Днямі ў Дзяржынску ўрачыста адкрылася новае аддзяленне паштовай сувязі. Абсталяванае самай сучаснай тэхнікай, яно дазваляе аказваць кліентам поўны пералік паслуг, сярод якіх паскораная пошта, электронны грашовы перавод, netліст, выплата пенсій і дапамог, прыём падпіскі на друкаваныя СМІ. Да таго ж на новай пошце і ў рэжыме оn-lіne можна пагашаць крэдыты банкаў, аплачваць паслугі аператараў мабільнай сувязі і многае іншае.
Для зручнасці ва ўтульнай кліенцкай зале працуюць два аперацыйныя акны, прапануецца шырокі асартымент марак, паштовак, канвертаў, картак і філатэлістычнай прадукцыі, а таксама друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.
Ва ўрачыстым адкрыцці аддзялення сувязі прымалі ўдзел старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч, дырэктар Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Жанна Шабека (на фота) і, вядома ж, шматлікія жыхары горада, якія чакалі, каб пошта стала бліжэй, і якім паштавікі ўручылі памятныя прызы і падарункі — з надзеяй на сяброўства.
Валянціна Доўнар.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/infarmbyuro
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhynsk-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar-0