Я, можна сказаць, чалавек старой фармацыі: карыстаюся мабільнай сувяззю, але ўсё ж, калі некага з блізкіх трэба падтрымаць у горы альбо павіншаваць са святам, іду на пошту, купляю канверты, паштоўкі, адпраўляю лісты альбо тэлеграмы на адпаведных бланках. Вось і нядаўна хацела павіншаваць з юбілеем сваю сяброўку. Аднак мне сказалі, што для гэтага трэба альбо адпраўляць нейкі зусім незразумелы ліст, альбо тэлефанаваць у Барысаў... Другое, як мне падалося, будзе прасцей, але...
Не адразу, на жаль, пашчасціла дазваніцца. Час пайшоў і на тое, каб перадаць свой тэкст (аператар прызналася, што не ведае беларускай мовы)... А пасля гэтага ў мяне з'явілася пытанне: куды зніклі прывычныя тэлеграмы, няўжо яны сталі непатрэбнымі?
Н. Мацвеева,
Бярэзінскі раён
— Найперш хацелася б патлумачыць нашым шаноўным кліентам (у тым ліку і «старой фармацыі»), што тэлеграмы нікуды не зніклі. Яны па-ранейшаму прымаюцца ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі, у тым ліку і нашага Мінс-кага філіяла РУП «Белпошта». Праўда, называюцца трохі інакш — netліст, — патлумачыла намеснік дырэктара філіяла Алена Ішчук. — netліст — гэта тое ж паведамленне на папяровым носьбіце або ў электроннай форме, якое затым апрацоўваецца з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі, трансфармуецца ў адпраўленне пісьмовай карэспандэнцыі і ўручаецца атрымальніку.
Аператары паштовай сувязі, да якіх звяртаюцца кліенты, вядома ж, могуць пракансультаваць ахвотных адправіць тэлеграмы-netлісты па ўсіх пытаннях, дапамагчы правільна адрасаваць — у любыя населеныя пункты нашай краіны. У прыватнасці, адпраўленне netліста катэгорыі «1 класа» ажыццяўляецца на працягу 30 хвілін, катэгорыі «звычайнае» — на працягу 1 гадзіны.
З мастацкімі паштоўкамі праблем таксама ўзнікаць не павінна: тэматыка іх досыць шырокая, выбар — па жаданні адпраўшчыка, па змесце адпраўлення...
За 10 месяцаў гэтага года работнікі аддзяленняў паштовай сувязі нашай вобласці прынялі амаль 3 тысячы netлістоў.
Разам з імі, netлістамі, прымаюцца і тэлеграмы — у асноўным за межы нашай рэспублікі. Перадача іх — пасля адпаведнай аплаты — ажыццяўляецца з тэлефонаў аддзяленняў сувязі. Калі кліент перадае тэлеграму з іншага нумара тэлефона, плата ўключаецца ў тэлефонны рахунак.
Тэлеграмы, прынятыя ад фізічных і юрыдычных асоб у аддзяленнях паштовай сувязі Мінскай вобласці з 10 чэрвеня гэтага года сапраўды перадаюцца праз абласную службу 166 «Прыём паведамленняў па тэлефоне» РУП «Белтэлекам», якая знаходзіцца ў Барысаве.
Так што выбар сапраўды за кліентамі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/pytanne-adkaz