Міжнародная навукова-творчая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга стала сімвалам пераемнасці пакаленняў, шанаваннем традыцый, якія дазваляюць берагчы і прымнажаць усё добрае і каштоўнае, назапашанае пакаленнямі дзеля будучыні нашых дзяцей і ўнукаў.
У сталавіцкай царкве ўдзельнікі экспедыцыі разам з мясцовымі жыхарамі прысутнічалі пры асвячэнні званоў і накупальных крыжоў. Пасля адпаведнага набажэнства кожны меў магчымасць падысці да змайстраванай пасярод старажытнага храма драўляняй брамы і дакрануцца, папрасіць адгукнуцца шматпудовыя званы. Напэўна, для большасці такая магчымасць з'явілася ўпершыню — шэсць рознавялікіх званоў урачыста спявалі, нібы перадавалі настрой кожнага.
Каго клічуць званы? Адказ на гэта пытанне складваецца з убачанага падчас шматдзённай экспедыцыі.
Вось прыклад. Старажытны горад Ліда сустрэў нас па-святочнаму, у вялікім натоўпе, што вітаў экспедыцыю, было шмат моладзі. Калі пачаўся супольны хрэсны ход, то маладыя гараджане сярод першых панеслі праз горад харугвы, вялікія абразы. Праваслаўныя традыцыі маюць тут глыбокія карані. Першая царква была пабудавана ў лідскім замку на пачатку ХІV стагоддзя. Малады краязнаўца Алесь Хітрун паказаў нам гэты адноўлены замак, шмат расказаў пра гісторыю свайго краю.
Не толькі ў буйных гарадах шчасціла нам сустракаць зацікаўленых, дасведчаных суразмоўцаў, якія шчыруюць на ніве духоўнай асветы і выхавання. У Радашковіцкай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і тых, што засталіся без бацькоўскай апёкі, мы пазнаёміліся з дырэктарам — лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Ігарам Дзятлоўскім. Педагогі і выхавальнікі закліканы тут стварыць для дзятвы тыя ж умовы развіцця, якія звычайна дае сям'я. Таму, па спрадвечным законе сям'і, новае пакаленне выхоўваецца тут ва ўсведамленні ролі папярэднікаў. Варта зайсці ў школьны музей, які прысвечаны воінам-авіятарам часоў Вялікай Айчыннай вайны. На гэтай зямлі ў 1941 годзе здзейсніў свой подзвіг экіпаж капітана М. Гастэлы. Плённая пошукавая і навукова-даследчая работа вучняў дала магчымасць пашырыць экспазіцыю музея і паказаць мноства падобных прыкладаў гераізму абаронцаў нашай незалежнасці. Унікальнаму школьнаму музею прысвоена званне народнага і ад імя Нацыянальнага камітэта грамадскіх узнагарод Расійскай Федэрацыі ўручаны ордэн Святога князя Аляксандра Неўскага.
Прыгадваю словы найстарэйшага ўдзельніка экспедыцыі — доктара гістарычных навук, прафесара Пятра Лысенкі, з якімі ён звярнуўся да юных жыхароў Ліды: «Вывучайце багатую гісторыю свайго краю, гэта пашырыць вашы веды і ўзмацніць перакананасць у каштоўнасцях нашай вялікай спадчыны».
Яўген Пясецкі. Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/152.png
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/235.png
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/321.png
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/48.png
[8] https://zviazda.by/be/tags/agon
[9] https://zviazda.by/be/tags/daroga-da-svyatynyau-0
[10] https://zviazda.by/be/tags/grob-gaspodni