У мінскай кнігарні «Кніжны салон» адкрылася выстава мастачкі Аксаны Аракчэевай «Вецер вандровак 2»
Здавалася б, кнігарня — не самае лепшае месца для паказу творчасці мастакоў. Але ў выпадку з «Кніжным салонам» гэта зусім не так. Ала Зміёва, гаспадыня гэтай крамы, пераканана, што літаратура, кніга і выяўленчае мастацтва — блізкія адна да другой прасторы. А жывапісец Аксана Аракчэева, якая пазнаёміла гледачоў са сваімі работамі з пленэраў, падарожжаў па Расіі, Чэхіі, Славакіі, Літве, Польшчы, Германіі, Швейцарыі, яшчэ ж і кніжны графік. У апошнія гады мо з дзясятак дзіцячых кніг у выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшлі менавіта з яе ілюстрацыямі. Творы такіх ужо добра вядомых пісьменнікаў-казачнікаў, як Ніна Галіноўская, Генадзь Аўласенка, Таццяна Сівец, Алена Масла ў афармленні Аксаны Аракчэевай набываюць новае гучанне, узбагачаюцца самымі рознымі колерамі і адценнямі. А саміх аўтараў яшчэ падштурхоўваюць да новых фантазійных сюжэтаў.
[5]Пра гэта якраз і гаварыла Аксана, распавядаючы, як працуе над афармленнем дзіцячых кніг: «Мне мала прачытаць тэкст і зрабіць да яго тлумачальныя малюнкі… Я стараюся даведацца ўсё, што толькі магчыма, пра тых ці іншых персанажаў, наколькі яны з рэчаіснасцю звязаны. А калі і знешні выгляд, і дзеі герояў кнігі зусім прыдуманыя, то тады даю волю сваёй фантазіі, ні ў чым сябе не абмяжоўваю. Часам складваецца ўражанне, што, выкарыстоўваючы іншыя сродкі, чым слова, дапісваю, дапрацоўваю тую ці іншую кнігу. Здаецца, аўтары, паважаныя пісьменнікі на мяне за гэта не крыўдуюць. І тады мне хочацца таксама паставіць сваё імя на вокладцы. Няхай сабе з надпісам: «Малявала Аксана Аракчэева». Як, дарэчы, робіцца ў супольніцтве шведскіх ці фінскіх пісьменнікаў і мастакоў, якія вельмі актыўна працуюць у галіне дзіцячага кнігавыдання…»
Аксана Аракчэева не толькі сама вандруе па іншых краінах, яна яшчэ выступае арганізатарам выставак беларускіх мастакоў у Чэхіі, у галерэі старадаўняга замка ў горадзе Тржэбіч. Пра гэта гаварыў на імпрэзе ў «Кніжным салоне» мастак Павел Масленікаў — так, унук славутага Масленікава. Менавіта гэтай дынастыі была прысвечана нядаўняя выстаўка ў Тржэбічы. У адкрыцці імпрэзы ў «Кніжным салоне» прыняў удзел і пасол Чэхіі ў Беларусі. Відаць, дзякуючы падтрымцы чэшскага пасольства і дзякуючы ініцыятыве Аксаны Аракчэевай у бліжэйшы час будуць рэалізаваны новыя беларуска-чэшскія мастацкія праекты. А беларускія чытачы, будзем спадзявацца, убачаць у кнігарнях новыя дзіцячыя кнігі, аформленыя таленавітым ілюстратарам. Вітаючы Аксану Аракчэеву, пра гэта вялі размову і ўдзельнікі імпрэзы — пісьменнікі Алена Масла, Таццяна Сівец, Навум Гальпяровіч. [6] [7]
Сяргей Шычко.
Фота Наталлі Асмолы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/225.png
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/DSC_1356.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/DSC_1292.jpg
[8] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[9] https://zviazda.by/be/tags/alena-masla
[10] https://zviazda.by/be/tags/syargey-shychko
[11] https://zviazda.by/be/tags/navum-galpyarovich
[12] https://zviazda.by/be/tags/pavel-maslenikau
[13] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-sivec-0
[14] https://zviazda.by/be/tags/aksana-arakcheeva