Добра памятаю, якой папулярнасцю карысталіся ў маім дзяцінстве так званыя «страшылкі на ноч». Сабраўшыся разам у нейкім цёмным памяшканні альбо проста на вуліцы, дзеці па чарзе пачыналі распавядаць адно аднаму розныя жудасныя гісторыі, ад якіх кроў, здавалася, стыла ў жылах. Пра нябожчыкаў, якія раптам прачыналіся ў сваіх дамавінах, пра жанчын-вядзьмарак, што маглі па жаданні ператварацца ў чорных сабак, пра зданяў і прывідаў, якіх асабліва шмат на могілках ці паблізу ад іх...
І што самае дзіўнае: вакол — суцэльная цемра, ад жаху літаральна калоцішся ўвесь... А тут яшчэ чарговы апавядальнік глухім, патаемным голасам працягвае свой жудасны аповед: «...у той чорнай-чорнай дамавіне ляжыць чорны-чорны чалавек! А ў таго чорнага-чорнага чалавека няма сэрца...»
І тут жа як закрычыць: «Аддай маё сэрца!»
Віскат (з боку дзяўчат), крык, шум... і што? Пакрыўдзіўся хто-небудзь на расказчыка, дадому ўсе адразу ж разбягацца пачалі? Як бы не так! Далей сядзяць, слухаюць наступны аповед, не менш жудасны за папярэдні. І зноўку халадок бяжыць па спіне і дрыжыкі па ўсім целе... Але, нягледзячы на ўсё, хочацца працягу...
Чаму? Ды таму проста, што так прыемна сядзець у кампаніі сяброў і, добра ведаючы, што ўсе гэтыя жудасныя апавяданні — простая выдумка і нічога больш, адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. Менавіта кантраст паміж страхам, які міжволі адчуваеш, і гэтым прыемным пачуццём уласнай бяспекі і стварае нейкае своеасаблівае задавальненне, якое крыху азмрочвае толькі неадвязная думка аб тым, што дадому табе прыйдзецца ўсё ж ісці аднаму, ды яшчэ праз густую вечаровую цемру...
Фільмаў жахаў нам тады не паказвалі ні ў кінатэатрах, ні, тым больш, па тэлевізары. Але дагэтуль памятаю, як падзейнічаў на мяне (за ўсіх казаць не буду) фільм «Вій» рэжысёра Аляксандра Птушко. Здавалася, нічога больш жудасна-жахлівага і прыдумаць нельга...
Аказалася, можна. І яшчэ як можна!
Сёння на змену наіўным дзіцячым фантазіям аб чорных людзях у чорных дамавінах ці злавесных вядзьмарках, што могуць сабакамі абарочвацца, прыйшлі такія сапраўдныя фільмы жахаў, як «Званок», «Цёмная вада», «Піла», «Джыперс Крыперс» і многія іншыя. Фільмы па-сапраўднаму жахлівыя нават для дарослых, а што ўжо казаць пра падлеткаў з іх яшчэ не трывалай псіхікай і празмерна развітай дзіцячай уразлівасцю.
Што казаць пра дзяцей, якія...
Якія глядзяць гэтыя фільмы жахаў не проста з задавальненнем, а з нейкай не зусім нават зразумелай асалодай...
Потым яны, вядома ж, баяцца заставацца адны ў цёмным пакоі, часта прачынаюцца і крычаць у сне. Але на наступны дзень зноўку патрабуюць працягу...
І што рабіць у такім выпадку бацькам? Дазваляць і далей глядзець гэтыя жудасна крывавыя фільмы альбо зусім іх забараніць?
Забараніць лёгка, але ж трэба ведаць, што любая забарона з боку бацькоў успрымаецца дзецьмі (тым больш падлеткамі) як нічым не апраўданы гвалт і часта становіцца прычынай ужо іншых, куды больш сур'ёзных канфліктаў паміж «бацькамі і дзецьмі»...
Паспрабуем замест гэтага проста разабрацца ў тым, чаму ж сучасным дзецям і асабліва падлеткам так падабаюцца фільмы жахаў. Што бяруць яны для сябе з гэтых фільмаў, часцей за ўсё даволі прымітыўных па сюжэце і яшчэ больш пасрэдных па акцёрскім выкананні?
Справа ў тым, што сучасны падлетак — гэта не падлетак майго далёкага дзяцінства, якому захапляльная прыгодніцкая кніга кшталту «Трох мушкецёраў» альбо «Капітана Сарві-Галава» ўжо дадавала дастатковую порцыю адрэналіну ў кроў. Сучаснаму падлетку, выхаванаму на 3D-фільмах і камп'ютарных гульнях, атрымаць сваю порцыю адрэналіну куды больш складана, бо гэты гармон у арганізме не выдзяляецца проста так, «на заказ».
Юныя футбольныя фанаты атрымліваюць адрэналін, «хварэючы» за любімую каманду ў час футбольных матчаў альбо размахваючы кулакамі ў пасляматчавых высвятленнях адносін з фанатамі нейкіх іншых камандаў. Падлеткі знаходзяць сябе ў тых ці іншых відах спорту, і гэта для іх дастатковая крыніца выпрацоўкі адрэналіну. Ну, а тыя, якім і каляфутбольныя кулачныя баталіі, і напружаныя спартыўныя спаборніцтвы аднолькава не па душы, пачынаюць «шукаць адрэналін» у зусім іншых месцах.
У тым ліку і праглядаючы фільмы жахаў, хоць гэта не самы лепшы варыянт.
Нядаўна прачытаў у інтэрнэце, як адзін мужчына забіў сябра пасля сумеснага распіцця алкагольных напояў. Выпадак, на жаль, далёка не адзінкавы, банальны нават, калі б не адно «але»...
Мужчына забіў сябра не ў выніку п'янай сваркі, не таму нават, што ўспомніў раптам нейкія ранейшыя крыўды, а проста здалося яму з п'яных вачэй, што сябар пачаў ператварацца ў... вампіра! Ну, а ад вампіраў чалавеку трэба абараняцца ўсімі магчымымі спосабамі, у тым ліку і забароненымі законам...
Не хочацца ўсё звальваць менавіта на фільмы жахаў, якія, хутчэй за ўсё, любіў глядзець у падлеткавым узросце гэты выпадковы забойца, але без іх злавеснага ўплыву тут, на мой погляд, не абышлося.
Генадзь АЎЛАСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/genadz-aulasenka
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhahi