У Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрываецца новы адукацыйны сезон «Школы юнага матэматыка».
Гэта бясплатныя вучэбныя курсы, якія арганізуюцца механіка-матэматычным факультэтам БДУ для розных катэгорый школьнікаў. Так, вучні 5—8 класаў змогуць падрыхтавацца да рэспубліканскага матэматычнага конкурсу «Кенгуру» і алімпіяд. Для старшакласнікаў прадугледжаны заняткі па вывучэнні школьнай праграмы на паглыбленым узроўні і падрыхтоўцы да паступлення на факультэты матэматычнага профілю. Выпускнікі школ змогуць удасканаліць свае веды і ўменні ў рашэнні задач цэнтралізаванага тэсціравання і стаць удзельнікам вочнай алімпіяды па матэматыцы «Абітурыент БДУ». Дарэчы, прызёры гэтых спаборніцтваў пры роўнай колькасці набраных балаў будуць мець пераважнае права пры залічэнні на любую спецыяльнасць механіка-матэматычнага факультэта.
Навучаць школьнікаў будуць выкладчыкі механіка-матэматычнага факультэта. Заняткі арганізуюцца раз на тыдзень па суботах у аўдыторыях галоўнага корпуса БДУ. Запіс на курсы да 20 верасня. Новы навучальны год «стартуе» ў школе 27 верасня.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adukacyya
[2] https://zviazda.by/be/naviny-u-belarusi