«Адукацыя — тая галіна, якая стварае настрой усяго грамадства. Не будзем таіць, праблем у нас шмат, але і галіна наша — велізарная. Мы самі выбралі прафесію педагога і павінны разумець, што пры любых абставінах, нягледзячы на ўсе нашы цяжкасці, невысокія заробкі і высокую нагрузку, мы не можам ісці да дзяцей без добрага настрою», — падзяліўся сваімі думкамі з удзельнікамі VІІ пленума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі яго старшыня Аляксандр БОЙКА.
Адной з тэм, якія ўзнімаліся на пленуме, стала распрацоўка праекта праграмы асноўных напрамкаў дзейнасці прафсаюза на 2015—2020 гады. Ва ўдзельнікаў была магчымасць задаць пытанні, якія хвалююць педагогаў, намесніку міністра адукацыі Сяргею Рудаму. А пытанняў аказалася шмат, прычым многія з іх ставяцца перад Міністэрствам адукацыі ўжо не першы год. Напрыклад, пытанне з вызначэннем статусу педагога, які адказвае за бяспеку дзяцей пры іх падвозе ад дома да школы. У выніку аптымізацыі сеткі навучальных устаноў і закрыцця малакамплектных школ паўстала неабходнасць цэнтралізавана арганізоўваць падвоз 70 тысяч навучэнцаў. У кожнай вобласці ў падвозе дзяцей задзейнічана да 300 адзінак аўтобусаў. [2]
Але ўзнікае пытанне: чаму настаўнік, у якога таксама ёсць свае малалетнія дзеці, у якасці «грамадскай нагрузкі» павінен у 6.30 раніцы збіраць дзяцей па навакольных вёсках і суправаджаць іх у школу? Намесніку міністра адукацыі была выказана канкрэтная прапанова — вылучыць 10 гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы на тыдзень, якая будзе аплачвацца, на кожны школьны аўтобус. Патрабуецца ўсяго адзін нарматыўны дакумент з боку Міністэрства адукацыі, каб усе рэгіёны былі ў аднолькавых умовах, бо пакуль што кожны дзейнічае ў залежнасці ад абставін. У межах краіны — гэта не такія вялікія грошы...
Рака, а не ручаёк
Шмат гадоў ставіцца і пытанне аб зніжэнні тыднёвай нагрузкі на выхавальнікаў дашкольных устаноў (з 36 да 30 гадзін). Пра нізкія заробкі ў гэтай сферы і катастрафічны дэфіцыт кадраў ведаюць усе. Як трапна заўважыла адна з удзельніц пленуму, «калі летась адток педкадраў з дашкольных устаноў можна было параўнаць з ручайком, то сёлета ручаёк ператварыўся ў шырокую раку». Гледзячы на заробкі сваіх старэйшых калег, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і дасягнулі ў аплаце працы сваёй столі, моладзь актыўна пацягнулася шукаць сабе прымяненне за сценамі дашкольных устаноў. У апошнія гады латаць «дзіркі» ў кадравай палітыцы ўдавалася толькі за кошт размеркавання ва ўстановы дашкольнай адукацыі выпускнікоў філалагічнага, гістарычнага факультэтаў і іншых няпрофільных педагагічных спецыяльнасцяў. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці сёлета больш за палову ад агульнай колькасці маладых спецыялістаў, якія размеркаваліся ў дашкольныя ўстановы, не маюць адукацыі па профілі «педагогіка дзяцінства». І ніводзін з іх не заключыў кантракт на тэрмін большы за 2 гады, бо перспектывы атрымання кваліфікацыйнай катэгорыі ў іх вельмі цьмяныя. Хутчэй за ўсё, пасля двух гадоў працы па размеркаванні маладыя спецыялісты сістэму дашкольнай адукацыі пакінуць.
Брастаўчане прапаноўвалі ўнесці ў інструкцыю аб атэстацыі адпаведны пункт, які б дазваляў да 1 верасня 2017 года атэстоўваць выхавальнікаў дашкольных устаноў, якія не маюць профільнай адукацыі, на ранейшых умовах. Але іх прапанова не была пачутая. Дарэчы, у Брэсцкай вобласці 47,2% работнікаў дашкольных устаноў не маюць спецыяльнай профільнай адукацыі. А што будзе, калі ў наступным годзе выпускнікі няпрофільных спецыяльнасцяў адмовяцца размяркоўвацца не па сваёй спецыяльнасці? Яны маюць на гэта права. Хто ў гэтым выпадку будзе выхоўваць дзяцей? Сітуацыя склалася вельмі небяспечная...
