Што можа перашкодзіць урэгуляванню канфлікту на ўсходзе Украіны
Дамоўленасці, дасягнутыя 5 верасня ў Мінску падчас сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па Украіне, могуць завяршыцца поўным поспехам у спыненні кровапраліцця, а могуць і частковым, што дасць бакам час для таго, каб аказаць эфектыўную дапамогу пацярпелым удзельнікам грамадзянскай вайны, у тым ліку і мірнаму насельніцтву. У любым выпадку, гэта добры пачатак на фоне пастаяннага ваеннага проціборства мінулых дзён і вялікіх ахвяр, неабходнасць якіх цяжка растлумачыць. Якія праблемы могуць паўстаць у далейшым урэгуляванні цяперашняй цяжкай сітуацыі на ўсходзе Украіны?
Перш за ўсё, вядома, каласальны дэфіцыт даверу паміж бакамі. Там, дзе толькі што лілася кроў і рабіліся заявы пра вайну да пераможнага канца, нягледзячы на ахвяры, цяжка адразу чакаць гатоўнасці імгненна прымірыцца, забыўшыся на ўсё.
Ужо з'явілася інфармацыя аб тым, што па пункце пратакола, які абвяшчае «неадкладна вызваліць усіх закладнікаў і незаконна ўтрыманых асоб», у бакоў ёсць сур'ёзныя розначытанні. Так, па заявах прадстаўнікоў мяцежных Данецка і Луганска, яны ў адказ на вызваленне ўзятых у палон украінскіх вайскоўцаў чакаюць, што на волю будуць адпушчаныя ўсе іх прыхільнікі, у тым ліку арыштаваныя і ў месцах, дзе ваенныя дзеянні непасрэдна не вяліся. Афіцыйны ж Кіеў настойвае на тым, што асобы, арыштаваныя за межамі Данецкай і Луганскай абласцей ніякага дачынення да гэтага пункта пратакола не маюць.
Нядзіўна і тое, што стральба ў месцах ваенных дзеянняў не спыняецца цалкам. З-за канцэнтрацыі велізарнай колькасці ўзброеных людзей, у тым ліку ўлічваючы несістэмную падпарадкаванасць атрадаў з абодвух бакоў, цяжка пазбегнуць новых правакацый, якія могуць рэзка ўскладніць сітуацыю.
Адной з галоўных праблем з'яўляецца няяснасць з планамі тых, хто аказвае моцны ўплыў на дзеянні Кіева. Многіх збянтэжыла тое, што на праведзеных на працягу апошняга тыдня перамовах у Мінску рознага ўзроўню адсутнічалі афіцыйныя прадстаўнікі ЗША, хаця ўсім вядома, што яны адыгрываюць значную ролю ў падзеі ва Украіне.
У той жа час пра пазіцыю ЗША можна меркаваць па сумесных вучэннях Украіны з войскамі НАТА, дзе амерыканцы традыцыйна дамінуюць, ажыццяўляючы большасць ваенных расходаў. Уяўляецца, што ваенныя вучэнні такога роду ў краіне, якая ваюе, з'яўляюцца не самай лепшай ідэяй: улічваючы нервовую рэакцыю Расіі на НАТА, гэта не дапаможа знізіць напружанасць у рэгіёне.
У сувязі з гэтым і іншымі фактамі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю вядучаму праграмы «Весткі ў суботу» на тэлеканале «Расія-1» аб дачыненні ЗША да канфлікту ва Украіне: «У чыіх гэта інтарэсах? Вам тлумачыць не трэба. І ўжо не ў інтарэсах еўрапейцаў. Гэта «дзядзька Сэм» з-за акіяна пастаянна падштурхоўвае нас да гэтай бойні...».
Яшчэ адным момантам для трывогі з'яўляюцца сур'ёзныя супярэчнасці паміж самімі паўстанцамі наконт будучага статусу дзвюх абласцей і межаў тэрыторыі, якія кантралююцца імі. Ад іх прадстаўнікоў рознага ўзроўню ідуць супярэчлівыя заявы як пра гатоўнасць застацца на асаблівых правах у складзе Украіны, так і аб немагчымасці падобнага сцэнарыя і ініцыяванні поўнага выхаду са складу краіны.
Асцярожны аптымізм выклікаюць пункты ў пратаколе перамоў, у якіх гаворыцца аб дэцэнтралізацыі ўлады шляхам прыняцця закона Украіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей» і аб наступным правядзенні датэрміновых мясцовых выбараў у гэтым рэгіёне. Гэта ўжо сапраўды падобна на мірны сцэнарый, які можа быць рэалізаваны пры поўнай зацікаўленасці бакоў.
Надзеі дадае і пункт, у адпаведнасці з якім павінен быць прыняты закон аб недапушчэнні пераследу і пакарання асоб «у сувязі з падзеямі, якія мелі месца ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей Украіны». Ён, як і папярэднія, азначае як прызнанне вярхоўнай юрысдыкцыі Кіева, так і стварэнне сапраўды спрыяльных абставін для мірнага ўрэгулявання супрацьстаяння, паколькі без такой гарантыі раззброіцца апалчэнцам не з рукі.
Некаторыя падставы для поспеху прынятага ў Мінску плана ўрэгулявання дае і актывізацыя дзейнасці АБСЕ. У нядзелю дзейны старшыня АБСЕ, прэзідэнт Швейцарыі Дзідзье Буркхальтэр заявіў: «Назіральная місія ва Украіне стварыла механізм для разбору выпадкаў парушэння рэжыму спынення агню. Ён будзе дапрацаваны ў супрацоўніцтве з бакамі на працягу бліжэйшых дзён і гадзін».
Вядома, АБСЕ, на жаль, не мае неабходнага статусу для прымусу да міру бакоў у выпадку парушэння імі заключанага пагаднення, але ўсё ж пасрэдніцтва такога роду зараз неабходна ў першую чаргу.
Хочацца спадзявацца, што абодва бакі досыць знясіленыя ў выніку доўгага супрацьстаяння, каб праявіць разважлівасць і не падарваць такі няўстойлівы мір у рэгіёне. Ім неабходна звярнуцца ў першую чаргу да сур'ёзных праблем у эканоміцы напярэдадні надыходзячай зімы і нарастальнага эканамічнага спаду ў краіне.
Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/zamezhzha
[4] https://zviazda.by/be/palityka-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukraina-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kizima-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/nata-0