Польшча разглядае Беларусь у якасці стратэгічнага партнёра ў сферы транспарту і лагістыкі. Аб гэтым паведаміў 2 кастрычніка намеснік прэм'ер-міністра, міністр эканомікі Польшчы Януш Пехачынскі.
Януш Пехачынскі падкрэсліў, што сустрэча з віцэ-прэм'ерам Беларусі Міхаілам Русым, якая адбылася 2 кастрычніка ў Брэсце, была адкрытай і дружалюбнай і з'яўляецца пацвярджэннем добрых адносін паміж краінамі. "Мы разглядаем Беларусь як стратэгічнага партнёра ў сферы транспарту і лагістыкі, мы ведаем, што Беларусь выказвае інтарэс да магчымасцей польскіх партоў. Акрамя таго, на сустрэчы мы ўдзялілі асаблівую ўвагу пытанням перасячэння беларуска-польскай граніцы: гэта працэдура павінна быць зручнай для прадпрымальнікаў і іншых асоб, якія наведваюць нашы краіны. У прыватнасці, абмяркоўвалася магчымасць змяненняў у парадку праходжання граніцы на прыкладзе таго, як гэта было зроблена з Украінай на час Еўра-2012", - сказаў ён.
На сустрэчы ішла размова не толькі аб развіцці гандлёвых адносін, але і аб пашырэнні прамысловай кааперацыі, стварэнні новых перапрацоўчых прадпрыемстваў. Абмяркоўваліся магчымасці супрацоўніцтва банкаў, прамысловых асацыяцый і аб'яднанняў дзвюх краін, наладжванне праграм па абмене студэнтамі. "Інтэграцыя на Захадзе ў Еўрапейскім саюзе і на Усходзе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, якая паглыбляецца, не можа перашкаджаць добрым эканамічным і палітычным адносінам паміж Польшчай і Беларуссю", - лічыць польскі віцэ-прэм'ер.
Асобна ён падкрэсліў, што Беларусь зрабіла шмат для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. "Сёння на поўдні ад Беларусі і паўднёвым усходзе ад Польшчы склалася няпростая сітуацыя. Наш урад вельмі высока ацэньвае актыўную і ўзважаную пазіцыю беларускага ўрада і беларускага народа па гэтым пытанні", - адзначыў Януш Пехачынскі. Паводле яго слоў, вельмі важна, што менавіта ў Мінску прайшлі важныя перагаворы па ўкраінскай тэматыцы. "Мы абавязаны зрабіць усё магчымае, каб аднавіць добры сцэнарый развіцця гэтай сітуацыі", - дадаў ён.
"Нават у перыяд палітычнай непагоды ў нашай частцы Еўропы на прыкладзе Беларусі і Польшчы бачна ажыўленне не толькі палітычных і дыпламатычных, але і эканамічных кантактаў. Беларускі бок з'яўляецца рацыянальным і прагматычным партнёрам, і я хачу заявіць, што ў нашых краін ёсць істотны патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва", - сказаў Януш Пехачынскі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[2] https://zviazda.by/be/tags/yanush-pehachynski