Навучыць новы праект тэлеканала «Беларусь‑3» усіх, хто жадае размаўляць на роднай мове
Доля беларускай мовы ў тэлепраграмах краіны сёння складае толькі каля 5% ад агульнага вяшчання ў гадзіну. Даць магчымасць беларусам часцей чуць родную мову, а таксама з дапамогай тэлеперадач атрымліваць лінгвістычныя веды — мэта новага адукацыйнага тэлепраекта, які праз тыдзень выходзіць у эфір на тэлеканале «Беларусь‑3». Віктарына «Размаўляем па-беларуску» заклікана далучыць да кола знаўцаў роднай мовы менавіта тую аўдыторыю, якая пакуль што мае пачатковыя веды, але цікавіцца мовай і гісторыяй, жадае выкарыстоўваць яе ў штодзённых стасунках. Журналісты тэлерадыёкампаніі «Гомель» на працягу некалькіх гадоў рабілі аналагічны праект, але ў больш сціслым фармаце, на ўзроўні Гомельскай вобласці. І вось прыйшоў час змяніць канал і маштаб. Рэдактар тэлерадыёкампаніі «Гомель» Алена Трацэнка падзялілася некаторымі сакрэтамі.
—Сапраўды, мы маем досвед у гэтай справе. У іншым фармаце, але з той жа назвай і мэтамі, тэлепраект знаёмы тэлегледачам Гомельшчыны. Будзем лічыць, што цяпер у нас — новы паварот і кірунак. Між іншым, пачалося ўсё ў 2010 годзе і ініцыятарам ідэі быў наш былы кіраўнік Віктар Котаў. Ён, рускі па нацыянальнасці, вельмі хацеў бачыць беларускамоўны праект на тэлебачанні. Менавіта тады над пяціхвіліннай праграмай пачаў працаваць як аўтар Святаслаў Крупенька — педагог, пісьменнік, паэт, мовазнаўца. Спачатку гэта былі невялічкія замалёўкі на нейкую вызначаную тэму — напрыклад, прывітанне ці развітанне па-беларуску. Потым праграма атрымала развіццё і ў ёй з'явілася рубрыка «Магія мовы».
—І ў гэты ж час вы, Алена, сталі не толькі рэдактарам праграмы, але і яе вядучай…
—Так. Мне цікава было ў гэтай новай рубрыцы тлумачыць фразеалагічныя звароты. Ведаеце, людзі, якія нават больш-менш добра размаўляюць па-беларуску, рэдка ўжываюць фразеалагізмы. Між іншым, да гэтай думкі мяне падштурхнулі мае сяброўкі. Яны прасілі дапамагчы зрабіць хатнія заданні па беларускай мове сваім дзецям. Аказваецца, толькі невялікае кола людзей ведае, што абазначаюць тыя ці іншыя ўстойлівыя словазлучэнні, уласцівыя нашай мове. І далёка не ў кожнага ёсць фразеалагічны слоўнік. А словы гэтыя вельмі цікавыя і прыгожыя, і шкада, што іх так мала ведаюць. Напрыклад: збіць з панталыку, цыркаць па кропельцы, абое рабое, асёл маляваны… Так мы пачалі развіваць рубрыку і тлумачыць, што такое, напрыклад, «дзе камар козы пасе» ці «была ў сабакі хата»…
—Але ж і гэтага вам паказалася мала…
—Паступова праграма набыла тры часткі: мы тлумачылі лексічныя і граматычныя асаблівасці беларускай мовы, фразеалагізмы, а потым увялі рубрыку «Родныя вобразы». У ёй гаварылі пра гаспадарчыя прадметы, якімі карысталіся беларусы, іх адзенне і гэтак далей. Бралі прадмет, які выйшаў з ужытку, паказвалі яго і тлумачылі, для чаго гэтая рэч служыла нашым продкам. У такім выглядзе праграма пражыла яшчэ два гады, а потым ідэя спадабалася 3‑му беларускаму тэлеканалу.
—Але ж не ўсё засталося так, як было…
—Урэшце пакінулі толькі назву, а канцэпцыю змянілі прынцыпова. Цяпер гэта будзе тэлевіктарына для тых, хто, магчыма, вывучаў мову ў школе, але не карыстаецца ёю ў жыцці. Гульцы — не знаўцы беларускай мовы. Няхай яны пакуль ведаюць абмежаваную колькасць слоў, але ж хочуць узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць астатніх. Мне часта гавораць: «Хачу размаўляць па-беларуску, але няма з кім, а яшчэ баюся памыліцца». Дык у нашай студыі не сорамна будзе размаўляць і памыляцца. Дзесьці ж трэба пачынаць! Ацэнкі ставіць не будзем — будзем толькі налічваць колькасць балаў (як падчас любой гульні).
—Колькі конкурсаў у тэлевіктарыне?
—Усяго іх будзе пяць. Мы разам будзем шукаць правільныя словы, адказы спачатку на лёгкія, а потым і на больш складаныя пытанні. Першыя два конкурсы — разміначныя, на хуткасць, а тры апошнія — творчыя, у іх трэба будзе паразважаць. Спадзяюся, мы разам будзем шукаць магчымасць і прыгадваць тое, што ёсць у глыбіні падсвядомасці кожнага беларуса. Трэба будзе перакласці слова, словазлучэнне і сказ, згадаць сэнс рэдкаўжывальнага беларускага слова — для гэтага ў якасці падказак будуць дадзены тры варыянты адказаў, адзін з якіх правільны. Самае складанае, як заўсёды, — напрыканцы. Патлумачыць сэнс фразеалагізмаў, прывесці прыклад іх ужывання і назваць беларускі ці рускі выраз-сінонім. Для тых, хто мае досвед у літаратуры, — цытата з вядомага беларускага твора (паэмы, верша або песні), якую трэба працягнуць. А калі гульцы назавуць аўтара і назву — атрымаюць дадатковыя балы.
—У такой праграме павінен быць эксперт…
—І ён ёсць. Паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святаслаў Крупенька выступае ў якасці эксперта праграмы. Ён жа будзе не толькі назіраць за ходам гульні, але і вырашаць спрэчныя пытанні, канцэнтраваць увагу ўдзельнікаў на цікавых асаблівасцях ужывання беларускіх слоў.
—Хто можа стаць удзельнікам праграмы «Размаўляем па-беларуску»?
—Практычна кожны ахвотны. Для таго, каб трапіць на праграму ў якасці ўдзельніка, трэба зайсці на наш сайт http://tvrgomel.by або сайт канала Беларусь‑3 http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на ўдзел каманды з трох чалавек, а таксама прайсці адборачны тур — адказаць на сем пытанняў. Шмат людзей ужо выказалі зацікаўленасць, але ж мы запрашаем усіх. На працягу 30 хвілін вам забяспечана не толькі цікавае спаборніцтва ў веданні беларускай мовы, але і шмат новых уражанняў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/5-5.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-mova
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-0