Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка адзначае, што ў склад дэпутацкага корпусу апошняга склікання ўвайшлі сапраўдныя прафесіяналы.
— Мае калегі ўносяць прапановы практычныя, а не віртуальныя. Напрыклад, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гомельскай вобласці Галіна Пашэд на адной з сесій аблсавета прапанавала знізіць падатак на станцыі тэхабслугоўвання — матывавала гэта тым, што для дзяржавы будзе больш карысці, калі прадпрымальнікі, якія працуюць у гэтым кірунку, не будуць шукаць шляхі, як абысці закон. Увогуле, у складзе аблсавета сёння шмат людзей маладых і вельмі ініцыятыўных. Напрыклад, дырэктар музея ваеннай славы Павел Ждановіч, які ладзіць шмат грамадскіх сустрэч з моладдзю і з ветэранамі.
— Алег Леанідавіч, добраўпарадкаванне ў раёнах Гомельшчыны адбываецца пад пільным наглядам мясцовых Саветаў...
— Так. Я рэкамендую старшыням сельскіх Саветаў зыходзіць з галоўнага крытэрыю — эканамічнай мэтазгоднасці. Сёння ўсе павінны лічыць грошы. Калі раней сельскія населеныя пункты былі вялікія, сёння бачым тэндэнцыю да значнага памяншэння колькасці жыхароў на вёсцы. Пастаянна вызваляюцца дамы і ўчасткі, і іх трэба прыводзіць у парадак. У кіраўнікоў сельсаветаў сёння ёсць уся нарматыўная база, каб рабіць гэта своечасова і з розумам. Яны могуць працаваць з усімі службамі райвыканкама, у тым ліку архітэктурнай, юрыдычнай, землеўпарадкавальнай інспекцыяй аховы прыроды, ЖКГ...
— Чаму ж не ўсе карыстаюцца гэтымі магчымасцямі?
— Некаторым, верагодна, пакуль не хапае ведаў. Магчыма, ім патрэбна і наша дапамога. Часта здараецца так: уласніка закінутага домаўладання знайшлі, адправілі яму заказное пісьмо — каб паведаміў, будзе карыстацца домам або адмаўляецца ад яго. За гэты час гаспадар можа перапрадаць дом, і ў яго з'явіцца іншы ўласнік. Новы ўласнік можа зноў перапрадаць гэты дом. Дарэчы, будынкі, размешчаныя каля рэк і азёр, могуць перапрадавацца некалькі разоў за год...
Бывае, што кіраўнікі сельсаветаў не могуць знайсці гаспадара, бо ён жыве за межамі нашай краіны.
З такімі Указ № 100 таксама дазваляе працаваць, але ж патрабуецца шмат часу на вядзенне перапіскі. Мы самі сабе ставім заданне па зносе закінутых дамоў. Прааналізавалі, што сёлета на 1 красавіка такіх пабудоў па Гомельшчыне было каля 14 тысяч. І штогод з'яўляюцца новыя. Пры гэтым трэба памятаць, што такія дамы зносяцца ў апошнюю чаргу — калі толькі няма каму прыводзіць іх у парадак. Акрамя таго, іх можна прадаць з аўкцыёну. Такім чынам, па вызначаных для сябе планах за тыдзень мы павінны канчаткова вырашаць лёс 130–150 дамоў. І пакуль вытрымліваем такія тэмпы.
— І пры гэтым, наколькі ведаю, сельскія і лесагаспадарчыя прадпрыемствы не заўсёды імкнуцца забраць зямлю, якая вызвалілася, і ўвесці яе ў абарот?
— Многа залежыць ад якасці бальнасці зямлі і нагрузкі на прадпрыемства. У Буда-Кашалёўскім раёне, дзе бальнасць зямлі высокая, усё і адразу забіраюць. Але ж у вобласці ёсць сельгаспрадпрыемствы, якія маюць ад 7 да 12 тысяч га зямлі. Ім цяжка паспець усю яе адначасова апрацаваць. І тым не менш, у зямлі павінен быць сапраўдны гаспадар.
