Беларускія дакументалісты прывезлі ўзнагароду з міжнароднага фестывалю
Фільм «Хроніка Мінскага гета», зняты ў межах тэлевізійнага праекта АНТ «Адваротны адлік», ужо быў адзначаны на радзіме: на прафесійным конкурсе «Тэлевяршыня» ён быў прызнаны лепшым дакументальным фільмам года. Цяпер жа ўзнагарод у скарбонцы яго аўтараў пабольшала: на Міжнародным фестывалі гістарычнага і ваеннага кіно ў Варшаве творчая група праекта заваявала адну з галоўных узнагарод — «Залатую шаблю» — у катэгорыі «Дакументальнае кіно».
Шабля ў гэтым выпадку — зусім не фігуральны выраз, а дакладная копія польскай вайсковай шаблі ўзору 1926 года, і не толькі прэстыжны, але і глыбока сімвалічны прыз. Так, «Плацінавую шаблю» атрымаў у знак пашаны і падзякі за ўнёсак у сусветны кінематограф вядомы польскі рэжысёр, лаўрэат прэміі «Оскар» Анджэй Вайда. А «залатыя», «сярэбраныя» і «бронзавыя» ўзнагароды дасталіся лепшым з удзельнікаў фестывалю — здымачным групам мастацкіх і дакументальных фільмаў. Узровень спаборніцтва красамоўна пацвярджаюць лічбы: з 78 фільмаў 11 краін свету (у тым ліку Бразіліі, Швейцарыі, Францыі, Канады, Латвіі) журы адабрала 45 — для ўдзелу ў трох намінацыях. Беларуская творчая група стала лепшай у сваёй катэгорыі, а фільмы «Хроніка Мінскага гета» і «З Міра ў свет. Гісторыя аднаго паходу» атрымалі высокую ацэнку арганізатараў. «Усе ведаюць, што ў Мінску было гета, — заўважыў дырэктар фестывалю Анджэй Бжоза, — але гэты фільм дае гледачам шанц зразумець, ЯК гэта было. У карціне вельмі моцны драматургічны складнік: адноўленыя пастановачнымі сродкамі падзеі ў спалучэнні з графікай і хранікальнымі матэрыяламі робяць неверагоднае ўражанне. Гэта дапамагае зразумець увесь жах таго, што адбывалася, і прымушае помніць пра тую трагедыю».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/infarmbyuro
[3] https://zviazda.by/be/tags/ant
[4] https://zviazda.by/be/tags/hronika-minskaga-geta
[5] https://zviazda.by/be/tags/placinavuyu-shablyu
[6] https://zviazda.by/be/tags/andzhey-vayda
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-bokun