___________________________________________________________________________
Тэматычная гарадская гульня для пешаходаў і веласіпедыстаў «Чытай-Горад» адбудзецца заўтра ў Мінску. Акцыя прымеркавана да Дня бібліятэк, які адзначаўся 15 верасня, а таксама агульнаеўрапейскага Тыдня мабільнасці.
Маршрут гульні пройдзе па самых літаратурных мясцінах сталіцы, а знаўцаў гарадской гісторыі і геаграфіі чакаюць логіку і заданні і загадкі на кемлівасць. На фінішы самыя хуткія будуць узнагароджаны спецыяльнымі прызамі і памятнымі падарункамі.
Старт і фініш гульні ― каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ключавыя кропкі ― самыя незвычайныя кніжніцы Мінска: бібліятэчка пад адкрытым небам, спецыяльная кніжніца для сляпых, нотна-музычная, прыхадская, «бібліятэка на даху» і іншыя арыгінальныя кніжныя пункты.
У мерапрыемстве могуць браць удзел усе жадаючыя, цікаўныя і актыўныя. Сярод арганізатараў гульні — Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Навуковая бібліятэка БНТУ.
У межах гульні «Чытай-Горад» адбудзецца таксама афіцыйнае адкрыццё першай у Беларусі міні-бібліятэкі пад адкрытым небам. Нядаўна Навуковая бібліятэка БНТУ далучылася да міжнароднага некамерцыйнага праекта «Маленькія бясплатныя бібліятэкі». Гэта хаткі, пабудаваныя спецыяльна для свабоднага абмену выданнямі. Іх становіцца ўсё больш. Кожная міні-кніжніца мае ўласны рэгістрацыйны нумар, а на сайце праекта http://littlefreelibrary.org можна знайсці яе каардынаты. Мінская хатка з'явілася на алеі перад галоўным корпусам БНТУ.
Раіса МАРЧУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/Мінск.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-bibliyatek
[4] https://zviazda.by/be/tags/raisa-marchuk