26 кастрычніка адбыліся пазачарговыя парламенцкія выбары ва Украіне. Нягледзячы на тое, што папярэднія выбары прайшлі толькі ў 2012 годзе, 25 жніўня 2014 года прэзідэнт Украіны датэрмінова спыніў паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады 7-га склікання і абвясціў аб падрыхтоўцы да новых выбараў.
Адной з асаблівасцяў выбараў стала фарміраванне палітычных партый, якія найбольш зацікавілі выбаршчыкаў, практычна непасрэдна перад выбарчай кампаніяй. У прыватнасці, гэта адбылося з партыямі «Блок Пятра Парашэнкі» і «Народны фронт», якія лідзіруюць на выбарах. Абедзве яны ўзніклі літаральна некалькі тыдняў перад выбарамі, хоць, трэба адзначыць, «Блок Пятра Парашэнкі» быў утвораны на базе ранейшай партыі «Салідарнасць».
Другой асаблівасцю стала немагчымасць правесці галасаванне на ўсіх участках, якія ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах 2012 года: па зразумелых прычынах у выбарах не бралі ўдзел Крым і некаторыя ўчасткі Данбаскай і Луганскай абласцей. У выніку ў новым парламенце будзе на 27 дэпутатаў менш. Трэцяй асаблівасцю стала мноства радыкальных партый, якія прэтэндуюць на праходжанне ў парламент, што і зразумела, улічваючы палітычную сітуацыю ў краіне. Мяркуючы па папярэдніх звестках, частка з іх зможа правесці сваіх дэпутатаў у парламент, што надасць пасяджэнням несумненны каларыт, але наўрад ці палепшыць працаздольнасць вышэйшага заканадаўчага органа краіны.
Яшчэ адной асаблівасцю стала вельмі нізкая яўка выбаршчыкаў. Гэта даволі відавочны сімптом расчаравання насельніцтва ў сістэме дзяржаўнай улады ў цэлым. А значыць, перспектывы выбранага парламента дастаткова нестабільныя.
Якія магчымыя канфігурацыі новага ўрада могуць выкарыстоўвацца? Хутчэй за ўсё, у новы ўрад увойдуць прадстаўнікі ад трох або чатырох партый. Вядучымі будуць «Блок Пятра Парашэнкі» і «Народны фронт». Да іх можа далучыцца «Самадапамога» або дзве іншыя партыі, якія ў сукупнасці дазваляюць сфарміраваць пул з большасці месцаў у новым парламенце.
Можна чакаць, што прэм'ер-міністрам зноў будзе Арсеній Яцэнюк — больш дасведчанага чалавека на гэтую пасаду ва Украіне сёння проста няма. А ставіць на яе таго, хто будзе месяцамі разбірацца ў блытаных нюансах экстранна пастаўленай на ваенныя рэйкі ўкраінскай эканомікі, замест таго, каб прымаць неабходныя рашэнні, цяпер проста небяспечна. Пра такі расклад сведчыць і нарада, праведзеная Арсеніем Яцэнюком з украінскім прэзідэнтам у нядзелю вечарам. Дарэчы, сам Пётр Парашэнка заявіў, што колькасць партфеляў у новым кабінеце міністраў будзе скарочана. Верагодна, з мэтай эканоміі.
Што не вырашаецца пасля правядзення парламенцкіх выбараў? На жаль, пераважную большасць самых складаных пытанняў, якія стаяць перад дзяржавай і насельніцтвам, пры дапамозе пазачарговых парламенцкіх выбараў зусім не вырашыць. Ці з'явіцца ва Украіны больш фінансавых сродкаў, каб вырашыць праблему выплаты заробкаў бюджэтнікам пасля
26 кастрычніка? Натуральна, не. Хутчэй наадварот: на пазачарговыя выбары былі выдаткаваны істотныя дзяржаўныя сродкі. Вядома ж, уклаліся ў іх і спонсары тых або іншых палітычных сіл і фігур. Калі меркаваць па папярэдняй парламенцкай кампаніі, гаворка ў сукупнасці ідзе пра патрачаныя мільярды долараў.
Ці ўдасца пераасэнсаваць дзяржаўную эканамічную палітыку такім чынам, каб украінская эканоміка стала больш эфектыўнай? Таксама наўрад ці. Калі ў кааліцыйным урадзе будзе прысутнічаць некалькі партый, паміж іх прадстаўнікамі-міністрамі непазбежна будуць узнікаць супярэчнасці. Як паказвае папярэдні досвед развіцця Украіны, у такой сітуацыі будуць прымацца не найбольш разумныя рашэнні, няхай часам і жорсткія, а кампрамісныя, закліканыя прымусіць кожную з партый выглядаць добра ў вачах сваіх спонсараў.
Чаканні прэзідэнта Украіны, што пасля выбараў ён зможа ажыццяўляць кантроль урада пры дапамозе ўласнай партыі, якая перамагла на выбарах, не апраўдаліся. Ды і не маглі апраўдацца ў раз'яднаным украінскім грамадстве, якое зведала моцны стрэс ад Майдана і грамадзянскай вайны і больш нікому не давярае.
Павялічваюцца і рызыкі на шляху мірнага ўрэгулявання крызісу з данбаскім і луганскім тэрытарыяльнымі фарміраваннямі. Можа аказацца, што выбраныя дэпутаты захочуць падмацаваць сваю значнасць ваеннай рыторыкай і заклікамі да дзеянняў, якія змогуць падарваць крохкую стабільнасць на фронце.
Магчыма, зыходзячы менавіта з гэтых меркаванняў кіраўнік міжнароднага камітэта Дзяржаўнай Думы Расіі Аляксей Пушкоў заявіў: «Выбары, па сутнасці, пацвердзілі тую канфігурацыю ўлады, якая сёння існуе ва Украіне і якая дагэтуль прынесла Украіне толькі негатыўны сцэнарый развіцця». А першы віцэ-спікер Дзярждумы Іван Мельнікаў і зусім заявіў: «Рада стане агрэсіўнай ультраправай манаполіяй».
Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zamezhzha
[2] https://zviazda.by/be/palityka-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/ukraina-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyarhounaya-rada
[5] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kizima-1