Наспела неабходнасць новага фармату супрацоўніцтва паміж нашай краінай і ЕС
У Мінску адбыўся «круглы стол» на тэму «Актуальныя пытанні беларуска-еўрапейскіх адносін», арганізаваны інфармацыйным пунктам Савета Еўропы і аналітычным цэнтрам ЕСООМ у супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам.
Айчынныя і замежныя вучоныя, дыпламаты, эксперты, журналісты зноў звярнуліся да няпростай тэмы адносін паміж Еўрапейскім саюзам і Рэспублікай Беларусь.
Украінскі крызіс, распачаты з сумнавядомага саміту Усходняга партнёрства ў Вільнюсе ды правалу курсу «еўраінтэграцыі Украіны», паняволі прымусіў эліты Еўрапейскага саюза шукаць кропкі стабільнасці ў рэгіёне. Пры гэтым беларускае кіраўніцтва, незалежна ад пазіцыі вялікіх гульцоў, паслядоўна праводзіла лінію на прымірэнне бакоў канфлікту на тэрыторыі паўднёвай суседкі.
Такі сталы нейтралітэт, імкненне да дыялогу і разумення розных пазіцый прывялі да таго, што менавіта Мінск атрымаў крэдыт даверу і стаў асноўнай перагаворнай пляцоўкай, прычым не толькі для ўдзельнікаў грамадзянскай вайны на тэрыторыі Украіны, але адначасова для кіраўніцтва ЕС і дзяржаў Мытнага саюза.
Канкурэнцыя інтэграцый
Пакуль, на жаль, «інтэграцыя інтэграцый» — лінія на збліжэнне Мытнага саюза і Еўрапейскага з пабудаваннем вялікай кантынентальнай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна, абвешчаная прэзідэнтамі Пуціным, Лукашэнкам, Назарбаевым у якасці перспектыўнай мэты еўразійскай інтэграцыі, не знаходзіць разумення еўрапейскіх партнёраў і на практыцы ператвараецца «ў канкурэнцыю інтэграцый», арэнай якой ужо стала тэрыторыя Украіны.
Пры гэтым ахаладжэнне адносін, узаемны пакет санкцый паміж Еўрапейскім саюзам і Расіяй балюча б'е па эканоміцы абодвух бакоў, аслабляючы іх пазіцыі ў параўнанні з іншымі полюсамі сілы.
Фактычна ў Еўропе паўтараецца сітуацыя першай паловы ХХ стагоддзя, калі ў выніку дзвюх сусветных войнаў і супрацьстаяння розных блокаў еўрапейскіх дзяржаў умацаваўся трэці бок — ЗША, што заўжды ўключаліся ў канфлікт на яго завяршальнай стадыі, а затым дыктавалі знясіленай Еўропе правілы новага сусветнага парадку.
На дварэ ХХІ стагоддзе, і ёсць надзея, што кіроўныя эліты вядучых краін свету разумеюць немагчымасць вырашэння праблем ваенным шляхам (асабліва з улікам запасаў зброі масавага знішчэння, што знаходзіцца ў арсеналах вайскоўцаў), аднак перанос канфлікту ў эканамічную плоскасць хоць і не пагражае стратай мільёнаў жыццяў, але таксама можа мець катастрафічныя наступствы для развіцця планеты.
Беларускі народ, які, магчыма, найбольш за ўсе іншыя народы Еўропы пацярпеў ад мінулых сутыкненняў, як ніхто зацікаўлены ў захаванні міру і стабілізацыі сітуацыі.
Уласная праграма
З улікам блізкасці Беларусі да Расіі, утварэння Еўразійскага эканамічнага саюза Беларусі надзвычай важна выпрацаваць павестку як двухбаковага супрацоўніцтва з ЕС, так і прапанаваць праект прымальнай формы адносін двух інтэграцыйных блокаў. Справа павінна ісці як пра ўласна беларускую дзяржаўную праграму арганізацыі стасункаў з Еўрапейскім саюзам, так і пра рэалізацыю магчымасцяў Беларусі як кропкі ўзаемадзеяння заходняй і ўсходняй частак еўрапейскай цывілізацыі.
У сітуацыі канфлікту ва Украіне Беларусь застаецца безальтэрнатыўным надзейным транзіцёрам расійскіх энерганосьбітаў у ЕС. Пры гэтым краіны Еўрапейскага саюза ўжо цяпер жадаюць скарыстаць магчымасці беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі для захавання эканамічных сувязяў з Расіяй.
