Павінны гарманічна спалучацца ў кіраўніку
Што трэба для таго, каб стаць лідарам? Якімі якасцямі валодаць, на якія крытэрыі апірацца? На гэтыя і іншыя пытанні можна было пачуць адказ падчас адукацыйнага форуму для перспектыўнага кадравага рэзерву Магілёўскай вобласці, які прайшоў у Асіповічах.
Сёння лідарства і кіраванне можна лічыць сінонімамі. Менавіта таму перспектыўны кадравы рэзерв фарміруецца са студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і маладых спецыялістаў ва ўзросце да 31 года, якія валодаюць арганізатарскімі задаткамі і маюць здольнасці да кіраўніцкай дзейнасці. Вучобу для будучых кіраўнікоў арганізавалі Магілёўскі аблвыканкам і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначыў, што вучоба ў такім фармаце вельмі карысная. Важна мець жывыя зносіны, магчымасць задаць нейкае пытанне, падзяліцца вопытам. І ёсць намер праводзіць такія семінары як мага часцей.
Яшчэ да пачатку форуму ў фае Асіповіцкага райвыканкама можна было азнаёміцца з тэматычнай выставай літаратуры і метадычных распрацовак у дапамогу кіраўніку. Удзельнікі атрымалі магчымасць прайсці спецыяльнае тэсціраванне, прыняць удзел у псіхалагічным трэнінгу, паспрабаваць сябе ў ролі кіраўнікоў. Першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Аляксандр Іваноўскі растлумачыў, наколькі адказна і мэтаабгрунтавана сёння вядзецца адбор у шэрагі лідараў. «Акадэмія атрымлівае інфармацыю аб маладых людзях, якія адпавядаюць гэтым якасцям, і на працягу пэўнага часу назірае за іх поспехамі», — адзначыў ён.
Дарэчы, сярод маладзёжнага рэзерву з Магілёўскай вобласці большасць прадстаўлена жаноцкай аўдыторыяй. Гэта сведчыць аб тым, што дзяўчаты часцей рэалізуюць свае лідарскія схільнасці. Сярэдні ўзрост «рэзервістаў» — 27-30 гадоў, з іх каля 26% знаходзяцца ў шлюбе. Як станоўчы факт адзначалася, што сярод магілёўскіх лідараў усе маюць вышэйшую адукацыю. Гэта сведчыць аб высокім узроўні іх агульнай падрыхтоўкі.
Наталля Дубінка, загадчык кафедры псіхалогіі Акадэміі кіравання, адзначыла, што кожны павінен матываваць імкненне стаць лідарам і цвяроза ацэньваць свае магчымасці. І шмат каму разабрацца ў гэтым дапамагло прапанаванае тэсціраванне.
— Гэты форум цікавы тым, што дае магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі кіраўніка, выступіць перад незнаёмай аўдыторыяй, — адзначыла студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова Кацярына Ткачова, старшыня каардынацыйнага савета студэнцкага самакіравання. — Асабліва для мяне цікава было паўдзельнічаць у практычных занятках, даведацца аб сваіх магчымасцях і параўнаць сябе з іншымі.
У рэзервовым спісе вобласці сёння 54 лідары. «На гэтых людзей робіцца стаўка, — адзначыў начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага аблвыканкама Генадзь Герасіменка. — Па выніках сустрэчы будзе створаны пратакол даручэнняў для працоўных калектываў».
— Сёння актыўна развіваецца эканоміка, і нам вельмі патрэбны падрыхтаваныя кіраўнікі, якія змогуць прымаць рашэнне нават у экстрэмальных абставінах, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў. — Для гэтага шмат чаго трэба ведаць і ўмець. У кіраўніку павінны гарманічна спалучацца высокі прафесіяналізм і ўменне працаваць з людзьмі. Працэс падрыхтоўкі кадраў павінен быць арганізаваны з розумам. Ён не павінен быць выпадковым. Важна стварыць сістэму, якая дапаможа развіваць у сабе лідарскія якасці. Дзякуючы школе, БРСМ, універсітэту. Моладзь цікавіцца, як трапіць у рэзерв, але гэта не гарантуе таго, што кожны стане кіраўніком. Лічу, таленавіты ўрач не менш каштоўны, чым кіраўнік. Мэта гэтага адукацыйнага форуму — даць магчымасць «рэзервістам» адчуць адно аднаго, даведацца, як жывуць, чым цікавяцца аднагодкі. Праз гэты «канал», праз актыўную моладзь мы павінны ўкладваць у розумы і асноўныя каштоўнасці жыцця, фарміраваць будучых кіраўнікоў, прафесіяналаў сваёй справы, гэта значыць фарміраваць здаровае грамадства».
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/palityka-0