Такое крэда ў маладога педагога Віктара Жука, які стаў фаварытам адначасова і дарослага, і дзіцячага журы
Прыдумайце першыя прывітальныя словы толькі што прызначанага класнага кіраўніка, здольныя прыцягнуць увагу школьнікаў... Якая формула поспеху сучаснага педагога?.. Што трэба зрабіць, каб дзеці чыталі кнігі?.. Ад чаго залежыць якасць падрыхтоўкі будучага настаўніка?.. Пытанні літаральна сыпаліся на галовы суперфіналістаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года-2014», якія стаялі на сцэне Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Першае выпрабаванне суперфіналу ўяўляла сабой «прэс-канферэнцыю»
з пытанняў і адказаў: на роздум удзельнікам давалася 30 секундаў, але ніхто адведзеным лімітам часу не карыстаўся. І гэта правільна, бо ў рэчаіснасці 30 секундаў для настаўніка — сапраўдная раскоша. Яго рэакцыя павінна быць імгненнай...
Але аб усім па парадку. Нагадаем, што суперфіналу конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў папярэднічаў фінал, у якім узялі ўдзел 49 лепшых педагогаў з усёй краіны — пераможцы абласных і мінскага гарадскога этапаў рэспубліканскага конкурсу ў сямі намінацыях. А ў суперфінал выйшлі толькі 7 лепшых, якія перамаглі ў фінальнай частцы спаборніцтваў: кожны — у сваёй намінацыі. Такім чынам у суперфінале сустрэліся настаўнік гісторыі з сярэдняй школы № 11 г. Маладзечна Віктар Жук, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 г. Глыбокае Святлана Мацулевіч, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 73 г. Мінска Наталля Грушко, выхавальніца ясляў-сада №19 «Пралеска»
г. Жодзіна Таццяна Залеўская, настаўнік інфарматыкі базавай школы № 10 г. Наваполацка Уладзімір Цымановіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Іна Віннік і настаўніца выяўленчага
мастацтва сярэдняй школы № 1 г. Наваполацка Ірына Хаданёнак.
«Разумею цяпер, чаму»
«Арыстоцель сцвярджаў, што пазнанне пачынаецца са здзіўлення, а чым вы здзіўляеце сваіх вучняў?» Такое пытанне дасталася настаўніку гісторыі з сярэдняй школы №11 Маладзечна Віктару Жуку. «Рознымі нестандартнымі падыходамі да арганізацыі ўрокаў. Я магу здзівіць сваіх вучняў, прыхапіўшы на ўрок гістарычныя артэфакты, а магу прыйсці ў даспехах або запрасіць тых, хто прыйдзе на ўрок у касцюмах розных гістарычных эпох», — адказаў малады педагог.
Наталля Грушко: «Нямецкая мова вельмі простая. Не трэба баяцца...»
«Як вы разумееце выказванне Жан-Жака Русо: «Мастацтва заключаецца ў тым, каб не выхоўваць»? — працягвалі дапытваць маладога гісторыка вядучыя суперфіналу. «Я разумею выказванне французскага філосафа эпохі Асветніцтва наступным чынам: дзіця само павінна вучыцца, гледзячы на свайго настаўніка. Бо таму ж філосафу належаць і іншыя словы: «Няма нічога больш неразумнага, чым навязваць свой пункт погляду выхаванцу», — парыраваў настаўнік з Маладзечна.
Сапраўдным святам у суперфінале стаў 20-хвілінны ўрок на сцэне на тэму «Разумею цяпер, чаму». Шчыра кажучы, цяжка было ўявіць сабе, як гэту агульную для ўсіх суперфіналістаў тэму можна раскрыць на ўроку інфарматыкі або нямецкай мовы.
«Чаму людзі лянуюцца вывучаць замежныя мовы? Нам літаральна праз гадзіну давядзецца сустракаць нямецкую дэлегацыю. Трэба падрыхтаваць некалькі фраз для прыёму гасцей. У нас з вамі на гэта ёсць 10 хвілін», — прапанавала «класу» настаўніца нямецкай мовы з сярэдняй школы № 73 г. Мінска Наталля Грушко. Між іншым, у ролі «вучняў» выступалі калегі-фіналісты, якія хоць і выбылі з барацьбы, але з вялікай ахвотай і гумарам падыгрывалі сваім больш удачлівым канкурэнтам. Прынамсі, нямецкую мову з іх не ведаў ніхто.
— Паверце, кожны з вас ведае як мінімум 8 нямецкіх слоў, і я вам зараз гэта дакажу. А дапаможа мне наша родная беларуская мова, — супакойвала настаўніца. — Teller (талерка), palast (палац), zucker (цукар), farbe (фарбы), pіnsel (пэндзаль)...
Вы б толькі бачылі, з якой апантанасцю «вучні» вучылі фразу: «Herzlіch wіllkommen іn Belarus».
30-52
Віктар Жук: «Каму належаць словы: «Дайце дзяўчыне пару туфель на шпільках... і яна заваюе ўвесь свет»?»
А на ўроку настаўніка інфарматыкі з Наваполацка Уладзіміра Цымановіча стаяла задача пацвердзіць, што поспех можна... запраграмаваць. Напрыканцы ўрока Віктар Цымановіч даказаў усім, што алгарытмы акружаюць нас на кожным кроку, прывёўшы ў якасці доказу фразы з любімых савецкіх мульцікаў: «Раз ромашка, два ромашка, три ромашка, а я четвёртую сорвал!»; «Входит и выходит, входит и выходит»; «Если я ему подарю цветок, то он его съест»... І агучыў свой алгарытм дасягнення поспеху: ад маладога спецыяліста да паспяховага настаўніка.
