Па інфармацыі ААН, за апошнія пяцьдзясят гадоў сярэдняя працягласць жыцця чалавека на нашай планеце павялічылася на 20 гадоў, а да 2025 года пры агульнай колькасці народанасельніцтва 8,5 млрд чалавек — 1,2 млрд чалавек будуць старэйшыя за 60 гадоў. Старэйшая ўзроставая група, гэта значыць, асобы 80 гадоў і старэй, з'яўляецца самой хуткарослай групай пажылога насельніцтва. Калі ў 2000 годзе такіх людзей было 70 млн чалавек, то, паводле прагнозаў ААН, за бліжэйшыя 50 гадоў іх колькасць павялічыцца больш чым у пяць разоў.
— У Беларусі пражываюць каля 1,9 млн пенсіянераў і каля 19,6 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. 557 жыхароў краіны дасягнулі ўзросту 100 і больш гадоў. У структуры пажылога насельніцтва пераважаюць жанчыны. Наша грамадства, як і многія іншыя, мае патрэбу ў фарміраванні пазітыўнага стаўлення да старасці і пенсіянераў. Невыпадкова пажылых людзей прапануюць сёння называць «людзьмі, свабоднымі ад працоўных абавязкаў» ці «людзьмі ва ўзросце незалежнасці». Для аказання дапамогі пажылым людзям у нашай дзяржаве створана сістэма сацыяльнай абароны пажылых людзей. Але не варта забываць, што патрэбы пажылых найлепшым чынам будуць задавальняцца пры адначасовай падтрымцы як з боку дзяржаўных устаноў, так і сям'і. Бо падтрымка і салідарнасць паміж пакаленнямі таксама немалаважная.
Медыкі сцвярджаюць, што сакрэт даўгалецця ў тым, што чалавек працягвае цікавіцца жыццём, быць фізічна актыўным і не адзінокім. Для таго каб гэтага дасягнуць, неабходна падаўжэнне перыяду працаздольнасці без дыскрымінацыі па ўзросце і пасля пенсіі, прыцягненне да дзейнасці, якая прыносіць карысць грамадству.
Такую занятасць прапануюць розныя цэнтры і аб'яднанні. Напрыклад, стварэнне ініцыятыўных груп, дзе пенсіянеры ўключаюцца ў працэс высвятлення патрэб мясцовай супольнасці, планаванне і рэалізацыю мер па паляпшэнні жыцця. Ключавым псіхалагічным момантам тут з'яўляецца прызнанне значэння кожнага пажылога чалавека, разуменне таго, што кожны голас прыняты да ўвагі. Яркі прыклад паспяховага ажыццяўлення падобнага праекта ў Германіі прывёў да таго, што ні адзін нарматыўны дакумент, які тычыцца пажылых людзей, не прымаецца дэпутатамі без адабрэння грамадскага савета па пытаннях пажылых людзей на ўзроўні мясцовага самакіравання. Уявіце, як пашырыць кола зносін пажылых людзей і як паўплывае на іх актыўнасць стварэнне аналагічнай групы кіраўнікоў з пажылых людзей у Беларусі!
Сумна, што больш за 60% рэспандэнтаў падчас апытання сярод пенсіянераў «Як вы цікава праводзіце вольны час?» адзначылі прагляд тэлевізара. Безумоўна, атрыманне новых навыкаў і забеспячэнне магчымасцяў заробку — гэта стымулы да ўдзелу ў грамадскім жыцці. Паспяховыя і вядомыя праекты, дзе ўдзельнічаюць састарэлыя людзі, былі прэзентаваны на форуме «Магчымасці без межаў» (сярод арганізатараў — Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа).
Праект Sееd, які складаецца сёння з 64 ініцыятыўных груп, дапамагае павысіць інфармаванасць аб магчымасцях бясплатнага лячэння, атрымання бясплатных юрыдычных кансультацый, пераадоленне бар'ера недаверу ў пажылых людзей пры звароце па дапамогу ў дзяржаўныя і грамадскія структуры. Даведацца больш пра дзейнасць праекта можна на сайце www.sееd.rеdсrоss.bу.
У Брэсце функцыянуе Інстытут трэцяга ўзросту, сярод акадэмічнай праграмы якога курсы па 8 кірунках, якія тычацца псіхалогіі, рэлігіі, вывучэння замежных моў, павышэння камп'ютарнай граматнасці, фотакурс і многае іншае. А ў Гродне працуе «Універсітэт Залатога веку», дзе створаны ўсе ўмовы для пашырэння свайго светапогляду і развіцця навыкаў. Павышанай папулярнасцю карыстаюцца курсы ландшафтнага дызайну і экскурсаводаў.
Яшчэ адна гуманітарная праграма «Месца сустрэчы: дыялог» накіравана на паляпшэнне якасці жыцця іншай сацыяльна неабароненай часткі насельніцтва — былых вязняў фашызму і ахвяр нацыянал-сацыялізму. У рамках гэтай праграмы арганізуюцца мерапрыемствы па сацыялізацыі такіх людзей.
Уражваюць вынікі працы валанцёраў з пажылымі людзьмі, якімі падзялілася старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Узаемаразуменне» Анжаліна Аношка. Напрыклад, адна з жанчын, якая наведвала мерапрыемствы арганізацыі, ва ўзросце 80 гадоў паступіла ў Маскоўскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. А мужчына, які меў праблемы з маўленчым апаратам пасля перанесенага інсульту, загаварыў праз 11 гадоў маўчання (!). Сумесная праца валанцёраў і пажылых людзей спрыяе паразуменню паміж пакаленнямі, умацоўвае сямейныя каштоўнасці.
Людзям «ва ўзросце незалежнасці» варта памятаць: пенсія — не прысуд — і разумець, што надышла «залатая пара» раскрыць свой патэнцыял на карысць будучыні.
Алеся Вараб'ёва.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alesya-varabyova-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/18-221.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae-tavarystva-chyrvonaga-kryzha
[6] https://zviazda.by/be/tags/pazhylyya-lyudzi
[7] https://zviazda.by/be/tags/pensiyanery