Злачынная група жорстка збіла і абрабавала бізнесмена ў Чавускім раёне
Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі УУС Магілёўскага аблвыканкама Алег Чарноў.
29 жніўня гэтага года ў дзяжурную часць УУС Магілёўскага аблвыканкама паступіла паведамленне аб разбойным нападзе на жыхара вёскі Хацкавічы Чавускага раёна. На месцы здарэння супрацоўнікі праваахоўных органаў і Следчага камітэта высветлілі, што за домам пацярпелага злачынцы вялі назіранне. У ноч з 28 на 29 жніўня мужчына выехаў з дома на машыне і на трэцім кіламетры дарогі трапіў у засаду. Шлях быў перагароджаны так званай гірляндай — вяроўкай, на якой віселі пластмасавыя бутэлькі, абгорнутыя фольгай. Такая перашкода ў начны час добра адбівае святло фар аўтамабіля, пазбаўляючы кіроўцу магчымасці як след бачыць дарогу. Калі мужчына спыніўся і паспрабаваў зняць гірлянду, на яго напалі.
Выкарыстоўваючы біту і траўматычную зброю, злачынцы нанеслі яму цяжкія цялесныя пашкоджанні: у пацярпелага быў зафіксаваны пералом сківіцы і пранікальныя раненні ног. Затым мужчыну звязалі і засунулі ў яго ж аўтамабіль. Далей злачынцы накіраваліся да дома пацярпелага і праніклі туды, выкарыстоўваючы ключы гаспадара. Выкраўшы значную суму грошай — долары і расійскія рублі на Br167 млн — схаваліся, пакінуўшы мужчыну звязаным у доме, дзе яго знайшлі сваякі.
Па гарачых слядах на чацвёртыя суткі ўдалося вылічыць тых, хто нападаў, і затрымаць іх. Спецыялісты УУС і Следчага камітэта правялі больш за 10 вобыскаў, дзякуючы якім былі знойдзены маскі, траўматычны і пнеўматычны пісталеты, скотч, абутак, якія выкарыстоўваліся падчас здзяйснення злачынства. Была канфіскавана практычна ўся сума выкрадзеных грошай, якія пасля былі вернуты ўладальніку.
Падазраваныя, узрост якіх ад 23 да 30 гадоў, знаходзяцца ў следчым ізалятары. Адзін з іх ужо быў асуджаны за крадзеж, астатнія ні разу не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. «Выпадак, які адбыўся ў Чавускім раёне, — адзінкавы, аналагічных не фіксавалася, — адзначыў Алег Чарноў. — Супрацоўнікі органаў правапарадку спрацавалі хутка і якасна, выключыўшы здзяйсненне паўторных нападаў. Чарноў дадаў, што пацярпелы быў зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, займаўся гадаваннем жывёлы і продажам яе ў Расійскую Федэрацыю. Бізнес быў добра пастаўлены, заробкі адпаведныя. У ноч нападу мужчына якраз вёз чарговую партыю мяса для рэалізацыі ў Смаленску.
Следчае ўпраўленне завяло крымінальныя справы за разбой з прымяненнем гвалту, угону і выкрадання чалавека.
Вольга ЕМЯЛЬЯНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdarenni
[2] https://zviazda.by/be/tags/belta
[3] https://zviazda.by/be/tags/aleg-charnou
[4] https://zviazda.by/be/tags/volga-emyalyanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/hackavichy