Бывае, блазнаватыя бацькі падбухторваюць сваё маленькае, няўцямнае, якое і гаварыць яшчэ добра не навучылася, дзіцятка:
— Ну, пакажы дзядзьку куку, падторкні пад нос...
І хлапчанё, чыстае, як неба, ад грахоў, апроч першароднага, няўклюдна сціскае ў кулачок танюткія пальчыкі. Для фічкі яны яшчэ неслухмяныя — не складзеш у мудроную фігуру, а кука ўжо атрымліваецца.
А яго бацькі, якія, відаць, не дагулялі ў дзяцінстве, як цацку выкарыстоўваюць маленькага чалавека: знайшлі пацеху, рагочуць, задаволеныя не абы-якім, на іх думку, розумам і спрытам свайго нашчадка. Збянтэжаны дзядзька не ведае, што рабіць: ці то хваліць дзіця за сумнеўнае «ўмельства», ці то вымаўляць тату з мамай за бязглуздае выхаванне... Крывіцца ў кіслай усмешцы ды пераводзіць гаворку на што-небудзь прыемнае. Вядома, калі сам не аматар сумнеўных пацех.
Але я не пра гэтую недарэчную куку, я — пра земляробчую прыладу. Пра старадаўнюю, якую патрымаў у руках у сваім дзяцінстве ды юнацтве. І такімі далёкімі яны мне цяпер здаюцца, усё адно як прамігнулі ў якім сярэднявеччы.
Кука адышла ў нябыт. «Можа, і тлумачальны слоўнік пра яе не згадвае?» — падумалася мне. Ну як жа, вось, чытайце: «Вялікі драўляны малаток рознай формы і рознага прызначэння». А ніжэй — паэтычнае сведчанне: «Паляжаў у калысцы, у пялёнках, а падрос — і работу знайшлі: за каровамі бег наўздагон, кукай груды крышыў на раллі...», — пісаў Уладзімір Дубоўка.
«Рознага прызначэння...» Але я следам за слынным паэтам згадваю куку менавіта для разбівання глыжоў на раллі. Яна была незаменнай на цяжкіх сугліністых агародах.
Узарэ гаспадар зямельку, а тут дождж раптоўны як з вядра хлыне, а назаўтра — сонца прыгрэўнае ды ветрык сухавейны, — вось і забугрылася зямля камяністымі глыжамі. А як іх раскрышыць на мак, каб зярняты высяваліся не на камяні, а ў пульхную глебу? Як даць рады глыжам, калі ў гаспадарцы для разрыхлення зямлі — толькі невялікая барана, ды і тая не цалкам з жалеза, на драўляным рыштаванні? Культыватар — толькі ў калгасе, штодня заняты на шырокіх гонях. Вось тады і браліся за куку.
А «малаточак» — важкі цурбачок, старанна абчасаны і падгабляваны, у выглядзе вялікага — не крамнага, а як даўней самі пяклі — бохана хлеба. Асаджвалі гэты цурбачок на доўгім, амаль у поўны рост земляроба, дзяржальні. Узнімеш куку над галавой пад неба, грак з усяе сілачкі — камень-глыж разбіваецца, як порхаўка. Вось у такую глебу можна ўжо сеяць, хіба што папярэдне яшчэ раз пабаранаваўшы.
Пры вырабе кукі (а ў ёй не мелі патрэбы толькі ўладальнікі гародаў з глебай, сыпкай, як пясочак) не прытрымліваліся якога-небудзь стандарту. Усё залежала ад росту і дужасці рук гаспадара і яго гаспадыні. Нізкаватыя рабілі карацейшае дзяржальна, слабейшыя насаджвалі на яго лягчэйшы цурбачок.
Кука, можна сказаць, паядноўвала ды зроўнівала мужа з жонкай. Каб памахаць ёю дзянёк, патрэбны не абы-якая сіла і цягавітасць, а з другога боку — уважлівасць, засяроджанасць, каб не прапусціць ніводны глыж, вытрымка і цярпенне, як, напрыклад, пры... вышыванні. Дык глыжы білі і муж, і жонка, і нават трохі ўзмужнелыя сыны-падлеткі.
У нашай сям'і быў вялікі агарод з цяжкой гліністай глебай, якую вяскоўцы называлі «бягелдай» (можа, таму і большы, чым іншым, кавалак адрэзалі). Так што куку даводзілася трымаць пад рукой. «Папіцавалі» з ёю і бацька, і маці, і, калі ўзрос, — трошкі я.
...Прыехаўшы нядаўна на родную сялібу, агледзеў усе завуголлі і не знайшоў куку. Відаць, у свой час спалілі яе як адрынутую часам непатрэбшчыну. Куцы наканавана завяршэнне свайго існавання менавіта ў агні. Бо хто ж выкіне на сметнік такі спрытны, сухі, як порах, цурбачок?
А вось з матэрыялізаванай гісторыі беларускага вясковага побыту куку, здаецца, выкінулі беззваротна: не прыгадваю выпадку, каб бачыў яе сярод экспанатаў якога краязнаўчага ці этнаграфічнага музея. За нявартую ўвагі дробязь яе палічылі, ці што?.. А можа, проста не ўзіраўся.
Яно і праўда: кука — усяго толькі някідкі штрышок у графічным малюнку побыту нашых вяскоўцаў у мінулым стагоддзі. «Дык чаму тады гэты дзядзька-аўтар пляце і пляце нам пра даўно апалае і струхлелае вецце дуба? — падумае які-небудзь малады чалавек. — Хоць ты куку яму пад нос падторкні...»
А таму, даражэнькія, што старадаўняя драўляная прылада дапамагла мне на ўсё жыццё зберагчы ў памяці вобраз матулі.
Уваччу яе сілуэт на змярканні сонца: ражкі хусткі тырчаць у розныя бакі, спрытна сядзіць на плячах лёгкая паддзёвачка, у руках — кука, якая зноў і зноў, нібы разняволены ківач, узнімаецца над зямлёю... Іншым разам маці робіць колькі крокаў назад, калі заўважае ацалелы глыж. Але рукі яе ўжо дужа натомленыя, і кука з глухім вухканнем падае на зямлю трошкі наўзбоч таго глыжа. Маці цяжка ўздыхае, і яе ўздых прыкра дапасоўваецца да таго вухкання... А я, маленькі, тонкі, як пруток, стаю побач, на мяжы, і нічым не магу дапамагчы.
Столькі гадоў прайшло, а памяць пра той веснавы надвячорак гарачым вугельчыкам апякае маю душу. Памяць і толькі аднойчы ў жыцці зазнаная крыўда на сялянскі лёс.
Сяргей Рублеўскі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/rozgalas
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/11-4.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rubleuski-0