Не так даўно Міністэрства фінансаў агучыла планы аб магчымым павышэнні падаходнага падатку з 12 да 13 працэнтаў. На пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Анатоль РУБІНАЎ, старшыня верхняй палаты парламента, выказаў прэсе сваю думку па гэтай тэме.
— Я заўсёды лічыў, што 12% — гэта вельмі нізкі падатак, — сказаў Анатоль Рубінаў. — Больш за тое, у нас плоская шкала падаткаабкладання — усе плацяць аднолькава. У іншых краінах мільянер абавязаны аддаваць палову сваіх даходаў на падаткі. Па гэтай прычыне там і займаюцца дабрачыннасцю. Калі даход у багатага чалавека перавышае пэўны ўзровень, ён, каб зменшыць яго, аддае грошы на нейкія добрыя справы. Падатак змяншаецца, а мільянер атрымлівае яшчэ і пэўныя дывідэнды ў плане грамадскай папулярнасці.
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што ў нас прывыклі да невысокага падатку яшчэ з савецкіх часоў, калі людзі жылі дастаткова сціпла.
— Сёння сітуацыя радыкальна змянілася, — заўважыў Анатоль Рубінаў. — Тым не менш мы шмат патрабуем ад дзяржавы. А што такое дзяржава? Яна ж не робіць грошай, а толькі рэгулюе, як іх правільна атрымаць і куды накіраваць. Але калі мы іх не сабралі, то як тады можна казаць пра бясплатную адукацыю, медыцыну, пенсійны ўзрост?..
Анатоль Рубінаў упэўнены, што павышэнне падатку — гэта абсалютна нармальная з'ява. Ён таксама не выключае магчымасці ўвядзення дыферэнцаванага падатку ў будучыні.
— Са свайго пункту гледжання, я ўвёў бы дыферэнцаваны падатак. Праўда, у нас пакуль не вельмі шмат зарабляюць, а дыферэнцаваны падатак мае сэнс ужо тады, калі ёсць па-сапраўднаму багатыя людзі. Такіх жа, я думаю, у нас няшмат. Таму пакуль што да дыферэнцаванага падатку мы не прыйшлі. Але ў будучыні, калі мы пабагацеем, ён павінен быць. Трэба ж дзяліцца: у некага ёсць больш магчымасцяў для гэтага, у некага — менш.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Мінск — Салігорск — Мінск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/aficyyna
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/19-30.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-finansau-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/anatol-rubinau-0