«Беларуснафта» будзе шукаць «чорнае золата» ў сельве Амазонкі
У бліжэйшыя два месяцы «Беларуснафта» атрымае новы кантракт у Эквадоры. Як паведамляе прэс-служба прадпрыемства, пасля некалькіх раўндаў перамоў у канцы мінулага месяца ў Кіта было падпісана «Пагадненне аб тэхніка-эканамічных умовах геолагаразведкі і распрацоўкі блока №28». Апошняе было дасягнута паміж прадстаўнікамі альянсу «Беларуснафта» — Реtrоаmаzоnаs — ЕNАР з аднаго боку і сакратарыятам па вуглевадародах Міністэрства па неаднаўляльных прыродных рэсурсах Эквадора з другога.
Падпісанае пагадненне стала апошнім крокам на шляху да заключэння кантракта па геолагаразведцы і распрацоўцы блока №28. У бліжэйшыя два месяцы будуць разгледжаны ўсе яго аспекты: ад юрыдычнага складніка да дэталёвых тэхнічных і эканамічных дадаткаў.
Праект па геолагаразведцы і распрацоўцы блока №28 аб'яднанне «Беларуснафта» рэалізуе разам з эквадорскай кампаніяй Реtrоаmаzоnаs і чылійскай ЕNАР. Альянс быў створаны ў ліпені мінулага года. Праз некалькі месяцаў, у лістападзе, ён прыняў удзел у адзінаццатым раўндзе дзяржаўнага тэндара Эквадора на атрыманне ліцэнзіі на распрацоўку нафтавага радовішча. Тады на таргі былі выстаўлены чатыры нафтаздабываючыя блокі. Беларуска-эквадорска-чылійскі саюз аформіў заяўку на распрацоўку аднаго з іх — блока №28. Гэтая тэрыторыя прылягае да горнага ланцугу Анд. Агульная плошча блока — 1879 кв.км. Структуры, выяўленыя на яго тэрыторыі, уяўляюць вялікую цікавасць для геолагаў. Аднак праца тут ускладнена тым, што блок №28 размешчаны ў цяжкадаступных умовах сельвы Амазонкі.
Згодна з тэндарам, кампанія-пераможца атрымлівае кантракт, які дае права на геолагаразведку нетраў на працягу чатырох гадоў. Па выніках адкрыцця камерцыйных запасаў нафты кантракт аўтаматычна прадугледжвае дваццацігадовы перыяд распрацоўкі і эксплуатацыі радовішча.
У многім узаемадзеянне ў галіне разведкі і здабычы нафты паміж Беларуссю і Эквадорам пабудавана на вопыце супрацоўніцтва нашай краіны з Венесуэлай. Буйная нафтавая прамысловасць — аснова эканомікі Эквадора. Па запасах і аб'ёме здабычы «чорнага золата» дзяржава займае 4-е месца ў Лацінскай Амерыцы пасля Венесуэлы, Мексікі і Аргенціны. Эквадорскі ўрад заахвочвае праекты па распрацоўцы новых радовішчаў, а таксама па стварэнні сучаснай інфраструктуры і сродкаў транспарціроўкі нафты і нафтапрадуктаў. Для гэтага актыўна прыцягваюцца сродкі і тэхналогіі прыватных інвестараў.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarusnafta
[4] https://zviazda.by/be/tags/paudnyovaya-ameryka
[5] https://zviazda.by/be/tags/amazonka