Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА падзяліўся сваімі разважаннямі пра некаторыя актуаліі грамадскага і парламенцкага жыцця
— Уладзімір Паўлавіч, як вы лічыце, чаму нас вучаць падзеі ва Украіне?
— Трагічныя падзеі ў братняй нам Украіне вучаць нас берагчы мір і згоду ў грамадстве, палітычную стабільнасць, міжнацыянальную і міжрэлігійную згоду — усё тое, чым наша Беларусь вылучаецца на працягу дваццаці апошніх гадоў не толькі на
постсавецкай прасторы, але і ва ўсёй Еўропе. Берагчы, цаніць і ўсяляк умацоўваць, бо ахвотнікі ўсё гэта ўзяць на зуб, расхістаць, раскалашмаціць не ўпусцяць свой шанц, калі мы яго ім па недаглядзе дадзім.
— Слова «стабільнасць» у некаторых палітычных колах выклікае рэзкую крытыку.
— Яны, напэўна, ведаюць, чаго хочуць.
— А чаго хочуць людзі, з якімі вы сустракаецеся і гутарыце падчас рабочых паездак у выбарчую акругу і ў іншыя рэгіёны? Што для іх самае галоўнае?
— Тое, пра што я ўжо сказаў — стабільнасць у дзяржаве, упэўненасць у заўтрашнім дні, здароўе, нармальны заробак, добрае жыллё, шчасце сваіх дзяцей. Акрамя гэтага, асноўнага, лічаць вельмі важным арганізацыю вытворчасці, сацыяльную інфраструктуру, забеспячэнне дамоў прыродным газам, належныя ўмовы для правядзення вольнага часу, заняткаў фізкультурай і спортам, дагледжаныя дарогі, транспартныя зносіны з буйнымі гарадамі. Кажу не толькі пра вяскоўцаў, але і жыхароў райцэнтраў і гарпасёлкаў. Увогуле ж узровень іх патрэб значна вышэйшы, чым, скажам, дваццаць-трыццаць гадоў таму. Жыццё, пры ўсіх сённяшніх праблемах, прыкметна палепшылася, чаго чалавек здаровага розуму адмаўляць не будзе. Адпаведна і патрэбы ўзрастаюць.
— На мясцовых начальнікаў людзі вам скардзяцца?
— Зрэдку бывае і такое. Але галоўным чынам размова ідзе пра пытанні гаспадарчага, камунальнага і сацыяльнага зместу, для вырашэння якіх неабходны дадатковыя фінансавыя сродкі, а значыць, і пэўны час.
— Сродкі знаходзіце?
— Сумесна з кіраўніцтвам прадпрыемстваў і рэгіёнаў: нешта з мясцовых рэсурсаў, а нешта вырашаем пры дапамозе абласных і рэспубліканскіх дзяржаўных органаў.
— Мяркуючы па дыскусіях на так званых «урадавых гадзінах» падчас сесійных пасяджэнняў парламента, дэпутаты даволі сур'ёзна займаюцца пытаннямі сваіх выбаршчыкаў, асабліва грамадскага значэння, і даволі востра ставяць іх перад членамі ўрада. А ці ўвасабляецца гэта ў законах?
— Калі б не ўвасаблялася, то навошта былі б і законы! Але трэба разумець, што не кожную слушную прапанову абавязкова неабходна афармляць у нарматыўным акце, тым больш заканадаўча.
Дастаткова бывае элементарнай выканаўчасці, дзелавітасці адпаведных службовых асоб і ініцыятывы саміх людзей, каб пытанне не ўзнікала і тым больш не абвастралася. Вырашэнне многіх задач аблягчаецца там, дзе праяўляюць, паўтараю, простую дзелавую разваротлівасць.
— З гэтым цяжка не пагадзіцца, але ж і ад законаў шмат што залежыць.
— Несумненна, таму заканадаўчае забеспячэнне дзяржаўнага будаўніцтва, развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы пастаянна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі парламента. Палатай прадстаўнікоў цяперашняга дэпутацкага складу прыняты шэраг важных законаў, якія адпавядаюць грамадскім інтарэсам і дзяржаўным задачам. На чарговай, пятай сесіі, якая адкрыецца 2 кастрычніка, мы працягнем работу ў гэтым кірунку.
— Ужо агучаныя папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання будуць разгледжаны?
— Дакумент рыхтуецца да другога чытання.
— Нагадайце галоўныя новаўвядзенні.
— Мяркуецца даць права абласным Саветам дэпутатаў і Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню самастойна вызначаць катэгорыі грамадзян, якім будзе аказвацца сацыяльная падтрымка, а выканкамам пярвічнага ўзроўню — права ствараць камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы па аказанні грамадзянам паслуг у будаўніцтве і рамонце жылых дамоў, а таксама гаспадарчых пабудоў на зямельных участках грамадзян. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам законапраект дазваляе фінансаваць выдаткі на інвестыцыйныя праграмы і праекты органаў мясцовага кіравання і самакіравання пярвічнага ўзроўню з іх бюджэтаў.
— Канструяванне агульнаабавязковых нарматыўных прадпісанняў — справа няпростая?