Прафесійная пенсія: невыканальныя ўмовы
Па-ранейшаму востра стаіць пытанне прафесійнага пенсійнага страхавання, нягледзячы на неаднаразовыя звароты ЦК прафсаюза ва ўрад, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі з прапановамі перагледзець крытэрыі ацэнкі ўмоў працы педагагічных работнікаў. Сёння прафесійнаму пенсійнаму страхаванню настаўнікі падлягаюць пры выкананні трох умоў адначасова. Першая — гэта занятасць не менш чым на поўную стаўку (аклад), у тым ліку — вядзенне педагагічнай дзейнасці ў частцы рэалізацыі адукацыйных праграм у аб'ёме не менш за 18 гадзін на тыдзень. Другая — выкананне арганізацыйна-выхаваўчай работы. І трэцяя — ажыццяўленне дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю навучэнцаў. Такім чынам, фактычна сваё права на атрыманне пенсіі па выслузе гадоў могуць рэалізаваць цяпер толькі асобныя настаўнікі. А ўсе педагогі, якія не вядуць выкладчыцкай работы (паколькі тая не прадугледжана іх службовымі абавязкамі); кіраўнікі ўстаноў адукацыі; настаўнікі, якія працуюць менш чым на стаўку; настаўнікі, якія не маюць гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы; настаўнікі дысцыплін, па якіх вучэбнымі планамі не прадугледжаны дадатковы кантроль за вучэбнай дзейнасцю вучняў, не могуць разлічваць на выхад на пенсію па выслузе гадоў. Між іншым, для педагагічных работнікаў устаноў, якія сталі «ахвярамі» аптымізацыі сеткі навучальных устаноў, выхад на пенсію па выслузе гадоў мог бы стаць сапраўдным выратаваннем. Да таго ж, працуючы ў малакамплектнай школе, проста немагчыма выканаць усе вызначаныя крытэрыі.
Не дапусціць зніжэння гарантый
Намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раман ДАПІРА паведаміў, што прафсаюз прыняў актыўны ўдзел у грамадскім абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі, каб не дапусціць зніжэння гарантый работнікам галіны і навучэнцам. У прыватнасці, была ўнесена прапанова дакладна размежаваць, якія віды атэстацыі педагагічных работнікаў адносяцца да іх абавязкаў (на пацвярджэнне кваліфікацыйнай катэгорыі), а якія — да іх правоў (на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі). Прафсаюз заклікае замацаваць у кодэксе права педработнікаў на скарочаную працягласць рабочага часу, паколькі ў Працоўным кодэксе гэтае права замацавана толькі за настаўнікамі, гэта значыць, толькі за адной з катэгорый педагагічных работнікаў.
Яшчэ ў 2013 годзе прафсаюз звярнуў увагу Мінадукацыі на нерабочы механізм рэалізацыі нормы, якая прадугледжвае ўзгадненне заснавальнікам установы вышэйшай адукацыі кожнага выпадку зніжэння напаўняльнасці вучэбных груп з Міністэрствам фінансаў. Тым больш што штатная колькасць прафесарска-выкладчыцкага складу залежыць не ад колькасці груп, а ад колькасці кантынгенту. Міністэрства адукацыі плануе ўрэгуляваць гэтую супярэчнасць у Кодэксе.
ЦК прафсаюза прапанаваў улічваць пры пераразмеркаванні маладых спецыялістаў наяўнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў да працы не толькі па атрыманай спецыяльнасці, але ў пэўных умовах (маецца на ўвазе прыродны фактар і г.д.).
Чаму немагчыма стаць «заслужаным»?
Яшчэ адна неўрэгуляваная праблема — новы парадак аплаты бальнічных лісткоў. У сувязі з новай рэдакцыяй Палажэння аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах на 14-дзённым лістку непрацаздольнасці нізкааплатныя работнікі галіны губляюць больш як 200 тысяч рублёў, а маладыя спецыялісты-настаўнікі на дапамозе па цяжарнасці і родах — больш як 9 мільёнаў рублёў. Прапановы па гэтай сітуацыі неаднаразова накіроўваліся прафсаюзам ва ўрад.
У прафсаюзе задаволены тым, што нарэшце быў зроблены першы крок па змяншэнні празмернага дакументаабароту ва ўстановах адукацыі. Вялікая колькасць папер, якія даводзіцца запаўняць педагогам штодня, і прыцягненне іх да выканання няпрофільных функцый — два пытанні, якія пастаянна ўзнімаліся на самых розных узроўнях. У прафсаюзе спадзяюцца, што прыняцце Міністэрствам адукацыі «Пераліку дакументаў для асобных педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі» — толькі пачатак руху ў правільным кірунку.
Звярнулі ўвагу намесніка міністра адукацыі ўдзельнікі пленума і на маральную праблему — невялікую колькасць адзначаных узнагародамі педагогаў. Напрыклад, у Гродне няма ніводнага настаўніка, які б меў званне «заслужанага». Няўжо ў вялікім абласным цэнтры адсутнічаюць годныя кандыдатуры?
Як трапна заўважыла старшыня Рэспубліканскага Савета ветэранаў працы галіны і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Яніна ТРАХІМОВІЧ ( дарэчы, прадстаўніца педагагічнай дынастыі, якая можа параўноўваць розныя «эпохі» ў развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі), трэба больш думаць пра чалавека, а не хавацца за паперамі. «У адукацыі будзе намнога больш парадку, калі кіраўніцтва галіны будзе думаць пра звычайнага настаўніка. І тады статус педагога ў грамадстве абавязкова павысіцца» — падкрэсліла яна.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adukacyya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/11/fsvl.jpg