У гандлёва-эканамічных стасунках паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй узніклі чарговыя цяжкасці. З канца лістапада рашэннем Рассельгаснагляду быў абмежаваны экспарт прадукцыі шэрагу айчынных прадпрыемстваў харчовай прамысловасці на расійскі рынак, а таксама забаронены транзіт беларускай прадукцыі праз тэрыторыю РФ у трэція краіны.
У якасці прэтэнзій расійскага кантрольнага органа гучаць як невыкананне патрабаванняў бяспекі беларускімі вытворцамі мясных і малочных прадуктаў, а таксама падазрэнні ў арганізацыі схем рээкспарту з краін Еўрасаюза, у дачыненні да якіх Расія ўвяла эканамічныя санкцыі.
Сітуацыя выглядае надзвычай дзіўна з улікам таго, што згодна з дагаворамі аб Саюзнай дзяржаве, Мытным саюзе паміж краінамі існуе свабоднае перамяшчэнне тавараў, прытым не толькі паміж Расіяй і Беларуссю, але таксама і з Беларусі ў Казахстан праз тэрыторыю Расіі. Фактычна аднабаковае ўвядзенне расійскім бокам мытнага кантролю на падставе ўсяго толькі «падазрэнняў» не толькі нясе эканамічныя страты для беларускіх прадпрыемстваў, іх партнёраў у Расіі, Казахстане і іншых краінах, але супярэчыць дагаворам аб адзінай мытнай прасторы, падрывае сам прэстыж інтэграцыі напярэдадні старту Еўразійскага эканамічнага саюза.
Вынікае, што любыя дагаворы могуць быць фактычна дэнансаваны нават без неабходнай юрыдычнай працэдуры, калі на тое будзе палітычная воля ці «падазрэнні» кантрольных арганізацый. Такім чынам, дзеянні Рассельгаснагляду ствараюць небяспечны прэцэдэнт, што можа вельмі негатыўна адбіцца на будучыні еўразійскай інтэграцыі.
Без віны вінаватыя?
Як заўжды бывае, калі Рассельгаснагляд раптам знаходзіць якую-небудзь «шкоду» ў грузінскіх, малдаўскіх, літоўскіх ці беларускіх прадуктах харчавання, да кампаніі дыскрэдытацыі падключаецца расійская прэса. Шматлікія журналісцкія «расследаванні», каментарыі «экспертаў», часта беспадстаўныя абвінавачанні вядуць да таго, што чыста ведамаснае эканамічнае пытанне выносіцца на ўзровень міждзяржаўных стасункаў.
Пры гэтым, калі ў афіцыйнай заяве Рассельгаснагляду гаворыцца пра тое, што «існуюць падазрэнні, што пад выглядам беларускай прадукцыі можа быць арганізаваны рээкспарт тавараў санкцыйнай групы», то публіцыстыка журналістаў ужо даўно зрабіла беларускі бок вінаватым. Так, з лёгкай рукі тэлевізійных і газетных «кілераў», без усялякага следства «хітрыя беларусы» аказаліся адказнымі за тое, што «нажываюцца» на «эканамічнай вайне» паміж Расіяй і Захадам.
З прававога пункту гледжання вельмі цяжка каментаваць рашэнні Рассельгаснагляду, прынятыя на падставе «можа быць» і «існуе падазрэнне», але патрэбна адзначыць, што просьбу беларускага прадстаўніка ў Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргея Сідорскага не ўводзіць абмежаванні да атрымання вынікаў афіцыйнай праверкі расійскія партнёры не пачулі і пакінулі без увагі.
Падобна на тое, што тыя вынікі насамрэч нікога і не цікавяць, а сама кампанія была арганізавана з зусім іншымі мэтамі.
Гісторыя пытання
Справа ў тым, што Расійская Федэрацыя, нягледзячы на амаль аптымальныя ўмовы для земляробства і жывёлагадоўлі, дагэтуль не можа паўнавартасна вырашыць задачы ўласнай харчовай бяспекі. Па вельмі пазітыўных афіцыйных звестках кіраўніка расійскага ўрада Дзмітрыя Мядзведзева, паказчык забяспечанасці па мясе і мясапрадуктах — каля 75%, а па малочных прадуктах — каля 60%. Калі браць асобную наменклатуру, то найбольш непрыемная сітуацыя склалася на рынку ялавічыны (каля 37%) і сыроў (53,2%).
У гэтых умовах, уцягваючыся ў эканамічнае супрацьстаянне з краінамі ЕС, чыя доля ў расійскім імпарце, напрыклад, сыроў і тварагу складала каля 62%, кіраўніцтва РФ мусіла парупіцца пра інтарэсы харчовай бяспекі і патрэбы звычайных спажыўцоў.
Вядома, адной з асноўных надзей Расіі ў плане забеспячэння прадуктамі харчавання была і застаецца Беларусь. Згодна са статыстыкай, таго ж сыру расійскі рынак спажывае каля 800 тыс. тон штогод, пры гэтым каля 400 тыс. тон складае імпарт, з іх каля 25% — прадукцыя беларускай вытворчасці. Пры гэтым, было адразу зразумела, што магчымасці айчынных прадпрыемстваў далёка не бязмежныя, таму афіцыйным Мінскам на ўзроўні ўрада яшчэ ў жніўні было ўзгоднена з Рассельгаснаглядам права на перапрацоўку замежнай сыравіны беларускімі вытворцамі. Вядома, такія дамоўленасці пэўным чынам паўплывалі на стратэгію знешнеэканамічнай дзейнасці шэрагу айчынных прадпрыемстваў. Скажам, толькі з палякамі былі падпісаны пратаколы аб намерах набываць да 200 тысяч тон малака штомесяц з мэтай далейшай перапрацоўкі для рэалізацыі на рынку Расіі.
Каму выгадна?
Адразу ж пасля ўвядзення эканамічных санкцый у дачыненні да заходніх краін у матэрыялах расійскай прэсы пачалі мусіраваць тэму аб нейкай надзвычайнай выгадзе для эканомікі Беларусі падобнага становішча, а афіцыйныя асобы РФ сталі папярэджваць саюзнікаў аб недапушчальнасці рээкспарту замежных тавараў.
Выгада, безумоўна, ёсць, аднак маштабы прыбыткаў расійскім бокам яўна завышаюцца, гэтак жа як і спакуса арганізаваць шэрую схему хутчэй знаходзіцца бліжэй да расійскіх правілаў гаспадарання, чым да беларускіх. Напрыклад, згодна з інфармацыяй Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у верасні 2014 года экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі вырас усяго на 10,2% у параўнанні з вераснем 2013‑га, што склала ў чыстым грашовым выражэнні каля 27 млн долараў.
Пасля дэвальвацыі расійскага рубля гэтыя «звышпрыбыткі» агулам стала цяжка падлічыць, а той жа Мінсельгасхарч Беларусі гаворыць ужо не пра выгаду, а пра страты беларускіх вытворцаў у выніку абясцэньвання расійскай валюты, што, згодна з падлікамі эканамістаў, дасягаюць 160 млн долараў.
Гэта значыць, тыя 10–15% росту беларускіх паставак наўрад ці дазваляюць заўважыць шалёны рост экспарту, які можа выклікаць «падазрэнні» Рассельгаснагляду. Атрымліваецца, што кажуць праўду эксперты, якія называюць сапраўднай мэтай «атакі» не ліквідацыю меркаваных схем рээкспарта, а спробу пэўных фінансавых колаў РФ узяць пад кантроль прадпрыемствы беларускай сельскай гаспадаркі.
Падобна на тое, што буйны расійскі бізнес сапраўды паверыў у магчымасць атрымліваць сур'ёзныя барышы, займаючыся рээкспартам з беларускіх пазіцый, а інструментам ціску, як ужо не раз бывала, выступіла дзяржаўная кантрольная ўстанова — гэтым разам Рассельгаснагляд.
Па законе, а не «па паняццях»
Цяпер паміж беларускім і расійскім бакамі ідуць інтэнсіўныя кансультацыі, па выніках якіх чакаецца, што пастаўкі беларускай прадукцыі, гэтак жа як і транзіт, адновяцца з 2 снежня 2014 года. Такі паварот да ранейшага «статус кво» яшчэ больш дадае няпэўнасці ва ўсю гэтую гісторыю і проста змушае шукаць «падводныя камяні».
У любым выпадку зразумела, што інтэграцыйныя структуры яшчэ занадта сырыя і мусяць быць умацаваны перад нацыянальнымі органамі, калі ў прыярытэце адносін будзе незалежнае следства згодна з нормамі права, а не палітычная воля аднаго з суб'ектаў улады краін — удзельніц Мытнага саюза.
Цалкам слушна ў гэтым ключы выглядае думка беларускага віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага: «Каб кожны раз не даказваць расійскім партнёрам, што «я не лысы», у будучым ЕАЭС павінна быць прадугледжана наднацыянальная кантрольная служба, рашэнне якой і будзе вызначальным для суб'ектаў гаспадарання».
Аляксандр ШПАКОЎСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shpakouski
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/palityka-0