Аналітычная група Беларусбанка адзначае сёлета зніжэнне попыту насельніцтва на жыллёвыя крэдыты (на агульных падставах), што абумоўлена высокімі працэнтнымі стаўкамі па такіх крэдытах.
Тут трэба нагадаць, што ў агульным аб'ёме выдадзеных сёлета насельніцтву крэдытаў на фінансаванне нерухомасці з улікам ільготных крэдытаў удзельная вага Беларусбанка ў банкаўскай сістэме краіны склала 85%, на рынку камерцыйнага крэдытавання — больш за 25%.
Крэдыты на будаўніцтва жылля на ўмовах, вызначаных банкам, заўсёды былі запатрабаваны насельніцтвам. На працягу некалькіх гадоў назіраўся ўстойлівы рост выдачы такіх пазык. Так, у 2012 годзе крэдытамі на нерухомасць скарысталіся больш за 8 тысяч крэдытаатрымальнікаў, у 2013 — амаль 13 тысяч. А вось сёлета па падобнай лініі фінансавання назіраецца ўжо адмоўная дынаміка, бо не ўсім кліентам такія крэдыты сталі даступнымі. Справа ў тым, што, згодна з дзеючым заканадаўствам, банкі маюць права самастойна вызначаць умовы прадастаўлення крэдытаў фізічным асобам, у тым ліку стаўку па крэдыце і яго максімальны памер.
Беларусбанк фінансуе да 75% кошту будаўніцтва жылога памяшкання. Гэты паказчык вызначаны з улікам патрабавання дзяржаўнай жыллёвай палітыкі, якой прадугледжана павелічэнне долі ўдзелу уласных сродкаў грамадзян не менш як да 50% ад кошту будаўніцтва жылля, што пацвярджае плацежаздольнасць і рэальныя фінансавыя магчымасці крэдытаатрымальніка.
З пачатку года буйнейшым банкам краіны на 3,5 працэнтнага пункта зніжана стаўка па крэдыце на фінансаванне нерухомасці, што абумоўлена зніжэннем стаўкі рэфінансавання Нацбанка Беларусі і кошту рэсурсаў, што прыцягваюцца Беларусбанкам, а таксама кан'юнктурай рынку і сацыяльнай накіраванасцю асобных відаў крэдытаў.
У прэс-службе Беларусбанка нам паведамілі, што цяпер крэдыты на фінансаванне нерухомасці выдаюцца людзям пад 35% гадавых. Стабільная эканамічная сітуацыя, узважаная грашова-крэдытная палітыка, якая праводзіцца Нацыянальным банкам, і запаволенне тэмпаў росту ўзроўню інфляцыі ствараюць перадумовы для зніжэння працэнтных ставак, упэўнены ў Беларусбанку.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarusbank
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/kredyty