Што пра святыню не раскажа звычайны экскурсавод?
Касцёл святых Сымона і Алены, які здаўна празвалі Чырвоным, — сапраўдная архітэктурная перліна сталіцы. Убачыць яго выяву можна не толькі на паштоўках, але і на майках, кубках і ўлюбёных усімі магнітах. Аднак вось і парадокс: выбраць асобную экскурсію, як гэта здаўна практыкуюць за мяжой, атрымалася няпроста. Звычайна Чырвоны касцёл разглядаецца як толькі частка ў вялікім маршруце па сталіцы. Але мы сваёй мэты дасягнулі: знайшлі экскурсійную аб'яву ў самім касцёле і пад выглядам турыстаў у мінулую суботу завіталі ў знакамітую каталіцкую святыню.
Англічанін, які палюбіў Беларусь
Ля галоўнага ўвахода нас сустракае Галіна ІВУЦЬ, якая не толькі ладзіць экскурсіі па храме для ўсіх ахвотных, але і апякуе мясцовую бібліятэку імя Адама Міцкевіча.
— Праводзіць экскурсіі мы пачалі ў 2002 годзе, калі пры парафіі стварылі навуковы цэнтр па даследаванні Турынскай плашчаніцы, копія якой знаходзіцца ў нашым касцёле. Спачатку чыталі лекцыі аб плашчаніцы, а пасля вырашылі, што людзям трэба таксама больш падрабязна расказваць пра наш родны касцёл. Першымі наведвальнікамі сталі парафіяне, а неўзабаве пачалі падцягвацца ўсе ахвотныя: ад вучняў, студэнтаў да супрацоўнікаў міністэрстваў, замежных турыстаў і прадстаўнікоў дыпмісій.
Але перад тым як убачыць копію плашчаніцы, галоўную рэліквію касцёла, спадарыня Галіна спыняе нас каля пліты непадалёк ад увахода. Пад фігурай Ісуса Хрыста знаходзіцца прах Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла і вядомага палітычнага дзеяча Расійскай імперыі. Справа ў тым, што пасля Рыжскага мірнага дагавора яму прыйшлося пераехаць на сталае месца жыхарства ў Польшчу. Ён асеў у Быдгашчы, дзе і памёр у 1928 годзе. Праўда, 8 гадоў таму дзякуючы намаганням ксяндза Уладзіслава Завальнюка, пробашча парафіі святых Сымона і Алены, касцёльных іерархаў, міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Польшчы прах Вайніловіча перавезлі на яго радзіму. Між іншым у будучыні фундатар Чырвонага касцёла можа стаць першым бласлаўлёным нашым суайчыннікам з ліку свецкіх асоб. Беатыфікацыйны працэс Вайніловіча ўжо распачаты.
Злева ад пахавання заснавальніка касцёла знаходзіцца капсула з прахам Гая Пікарды, англійскага юрыста па адукацыі, які даследаваў беларускія песнапенні, творчасць Францыска Скарыны, быў членам журы конкурсу харавога мастацтва «Магутны Божа». Менавіта Пікарда стаў першым замежнікам, які захацеў, каб яго пахавалі ў Беларусі. Аказваецца, з нашай краінай сям'ю Пікарды звязваюць даўнішнія «адносіны».
— Падчас руска-французскай вайны 1812 года яго прашчур служыў у войску Напалеона, — расказвае наш экскурсавод. — Вядома, вялікая колькасць французаў загінула якраз на Беларусі. Падобны лёс мог напаткаць і сваяка Гая, калі б не беларуска, якая вылечыла параненага француза.
«Людзі аздараўляюцца пасля малітвы перад плашчаніцай»
У касцёле пакуль нешматлюдна. Некалькі вернікаў укленчылі перад алтаром, астатнія набываюць літаратуру ў кіёску. Да копіі Турынскай плашчаніцы ісці праз увесь касцёл не трэба. На ўваходзе паварочваеш направа і праз некалькі крокаў бачыш вялікае зашклёнае палатно. Да нас далучаюцца некалькі масквічоў, якія зайшлі ў касцёл са сваім экскурсаводам.
— Гэта копія савана, у які, згодна з паданнем, пасля смерці быў абгорнуты Ісус Хрыстос. Арыгінал знаходзіцца ў Турыне. Усяго зроблена 7 поўнамаштабных копій плашчаніцы. Большасць з іх знаходзіцца ў закрытых кляштарах, і далёка не кожны можа патрапіць да яе, каб памаліцца. Беларускімі навукоўцамі ўжо даказана, што нават копія мае добрую энергетыку. І я ведаю людзей, якія дзякуючы веры і малітве перад мінскай копіяй плашчаніцы аздараўляліся не толькі духоўна, але і фізічна.
Маўклівыя расіяне ківаюць, фатаграфуюць рэліквію на памяць, а мы рушым далей — да аднаго з бочных алтароў.
Замест касцёла хацелі пабудаваць «Дзіцячы свет»
Напэўна, кожны мінскі старажыл ведае, што ў савецкі час у будынку храма быў Дом кіно, на месцы галоўнага алтара знаходзіўся курыльны пакой. Але далёка не кожны чуў, што касцёл наогул маглі зруйнаваць!
—На гэтым месцы ў планах было будаўніцтва ўнівермага «Дзіцячы свет» альбо буйнога кінатэатра, — узгадвае сумную гісторыю Галіна Івуць. — Адгаворваць ад задумы нашыя ўлады прыязджалі нават з Масквы. І дзякуй Богу, што гэтага не атрымалася.