Місія — адчыняць дзверы
Віктар Жук на сваім уроку гісторыі спачатку прапанаваў класу разгадаць інтэрактыўную крыжаванку, у якой знайшлося месца не толькі Напалеону і Цэзару, але і Чапліну са Сцівам Джобсам і Мерылін Манро. Усе гэтыя людзі вельмі розныя, але кожны з іх у пэўны адрэзак часу пакінуў у гісторыі свой след. Ключом да крыжаванкі аказалася слова «Асоба». Натуральна, што ўрок быў прысвечаны ролі асобы ў гісторыі чалавецтва. Канстанцін Каліноўскі, Давыд Гарадзенскі і Тадэвуш Касцюшка... Чым праславіліся гэтыя людзі і якія матывы імі рухалі? Праблем з адказамі не было. «Вучні» цягнулі рукі... Напрыканцы настаўнік прачытаў уласны верш, які адлюстроўвае яго педагагічнае крэда. Сваё прызначэнне ён бачыць у тым, «каб адчыняць дзверы таму, хто ўпарта крычыць «Чаму?»
Апошнім выпрабаваннем суперфіналу стала публічнае выступленне на тэму «З надзеяй, верай і любоўю». Некаторым з канкурсантаў удалося выклікаць у балельшчыкаў і калег не толькі авацыі, але і слёзы... Уладзімір Цымановіч, напрыклад, здолеў расчуліць дзіцячае журы: «Зараз я стаю на парозе значнай падзеі, якая дазволіць пераасэнсаваць многія каштоўнасці і ўмацавацца ў сваіх педагагічных поглядах — я рыхтуюся стаць бацькам. Усё, пра што я цяпер думаю і што адчуваю, я пастараўся выкласці ў лісце да сваёй дачкі». Ліст атрымаўся настолькі кранальным, што можна было толькі паспачуваць канкурсанту, якому давялося выходзіць следам на сцэну. Наталля Грушко напісала верш пра тое, як улюбілася ў сваю будучую прафесію яшчэ ў дзяцінстве і як яна прыйшла ў родную школу ўжо ў якасці педагога. А Віктар Жук распачаў выступленне з прыпавесці:
— Вандроўнік убачыў трох рабочых, якія штурхалі цяжка нагружаныя тачкі. І пацікавіўся ў кожнага з іх, што яны робяць? Першы адказаў, што «штурхае тачку, няхай яна праваліцца». Другі сказаў, што зарабляе на хлеб для сваёй сям'і. А трэці з гонарам вымавіў: «Я будую храм!»
Паводле прызнання Віктара, яго ўласная педагагічная формула заключаецца ў трох кампанентах. Першы — гэта вера ў тое, што яго вучні будуць паспяховымі. Другі — гэта надзея на іх шчаслівую будучыню. І трэці кампанент — гэта любоў да сваёй прафесіі, якая дазваляе выхаваць мысляра і творцу.
Час МАладых
Нельга сказаць, што перамога Віктара Жука ў суперфінале рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» стала нечаканасцю. Нават нягледзячы на тую акалічнасць, што канкурэнты ў яго былі вельмі моцныя — педагогі з самымі высокімі кваліфікацыйнымі катэгорыямі, — а ў пераможцы педагагічны стаж складае ўсяго тры гады. Аднак ці толькі ў наяўнасці кваліфікацыйнай катэгорыі справа?
Уладзімір Цымановіч: «Складаем алгарытм нашых дзеянняў. Як дабыць у суседа снег летам?»
Спачатку сваё рашэнне агучыла дзіцячае журы, якое складалася са старшакласнікаў з усіх рэгіёнаў — пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і конкурсаў. А на наступны дзень пераможцу абвяшчала дарослае журы, якое ўзначальваў рэктар Беларускага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук. Думкі прафесіяналаў і школьнікаў цалкам супалі!
— Гісторыя вучыць мысліць. Кожны ўрок для дзіцяці павінен быць бітвай за веды, а настаўнік — палкаводцам, які вядзе ўсіх наперад, — канстатуе пераможца. — Безумоўна, на ўроках не абыходзіцца без інтэрактыўных методык: усе варыянты добрыя, галоўнае — захапіць дзяцей, даць ім магчымасць выказаць сваё меркаванне, самім знайсці правільнае рашэнне той ці іншай гістарычнай задачы.
«Я ведаю, якую музыку слухаюць мае вучні, якія фільмы яны глядзяць, чым яны дыхаюць. Як і многія хлопчыкі, люблю гуляць у футбол. Трымаю сувязі са сваімі падапечнымі ў сацыяльных сетках. Усё гэта дапамагае мне знайсці агульную мову з вучнямі, у гэтым і ёсць мой прафесійны сакрэт», — прызнаўся ён сваёй вучаніцы Вікторыі Пажыгайле, якая напісала вельмі цёплы артыкул пра свайго настаўніка ў «Чырвоную змену». Гэта было амаль за паўгода да фіналу конкурсу...
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/30-53.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/30-52.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/30-54.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktar-zhuk
[7] https://zviazda.by/be/tags/nastaunik-goda-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/iryna-hadanyonak