Пасля «Дажынак» у невялікім райцэнтры засталося больш за 160 адноўленых і пабудаваных аб'ектаў
Нягледзячы на тое, што, замест рэспубліканскіх, у Гарадку правялі абласныя «Дажынкі», свята ад гэтага не пацярпела.
Беларускія малькі — у Расію і Фінляндыю
Пётр Пракаповіч, намеснік прэм'ер-міністра беларускага ўрада, у Гарадку браў удзел у рабочай сустрэчы з дэлегацыяй Ленінградскай вобласці. Абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы. Беларускі віцэ-прэм'ер адзначыў, што ўзаемадзеянне ажыццяўляецца паспяхова. І прыклад таму — дзейнасць прадпрыемства «Дзецкасельскі-Гарадок». Дзякуючы апошняму ў Гарадоцкім раёне функцыянуе буйны малочнатаварны комплекс.
— Такіх інвестараў мы будзем падтрымліваць. У той жа час ёсць рэзервы для развіцця сумесных праектаў у племянной рабоце, узаемадзеянні нашых ВНУ і, самае галоўнае, у экспарце беларускіх тавараў, — падкрэсліў Пётр Пракаповіч.
Паводле слоў Леаніда Марыніча, першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, паўночныя рэгіёны Расіі ахвотна купляюць беларускіх малькоў. Апошнія экспартуюцца і ў Фінляндыю.
Новы будынак — пажарным
Уладзімір Вашчанка, міністр па надзвычайных сітуацыях, удзельнічаў у цырымоніі адкрыцця пасля капітальнага рамонту будынка аварыйна-выратавальнай часці. Цяпер выратавальнікі нясуць дзяжурства ў комплексе, які адпавядае ўсім сучасным патрабаванням.
— Сюды была пастаўлена новая, сучасная пажарная тэхніка, якую распрацавалі ў нашым навукова-даследчым інстытуце. Я маю на ўвазе аўтацыстэрну «МАЗ» ёмістасцю 10 тон і каленчаты пад'ёмнік на колах — для ратавання людзей і тушэння пажараў у шматпавярховых будынках, — сказаў міністр.
І помнік Тарасу...
Падчас падрыхтоўкі да святкавання «Дажынак» зрабілі многае, каб райцэнтр стаў адным з самых прыгожых у краіне, каб сюды прыязджала шмат турыстаў. Усталявалі і помнік галоўнаму герою славутай паэмы «Тарас на Парнасе», аўтар якой родам з Гарадоччыны.
— Новае жыццё атрымалі Дом культуры, кінатэатр, краязнаўчы музей, цэнтральная плошча і мемарыял воінскай славы ля яе... Адрамантавалі жылыя дамы, аб'екты сацыяльнага прызначэння. У час падрыхтоўкі да «Дажынак» будаўнікі працавалі на больш як 160 аб'ектах, — не ўтойвае радасці Васіль Муранкоў, старшыня Гарадоцкага райвыканкама.
Паводле яго слоў, сёлета атрыманы добры ўраджай збожжавых: 27,4 цэнтнера з гектара, агульны намалот склаў 42 тысячы тон.
Аляксандр Косінец, старшыня Віцебскага аблвыканкама, ў ліку іншага наведаў комплекс Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту. Ён знаходзіцца ва ўрочышчы «Вераб'ёвы горы». Ва ўтульным гатэлі адначасова могуць спыніцца 75 спартсменаў. Правялі рамонт гульнявай залы. Губернатар даў распараджэнне сёлета адкрыць цір і трэнажорную залу для лыжнікаў. Пастаўлена задача пабудаваць басейн і невялікую лядовую арэну...
Здадзеная да «Дажынак» траса для біятланістаў даўжынёй 5,5 кіламетра — адна з самых складаных у Еўропе. Пасля таго, як яе падоўжаць на 2 кіламетры, тут можна будзе праводзіць і спаборніцтвы па лыжных гонках.
Шчырая падзяка
Падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур губернатар асабіста падзякаваў лепшым з лепшых.
— Аграрна-прамысловы комплекс вобласці стабільна і планамерна развіваецца. Толькі за апошнія пяць гадоў набылі 15,9 тысячы адзінак новай тэхнікі на суму больш за 4 трыльёны рублёў. Гэта дало магчымасць, нягледзячы на параўнальна цяжкія ўмовы надвор'я, своечасова ўбіраць ураджай, — адзначыў Аляксандр Косінец.
Падчас святкавання адбылося шмат цікавага. Выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, свята «Сельская глыбінка», прэзентацыя пад адкрытым небам «Віцебшчына турыстычная»...
«Дажынкі» прайшлі, а тое, што зроблена для ўпрыгожання райцэнтра, застанецца.
І міжволі многім з тых, хто пабываў на свяце, успаміналіся словы з вядомай песні: «Ах, як хочацца вярнуцца ў Гарадок». Так яно і ёсць!
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Гарадок — Віцебск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/30-48.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/30-49.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/dazhynki
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-kosinec-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/leanid-marynich-2
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-vashchanka-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/vasil-murankou
[10] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski-0