— Але ж вы не можаце прымусіць кіраўніка сельгаспрадпрыемства забраць зямлю ў сельсавета?
— У кожным сельсавеце кіраўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства — самы галоўны памочнік, менавіта праз яго працуе механізм самакіравання для вырашэння рэгіянальных задач. Таму звычайна кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў ідуць нам насустрач. Тым больш землеўпарадкавальная служба пацвердзіла эканамічны эфект ад перадачы зямлі ў карыстанне сельгаспрадпрыемстваў.
— Нягледзячы на актыўную работу на вёсцы назіральных камісій, колькасць людзей, якія ствараюць праблемы, на жаль, не памяншаецца.
— Такіх грамадзян старшыня сельскага Савета звычайна добра ведае і шукае розныя індывідуальныя падыходы. Кіраўнікі сельсаветаў пастаянна працуюць з асобамі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, і іншымі сацыяльна небяспечнымі грамадзянамі. Самае галоўнае — знайсці ім працу, тады і праблем менш будзе. Знаходзяць, у тым ліку па дагаворы — людзі займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый пры сельсавеце. Практычна кожны чацвёрты з іх працаўладкоўваецца менавіта пры дапамозе мясцовай улады.
— Дарогі і ЖКГ — гэта хранічныя праблемы вёскі. Якім чынам сельсаветы могуць паўплываць на сітуацыю?
— Ёсць шэраг пытанняў, якія павінны вырашацца на месцах. У тым ліку стан дарог, якія праходзяць па сельскіх населеных пунктах. Тут самае галоўнае — рацыянальна выкарыстоўваць на працягу года сродкі, якія выдаткоўваюцца.
— Якім чынам жыхары ў сельскай мясцовасці ўдзельнічаюць у вырашэнні тэрытарыяльных праблем.
— Адзін са спосабаў асабістага ўдзелу грамадзян у жыцці тэрыторыі — самаабкладанне. На Гомельшчыне гэтая работа вельмі актыўна праводзіцца. Прыклад паказваюць Жыткавіцкі, Мазырскі, Буда-Кашалёўскі, Ельскі, Лельчыцкі і Рэчыцкі раёны. Старшыні райсаветаў пабывалі ў кожным сельгаспрадпрыемстве раёна і пераканалі кіраўнікоў асабіста паўдзельнічаць у зборы дабраахвотнага падатку, зрабіўшы ўнёскі. Важна, каб людзі бачылі, што іх кіраўніцтва паказвае прыклад у гэтай справе. А яшчэ ім важна ведаць, на што канкрэтна ідуць гэтыя сродкі. Пасля гэтага людзі і самі актыўна ўносяць дабраахвотныя падаткі.
— Кіраўнікамі сельсаветаў не нараджаюцца — іх трэба навучыць працаваць. Якім чынам вы гэта робіце?
— Мы пастаянна запрашаем кіраўнікоў райсаветаў і сельсаветаў па пэўнай тэме ў тыя раёны, дзе ёсць напрацоўкі. Калегі дзеляцца вопытам і ідэямі паміж сабой. Мы праводзім семінары і накіроўваем вучыцца нават у індывідуальным парадку. Лепшых стараст, старшынь сельскіх Саветаў імкнёмся заахвочваць. Хаця для многіх з іх самае галоўнае, што іх паважаюць людзі. Рашэннем аблвыканкама мы выдзяляем грашовыя прэміі лепшым сельсаветам, — гэта да 150 млн рублёў. Некаторыя за гэты кошт значна палепшылі сваю матэрыяльна-тэхнічную базу.
— Алег Леанідавіч, як можна прыцягнуць малы бізнес на вёску?
— Напрыклад, у Парычах на Светлагоршчыне сёння працуе шмат прадстаўнікоў малога бізнесу. Мясцовая ўлада змагла стварыць для іх неабходныя ўмовы — такія, як наяўнасць інфраструктуры і неабходных пабудоў. Вядома, трэба больш актыўна ўцягваць вяскоўцаў у малы бізнес, бо гэта дасць магчымасць зарабіць грошы, а значыць, павысіць узровень жыцця на вёсцы.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/22-13.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne