Партнёры з Гродна і Друскінінкая выпрацоўваюць і ажыццяўляюць новыя варыянты памежных кантактаў
Аб гэтым ішла гаворка за «круглым сталом» у Гродне ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь» на 2007–2013 гады «Прасоўванне турызму праз павышэнне інфармаванасці аб гісторыі і культуры рэгіёнаў». Партнёры праекта з літоўскага боку — Балтыйскі інстытут аграбізнесу, адміністрацыя муніцыпалітэта г. Друскінінкай і Літоўская асацыяцыя сельскага турызму, з беларускага — аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама і абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз».
Дзякуючы гэтаму праекту нашы літоўскія суседзі (уладальнікі турфірмаў, аграсядзіб, экскурсаводы) сёлета пабывалі ў вандроўцы па маршруце «Гродна — Шчучын — Жалудок — Нясвіж — Мір — Навагрудак — Валеўка — Ліда — Гродна», на рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, прайшлі на байдарках па водным маршруце «Аўгустоўскае кола», які злучае маляўнічыя мясціны Гродна і Друскінінкая. Усё гэта дзеля не толькі асабістых эмоцый, але і турыстычнага бізнесу. Па словах аднаго з удзельнікаў сплаву, эксперта праекта Джугаса ВАЙЧУНАСА, сваімі ўражаннямі ён падзяліўся з сябрамі ў Вільнюсе, і яны так зацікавіліся, што бліжэйшым часам збіраюцца самі апрабаваць гэты водны шлях.
Шэраг варыянтаў памежнага супрацоўніцтва быў абмеркаваны і падчас апошняй сустрэчы ў Гродне. Госці з Літвы азнаёміліся з умовамі бізнесу ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест», у тым ліку на тэрыторыі спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», удзельнічалі ў рабоце міжнароднага інвестыцыйнага форуму «Гродзеншчына на скрыжаванні межаў», пабывалі на кірмашы турыстычных паслуг у рамках рэспубліканскай выставы «Еўрарэгіён «Нёман-2014». Акрамя таго, разам з беларускімі партнёрамі па праекце літоўцы здзейснілі велаэкскурсію па ўрочышчы «Пышкі», дзе завяршаецца стварэнне турыстычнага маршруту працягласцю 30,5 км з абсталяваннем 12 месцаў для адпачынку падарожнікаў. Гэта першы буйны праект веласіпеднага турызму на Гродзеншчыне, які, дарэчы, фінансуецца таксама па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь».
Ідэя цікавага веласіпеднага маршруту — паміж Гродна і Друскінінкаем — цяпер рэалізуецца і ў рамках праекта «Прасоўванне турызму праз павышэнне інфармаванасці аб гісторыі і культуры рэгіёнаў». Ён распачынаецца ў вышэйзгаданым урочышчы «Пышкі» і праходзіць праз фантастычную па прыгажосці даліну Райгардас, якая натхняла творчасць славутага літоўскага мастака і кампазітара Чурлёніса. Нацыянальны кіраўнік праекта
з беларускага боку Сяргей КАЛЯДА паведаміў, што ідэя падтрымана адміністрацыяй Друскінінкая, а неўзабаве плануецца падарожжа на веласіпедах па гэтым маршруце з удзелам кіраўнікоў уладных структур Гродзеншчыны.
У межах праекта з'явіліся прапановы і па іншых турыстычных маршрутах. Гэта водны шлях на байдарках з Гродна ў Друскінінкай (з прыпынкамі для адпачынку, знаёмства з прыродным хараством, помнікамі гісторыі і культуры), аўтамабільны маршрут «7 сталіц Вялікага Княства Літоўскага» (Вільнюс, Тракай, Кернава, Навагрудак, Гродна, Гальшаны, Варута), пешаходныя вандроўкі.
За круглым сталом былі таксама прэзентаваны турыстычныя аб'екты, уключаныя ў базу звестак QR-кодаў — з інфармацыяй на шасці мовах, у тэкставым, гукавым і відэафармаце. Праз сродкі мабільнай сувязі будзе забяспечвацца доступ да звестак пра 50 гісторыка-культурных аб'ектаў у Друскінінкаі і 50 — у Гродне.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/sport-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/augustouski-kanal-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kalyada-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzhugas-vaychunas