___________________________________________________________________________
Пухавіцкі край багаты на славутых ураджэнцаў, якія засведчылі сябе ў выяўленчым мастацтве. Генрых Бржазоўскі рабіў партрэты народных мсціўцаў у пухавіцкіх лясах у Вялікую Айчынную вайну. Барыс Рэпін, мастак кіно, нарадзіўся ў Мар’інай Горцы. З горадам і раёнам звязаны жыццё і творчасць жывапісцаў Аляксандра Пашкевіча, Аляксандра Дасужава, Вольгі Калацэй, Хведара Ладуцькі… Новае імя сярод пухавіцкіх мастакоў Дар’я Раманенка.
Выстаўка працуе ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Увазе гледачоў прадстаўлены цікавыя работы дзяўчыны, у якіх прасочваюцца лепшыя традыцыі беларускага жывапісу. Дарэчы, да паступлення ў Акадэмію мастацтваў Дар’я закончыла Мінскую гімназію-каледж імя І. У. Ахрэмчыка.
― Варта зазначыць, што традыцыі маладая мастачка спалучае з пошукам, наватарствам, ― адзначыў на адкрыцці выстаўкі кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Шунейка, які добра ведае творцу па вучобе ў акадэміі. ― Настойлівасць, з якой студэнтка працуе над выкананнем абавязковых заданняў, становіцца асновай, фундаментам для яе пошукаў.
“Бліжэй да чалавека” ― гэта сапраўдная магчымасць зазірнуць у вочы многіх персанажаў. Гледачы становяцца ўдзельнікамі своеасаблівага свята адкрыццяў. Мастачка не навязвае сваіх поглядаў. Яна толькі дапамагае пераканацца ў першынстве тых ці іншых колераў. Часам складваецца ўражанне, што Дар’я абавязвае нас пазнаёміцца са сваімі героямі, пераконвае, што праз партрэты дапамогуць адкрыць штосьці дагэтуль невядомае.
― Гэта ўжо не першая сустрэча гледачоў з работамі Дар’і ў карціннай галерэі нашага музея, ― распавёў дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. ― Мы ладзілі яе выстаўку яшчэ да паступлення дзяўчыны ў Акадэмію мастацтваў. У прафесійны жывапіс уваходзіць апантаны, дзеяздольны, перспектыўны творца.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/раманенка.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[4] https://zviazda.by/be/tags/mikola-berlezh
[5] https://zviazda.by/be/tags/barys-repin
[6] https://zviazda.by/be/tags/puhavicki-kray
[7] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pashkevich
[8] https://zviazda.by/be/tags/volga-kalacey
[9] https://zviazda.by/be/tags/hvedar-laducka
[10] https://zviazda.by/be/tags/darya-ramanenka