У 2015-м, які аб'яўлены ў Беларусі Годам моладзі, у Гродне адкрыецца філіял Парка высокіх тэхналогій. Аб гэтым старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ расказаў на сустрэчы са студэнтамі медыцынскага, аграрнага, «купалаўскага» ўніверсітэтаў і навучэнцамі іншых адукацыйных устаноў рэгіёна. Ён лічыць, што гэта будзе выдатная пляцоўка для выкарыстання здольнасцяў і патэнцыялу маладых людзей у інтарэсах інавацыйнага развіцця нашай краіны.
20-9
Сустрэча з моладдзю ў фармаце адкрытага дыялогу, у якім разам з кіраўнікамі ўладных структур удзельнічаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Ігар БУЗОЎСКІ, адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Там жа была разгорнута абласная выстава рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі».
Напрыклад, вучань СШ №12 г. Гродна Леанід ГАНЧАР прэзентаваў праект «Віртуальны музей тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны». Гэта электронны рэсурс, які дазваляе выкарыстоўваць мадэлі тэхнікі для стварэння анімацыйных 3D фільмаў, рэканструкцый падзей. Пры распрацоўцы ідэі, якая належыць творчай групе Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці, карысталіся чарцяжамі і фатаграфіямі рэальных экзэмпляраў баявой тэхнікі. Праект стаў пераможцам гарадскога этапу конкурсу «100 ідэй для Беларусі» і будзе рэалізаваны, атрымаўшы ад Гродзенскага гарвыканкама сертыфікат на 50 мільёнаў рублёў.
На абласным этапе конкурсу быў прадстаўлены 21 праект у самых розных сферах — прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергазберажэнні, экалогіі, медыцыне, інфармацыйных тэхналогіях, адукацыі, гісторыі, культуры, архітэктуры... У прыватнасці, адзін з лепшых маладых рацыяналізараў Беларускай чыгункі, інжынер лакаматыўнага дэпо г. Ліда Аляксандр ЗЯНЬКЕВІЧ распрацаваў спосаб аднаўлення манаблока дызеля ў цеплавозах, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі і іншых краінах постсавецкай прасторы. Студэнтка фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына ЧАРНЯКОВА прапанавала ідэю партатыўных зарадных устройстваў шляхам сумяшчэння сонечных батарэй з адзеннем, сумкамі для ноўтбукаў і іншымі прадметамі паўсядзённага ўжытку. Мэта праекта дзесяцікласніка гродзенскай гімназіі № 4 Канстанціна ГРАМЫКІ «Вадзяны вецер» — атрыманне электраэнергіі невялікай магутнасці для лакальных мэт. А праект «Погляд у мінулае праз сучаснасць» мастака ў стылі «графіці» Дзмітрыя СМАГІНА скіраваны на тое, каб упрыгожыць гарадскія вуліцы элементамі нашай гістарычнай спадчыны ў выглядзе нацыянальных беларускіх арнаментаў.
Журы вызначыла трох пераможцаў конкурсу, а яшчэ пяць праектаў адзначаны спецыяльнымі прызамі.
— Усе праекты па-свойму ўнікальныя і актуальныя, а многія жыццяздольныя нават на камерцыйным узроўні. Конкурс даказаў, што ў моладзі шмат цікавых ідэй — трэба толькі іх убачыць і дапамагчы рэалізаваць, — упэўнены старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. — Магчыма, трэба стварыць рэгіянальную студэнцкую арганізацыю, якая акумулявала б і лабіравала інавацыйныя праекты. Але каб гэта працавала, ініцыятыва павінна зыходзіць ад самой моладзі.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adukacyya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/11/20-9.jpg