Перспектыўнай задачай можа стаць ператварэнне краіны ў своеасаблівы «ганконг» для ЕАЭС — лагістычны і тэхналагічны цэнтр, праз які еўрапейскія інвестыцыі і найноўшыя напрацоўкі будуць трапляць на прастору еўразійскай інтэграцыі.
Гэта вельмі пазітыўная будучыня можа быць рэалізавана толькі з улікам шматлікіх крокаў, якія павінна зрабіць беларускае кіраўніцтва. Пакуль на падобную ролю прэтэндуе наш саюзнік — Казахстан, які значна больш аддалены ад ЕС, аднак мае ўласную дзяржаўную праграму «Шлях у Еўропу», больш прывабны інвестыцыйны клімат і разгорнутую сетку лабістаў сярод заходняга істэблішменту.
Больш Францыі
У адносінах ЕС і Беларусі таксама адбываецца некаторы прагрэс, асабліва ў кантэксце арганізацыі супрацоўніцтва з асобнымі буйнымі еўрапейскімі дзяржавамі. Найперш трэба адзначыць частковую нармалізацыю адносін з Польшчай і асабліва пераход беларуска-французскіх стасункаў на якасна новы ўзровень.
Нядаўнія кансультацыі паміж МЗС Беларусі і Францыі, візіт дэлегацыі беларускага ўрада ў Парыж маюць канкрэтныя вынікі як для дзелавых колаў дзвюх краін, так і для павышэння ўзроўню палітычнага дыялогу.
Вядома, што ў Беларусі арганізуе вытворчасць славутая французская аўтамабільная кампанія PSA Peugeot Cіtroen, а айчынны Банк развіцця дамовіўся з парыжскім аддзяленнем Commerzbank Aktіengesellschaft пра адкрыццё крэдытнай лініі на 9,8 млн еўра з пакрыццём французскай страхавой кампаніі для набыцця танэлепраходнага комплексу пад патрэбы Мінскага метрапалітэна.
Кіраўнік дэпартамента кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі Эрык Фурнье адзначыў, што «французскае кіраўніцтва вітае высілкі Беларусі па нармалізацыі сітуацыі ва Украіне і лічыць мэтазгодным інтэнсіфікаваць двухбаковыя кантакты».
Для Беларусі было б правільным умацоўваць свае пазіцыі ў Францыі, прадастаўляючы французскім дзелавым колам найбольш выгадныя ўмовы для інвестыцый у нашу краіну.
Апора на такога магутнага партнёра ў ЕС, якім з'яўляецца афіцыйны Парыж, дазволіць пераадолець езуіцкую лінію асобных еўрапейскіх чыноўнікаў, якія, з аднаго боку, выказваюць разуменне ролі Беларусі як стабілізуючага фактару рэгіёна, а з іншага, крытыкуюць айчынны палітычны лад ды салідарызуюцца з радыкальнымі палітычнымі сіламі, што ўжо больш за два дзясяткі гадоў патрабуюць у Беларусі «перамен» па ўкраінскім прыкладзе.
Інерцыя санкцый
Працяг палітыкі санкцый Еўрапейскага саюза ў дачыненні да нашай краіны — гэта не толькі славутыя «двайныя стандарты», існаванне якіх, ужо не ўтойваючы, пацвярджаюць некаторыя еўрапейскія міністры, але і недальнабачнасць знешняй палітыкі. У гэтым ключы рашэнне Савета Еўропы аб пралангацыі санкцыйнай палітыкі да 31 кастрычніка
2015 года, нягледзячы на тое, што з ганебнага спіса выключаны шэраг айчынных кампаній і службовых асоб, абсалютна лагічна разглядаецца беларускім МЗС як «бесперспектыўны падыход» і «інерцыя мінулага».
З афіцыйнага паведамлення МЗС зразумела, што санкцыі аніяк не паўплываюць на ўнутранную палітыку беларускага ўрада, аднак беларускі бок і надалей будзе прытрымлівацца практыкі дыялогу і ўзаемадзеяння з еўрапейскімі партнёрамі, пры ўмове, што гэты дыялог будзе будавацца на прынцыпах узаемапавагі і разумення.
У супрацоўніцтве з ЕС Беларусь павінна вытрымліваць уласную стратэгію, зыходзячы з інтарэсаў суверэннага развіцця. Кампраміс прымальны тады, калі ўступкі маюць узаемавыгадны характар, а сучасная геапалітычная раскладка яшчэ больш спрыяе таму, каб вытрымліваць цалкам самастойную лінію афіцыйнага Мінска.
Аляксандр ШПАКОЎСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shpakouski
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/palityka-0