— Вельмі няпростая, і была б для нас яшчэ значна больш працаёмкай, калі б не было адзінай дзяржаўнай закана-
творчай сістэмы, аб'яднанага інтэлектуальнага патэнцыялу суб'ектаў права заканадаўчай ініцыятывы і парламентарыяў з апорай на экспертную супольнасць і шырокую грамадскую думку. Гэта несумненнае дасягненне праватворчай палітыкі ў нашай дзяржаве.
— Цяпер ідзе грамадскае абмеркаванне праекта новага Закона «Аб барацьбе з карупцыяй». Напэўна, ён стане адным з ключавых у праграме асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў?
— Калі ён паступіць у парламент, мы яго разгледзім у першую чаргу.
— Наколькі, на ваш погляд, запатрабаваны закладзеныя ў законапраекце меры супрацьдзеяння карупцыі?
— Тое, што дакумент па даручэнні Прэзідэнта вынесены на шырокае грамадскае абмеркаванне, падкрэслівае яго асаблівую грамадскую і дзяржаўную важнасць. Карупцыя — зло, якое пагражае грамадскаму спакою і нацыянальнай бяспецы, таму меры барацьбы з ёю павінны быць сістэмнымі, што і прадугледжвае законапраект. Вялікае значэнне грамадскага абмеркавання антыкарупцыйных захадаў бачыцца мне не толькі ў магчымасці змястоўнага ўдасканалення дакумента, але і ў яго ўплыве на свядомасць грамадзян, выпрацоўку правільных, законапаслухмяных паводзін. Думаю, гэта павінна зрабіць больш адчувальнымі крокі да мінімізацыі і блакіроўкі карупцыйных злачынстваў.
— На нарадзе, прысвечанай комплекснай карэкціроўцы крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заканадаўства ні ў якім разе не павінна ствараць умоў для пазбягання адказнасці. Што будзе зроблена на асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў для рэалізацыі ў законах прынцыпу непазбежнасці пакарання за здзейсненыя злачынствы?
— Гэты прынцып у прававой базе рэалізуецца. Разам з тым работа над папраўкамі ў крымінальнае, крымінальна-працэсуальнае, адміністрацыйнае і іншае заканадаўства, якое рэгламентуе пытанні адказнасці і бяспекі, вядзецца з пункту гледжання неабходнасці прапанаваных новаўвядзенняў у сучаснай сітуацыі, на што і звярнуў увагу заканадаўцаў Прэзідэнт. Умацаванне мер адказнасці за злачынствы, асабліва грамадска небяспечныя, дакладнае размежаванне правоў і абавязкаў — такі наш падыход ва ўдасканаленні прававой базы. Так, напрыклад, да другога чытання рыхтуюцца змены і дапаўненні ў некаторыя кодэксы, якія ўзмацняюць крымінальную адказнасць за незаконнае паляванне і незаконную здабычу рыбы. Прадугледжаны таксама меры адміністрацыйнай адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, якія наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю і супярэчаць парадку прыродакарыстання.
— Вы лічыце настолькі важным дакладнае размежаванне ў заканадаўчых актах правоў і абавязкаў?
— Правоў без абавязкаў не бывае. Не павінна быць і расплывістасці, няпэўнасці ў іх фармуліроўцы. Што такое абавязкі? Яны не зводзяцца толькі да належнага выканання пэўных функцый на сваім рабочым месцы. Гэта нормы годных, у глыбокім сэнсе, паводзін у дачыненні да сваёй дзяржавы, а таксама на прадпрыемстве, ва ўстанове, ва ўзаемаадносінах з кіраўнікамі і падначаленымі, у калектыве, у грамадскіх месцах, у сям'і, на прыродзе, у дачыненні да калег, сяброў, незнаёмых людзей. Калі чалавек іх наўмысна парушае, а то і ігнаруе, то законы павінны паказаць яму, мякка кажучы, яго памылку. Чым менш такіх памылак, тым больш парадку, спакою і згоды ў грамадстве і ў душы чалавека.
— Па традыцыі асенняя сесія Палаты прадстаўнікоў бюджэтная. Дэпутаты прымаюць удзел у распрацоўцы галоўнага фінансавага дакумента краіны на наступны год?
— Прымаюць. Нядаўна праект бюджэту Рэспублікі Беларусь на 2015 год быў абмеркаваны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.
— Можна чакаць прыняцця добра прапрацаванага, збалансаванага і рэалістычнага дакумента?
— На гэта настроены ўсе ўдзельнікі бюджэтнага працэсу. Урад і парламент яшчэ чакае значная работа над бюджэтнымі пазіцыямі.
— Уладзімір Паўлавіч, асенняя сесія будзе напружанай?
— У пастаянных камісіях палаты ўжо больш за 50 законапраектаў, амаль палова з якіх прапрацоўваецца да абмеркавання ў другім чытанні. Сярод гэтых дакументаў блок паправак у дзейнае заканадаўства па пытаннях гаспадарчых таварыстваў, прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асоб, абароны інфармацыі, забеспячэння пагранічнай бяспекі, супрацьдзеяння гандлю людзьмі, лекавых сродкаў. Ідуць узгадняльныя працэдуры па праекце Закона «Аб рынку каштоўных папер». Нядаўна на разгляд дэпутатаў унесены праект Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дакументы працягваюць паступаць. Так што сесія будзе змястоўна насычанай і, я ўпэўнены, плённай.
Аляксандр ФІЛІМОНАЎ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-filimonau
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukraina-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka-1
[7] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou-nacyyanalnaga-shodu-belarusi-0