Мы падыходзім да прыгожа аздобленага бакавога алтара, перад якім у шкляной скрыні ляжыць яшчэ дзве рэліквіі — белы крыж і піуска, круглая белая шапачка Папы Рымскага.
— Наш ксёндз-пробашч у 2005-м ездзіў на пахаванне Папы Яна Паўла ІІ, якога сёлета прызналі святым. Прывёз з Рыма рэчы Папы, якія цяпер захоўваюцца ў нашым касцёле.
Наогул у Чырвоным касцёле хапае цікавінак, якія маглі б стаць фондам спецыяльнага музея. У храме маю ідэю не аспрэчваюць. Падобную задуму і сапраўды абмяркоўвалі, але для ажыццяўлення ідэі патрэбны час і сродкі.
Ёсць у касцёле святых Сымона і Алены і свая легенда. Паводле яе, Алена, дачка Эдварда Вайніловіча, убачыла ў сне прыгожы храм, які пасля намалявала на паперы. У памяць аб заўчасна памерлых дзецях (Сымону і Алене) Вайніловіч пабудаваў касцёл згодна з малюнкам дачкі. Насамрэч усё атрымалася інакш. Касцёл, вельмі падобны на мінскі, знаходзіцца ў невялічкім польскім мястэчку Ютросін. Касцёлы аб'ядноўваюць не толькі стылістычныя рысы, колер, але і імя архітэктара. Праект святыні Вайніловіч замовіў Томашу Пайздэрскаму. Нягледзячы на архітэктурныя падабенствы (неараманскі стыль) з ютросінскім храмам, у мінскі праект архітэктар дадаў элементы готыкі, мадэрну.
Бібліятэку кнігамі папаўняў граф Тышкевіч
Разам са спадарыняй Галінай мы спускаемся ў дольны касцёл, на цокальны паверх, дзе знаходзіцца актавая зала і бібліятэка імя Адама Міцкевіча.
—Сучасны касцёл — гэта не толькі духоўны цэнтр, але і культурны, — падкрэслівае Галіна Івуць. — У нас дзейнічаюць два дзяржаўныя тэатры, ладзяцца канферэнцыі, адбываюцца мастацкія выставы, рэпеціруюць харавыя калектывы і праходзяць канцэрты арганнай музыкі. Мы праводзім семінары для экскурсаводаў. Расказваем ім пра гісторыю касцёла, даём практычныя парады, як трэба весці сябе ў святыні, праводзіць экскурсію і пры гэтым не перашкаджаць маліцца вернікам.
— І як гэта зрабіць, калі словы гіда ўсё роўна нельга не пачуць?
— З турыстычнай групай пажадана рухацца толькі па перыметры святыні. Адключыць сродкі сувязі і, безумоўна, не размаўляць гучна.
Мясцовая бібліятэка — гэта наогул знаходка для бібліяфілаў. Мы заходзім у памяшканне і перад намі з'яўляюцца шэрагі высокіх паліц з разнастайнай літаратурай.
— Так званую «міцкевічаўку» заснавалі яшчэ ў 1908 годзе. Фонд бібліятэкі папаўняла гарадская інтэлігенцыя. Шмат кніг бібліятэцы падарылі граф Юзаф Тышкевіч, Ядзвіга Кастравіцкая, сястра Эдварда Вайніловіча. На пачатку 1920-х бібліятэка знікла, і аднавіць яе атрымалася толькі ў 1998 годзе, у 200-ю гадавіну з дня нараджэння славутага паэта.
Цікава, што значны ўклад у аднаўленні кнігасховішча ўнеслі ўлады польскага Беластока. Ва ўрачыстых абставінах тагачасны прэзідэнт горада Кшыштаф Юргель перадаў Уладзіславу Завальнюку 6,5 тысячы тамоў! Аснову бібліятэкі складае мастацкая і тэалагічная літаратура. Галіна Івуць ганарыцца тым, што тут хапае кніг, якіх больш нідзе не сустрэнеш у Беларусі. А гэта і вялікі збор твораў Папы Яна Паўла ІІ, і добрая падборка замежных кніг, датаваных пазамінулым стагоддзем.
Калі мы выходзім на вуліцу да звона Нагасакі, які служыць напамінам пра ахвяр ядзерных катастроф, пытаюся пра кошт экскурсіі, бо цэны нават не ўказаны на аб'явах.
— Экскурсіі бясплатныя. Іх можна замовіць непасрэдна ў касцёле, — адказвае наш гід. — У мяне часам турысты таксама пытаюцца: «Дык колькі трэба заплаціць?» Ніколькі не трэба. Але вы можаце пакласці ў скрынку для ахвяры касцёла столькі грошай, колькі лічыце патрэбным.
Вось такая тут палітыка. І мне здаецца, цалкам адэкватная. Бо галоўнае тут далёка не грошы, а веды, адчуванні, з якімі ты пойдзеш з касцёла, распавядзеш сваім знаёмым і, верагодна, у наступны раз прывядзеш з сабой кампанію сяброў. І хто ведае, магчыма, нехта з іх пасля падобнай вандроўкі адкрые для сябе яшчэ адзін сэнс жыцця.
Тарас ШЧЫРЫ
Што трэба пабачыць у касцёле святых Сымона і Алены?
1. Копію Турынскай плашчаніцы.
2. Крыж і піуску, шапачку Папы, якія належалі Яну Паўлу ІІ.
3. Пахаванне Эдварда Вайніловіча.
4. Старадаўнія кнігі бібліятэкі імя Адама Міцкевіча.
5. Плябань, дом ксяндза. Паводле некаторых звестак, раней тут быў «Дом арганіста».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/religiya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/2-23.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/2-24.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/2-28.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt