны сюжэт. Можна далучыцца і да конкурсу на лепшы слоган, прысвечаны 100‑годдзю ўніверсітэта, або на лепшае сачыненне пра настаўніка. Аўтары лепшых творчых работ атрымаюць ноўтбукі і планшэты. Спадзяюся, што праз два гады вы не расчаруецеся ў здзейсненым выбары і пойдзеце далей — станеце нашымі студэнтамі!
Аляксандр Жук уручыў усім вучням профільных класаў і іх педагогам унікальнае выданне — кнігу «Педагогіка ў афарызмах і выслоўях». І патлумачыў: «Вы не знойдзеце яе ў кнігарнях. Аўтары гэтай кнігі — прадстаўнікі педагагічнай дынастыі. Бацька і сын: прафесар БДПУ Віктар Уладзіміравіч Чэчат і дацэнт БДУ Чэчат Віктар Віктаравіч».
Рэктар педагагічнага ўніверсітэта падзяліўся таксама і планамі на будучыню. Расказаў, што на базе ўніверсітэта будзе дзейнічаць рэспубліканская вочна-завочная гімназія, куды запросяць самых матываваных вучняў, якія цікавяцца педагагічнай прафесіяй: ім на асенніх, зімовых і вясенніх канікулах пачытаюць лекцыі па педагогіцы, псіхалогіі, сацыяльнай рабоце, раскажуць пра прамудрасці і нюансы педагагічнай прафесіі. Магчыма, адкрыецца і ўстанова дашкольнай адукацыі, дзе выхавальнікамі і псіхолагамі змогуць працаваць студэнты ўніверсітэта. Так што сістэма бесперапыннай адукацыі будзе рэалізоўвацца на практыцы. А ў перспектыве кожны рэгіянальны ўніверсітэт пачне ствараць педагагічныя класы, а потым і педагагічныя гімназіі.
Дырэктар 20‑й гімназіі Леанід Абрамаў, які, між іншым, таксама не застаўся без падарункаў і стаў першым уладальнікам кепкі і майкі з сімволікай «100 гадоў БДПУ», вельмі трапна заў-
важыў:
—Калі моладзь стаіць на парозе жыцця, яшчэ рана гучаць фанфарам. Маладым людзям яшчэ трэба будзе вызначыцца з жыццёвым шляхам, атрымаць якасную і годную адукацыю. Безумоўна, хочацца, каб гэта была педагагічная адукацыя… Але я вельмі жадаю вам усім пачуць гэтыя фанфары, калі вы станеце Настаўнікамі з вялікай літары.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Будзь у курсе!
У Міністэрстве адукацыі разглядаецца магчымасць прадаставіць права паступлення без экзаменаў на педагагічныя спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю таксама пераможцам другога тура рэспубліканскіх школьных алімпіяд па гэтых прадметах. Нагадаем, што ў гэтым годзе магчымасць паступаць без экзаменаў мелі школьныя медалісты, уладальнікі дыпломаў з адзнакай ССНУ і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, а таксама пераможцы трэцяга, абласнога, тура рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/141.png
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/22.png
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/31.png
[6] https://zviazda.by/be/tags/nastaunik
[7] https://zviazda.by/be/tags/shkola