або Як не заблукаць у «трох соснах» узаемаадносін
Гэтым летам Вераніка і Аляксей Сысы пажаніліся, а пасля разам паехалі на размеркаванне ў Капыльскі лясгас. Маладая сям'я працуе тут амаль паўгода. Нам яны расказалі, чым ім спадабаўся Капыль, як праходзяць будні і чым сужэнцы заняты ў вольны час.
...Вераніка і Аляксей — аднагрупнікі, вучыліся разам пяць гадоў у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на факультэце тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці.
— Мне бацькі параілі, каб пайшла ў лясную справу, — дзеліцца Вераніка. — Тлумачылі так: не прападзеш, будзе добры заробак.
Чаму яны так думалі — невядома, бо работнікаў лясной гаспадаркі сярод сваякоў няма ні ў Веранікі, ні ў Аляксея. Ён таксама прыслухаўся да парады бацькоў, хоць душа ляжала да машын, механізмаў і тэхнічных навук.
...Іх гісторыя кахання нагадвае меладраматычны сюжэт. Спярша Вераніка і Аляксей трапілі ў адну групу. Пачалі сябраваць, хлопец запрасіў дзяўчыну на спатканне, якое скончылася... чатырма гадамі зацішша. «Адліга» надышла толькі на апошнім курсе навучання. Былое забылася, і маладыя людзі вырашылі проста схадзіць пагуляць, а пасля — паўтарыць сустрэчу. Так рамантычныя адносіны закруціліся з новай сілай. Прапанову рукі і сэрца Вераніка прыняла без капрызаў. Вяселле адгулялі на радзіме маладой — у Лідзе (сама яна з вёскі). А потым настаў час і для размеркавання. Малады муж загадзя паклапаціўся пра будучую працу: ён праходзіў вытворчую і пераддыпломную практыку ў Капыльскім лясгасе. Да таго ж Аляксей — мясцовы.
— Выбару ў мяне не было, бо муж адразу сказаў — едзем у Капыль, — «паскардзілася» Вераніка.
Аляксей пацвердзіў: «Яна пагадзілася выйсці замуж, а пра астатняе думаў я. Мясціны знаёмыя, вопыт працы быў. А наконт сталіцы... Ведаеце беларускую прыказку: «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся»? Працы хапае паўсюль, калі ведаць, чым сябе заняць. Лясгас тут моцны, людзі працавітыя, а праблемы ёсць паўсюль, куды б ты ні паехаў».
Абое ўладкаваліся добра. Вераніка працуе інжынерам па стандартызацыі, сертыфікацыі і метралогіі. За гэтай складанай спецыяльнасцю хаваецца шмат папяровай працы, аднак жанчыне даводзіцца ладзіць і рэйды па лесе.
— Я правяраю працу леснікоў на адпаведнасць усім прынятым стандартам, — тлумачыць Вераніка. — Але гэта не значыць, што я працую толькі з дакументамі. Таксама хаджу па лесе з рулеткай і правяраю спілаваныя харвестарам дрэвы: сачу, каб не было крывых, гнілых, хворых. Вяду экалагічны ўлік адходаў. Раней я такімі справамі не займалася, многае для мяне ў навінку, таму даводзіцца шмат у чым разбірацца. Пакуль працую па сістэме сваіх папярэднікаў. У любым выпадку, магу звярнуцца па дапамогу да свайго калегі, які да мяне працаваў на гэтай пасадзе.
У адрозненне ад жонкі, якая мае малы вопыт працы, Аляксей можа параўноўваць...
— Будзённая праца значна адрозніваецца ад студэнцкай практыкі, — адзначае малады спецыяліст. — Цяпер працую з усведамленнем, што ад маіх рашэнняў залежыць, якім будзе ўчастак.
Ва «ўладаннях» Аляксея знаходзяцца лясы, якія прылягаюць да Капыля. У падпарадкаванні маладога кіраўніка сем леснікоў, працу якіх ён кантралюе. Звычайны распарадак такі: Аляксей атрымлівае заданне ад кіраўніцтва, тлумачыць яго сваім падначаленым, а пасля адпраўляе іх у лес. Леснікі займаюцца пасадкай і вырошчваннем дрэў. Майстар лесу выдае пасадачны матэрыял, інструменты, сродкі абароны і займаецца папяровымі справамі. Але бывае, што хлопцу самому даводзіцца прабыць у лесе цэлы дзень.
— Прыязджае дадому са словамі «я стаміўся, я сёння набегаўся», — выдае мужа Вераніка. А ён, у сваю чаргу, ад гэтых слоў не адмаўляецца.
— У лесе заўжды ёсць чым заняцца, — упэўнены Аляксей. — Ён дае чалавеку шмат даброт, і калі ўмець імі карыстацца, бедным не застанешся. Але хапае і браканьераў. Хоць незаконных высечак у лясніцтве амаль няма, кантроль усё ж патрэбен. Людзі прывыклі думаць, што лесу ў нас шмат. А калі кожны будзе нядбайна ставіцца да яго, дык што застанецца нашчадкам?
З жыллёвым пытаннем, якое хвалюе многіх размеркаваных маладых спецыялістаў, у сям'і Сысаў праблем няма. Маладыя здымаюць аднапакаёвую кватэру, арэнду ім аплочвае лясгас. Зарплата, па іх мерках, нармальная — Аляксей атрымлівае прыкладна чатыры мільёны, а Вераніка крыху менш.
— Пакуль грошай нам хапае, але калі з'явяцца дзеці, прыйдзецца цяжкавата, — падсумавала Вераніка.
Калі жонка рыхтавалася да фотасесіі, Аляксей распавёў нам, чым можна заняцца ў Капылі. Сам ён толькі нядаўна закончыў рамонт кватэры. Да «забавак» асабліва спрыту не мае — хапае клопатаў на працы. Адно сумна — усе сябры юнацтва жывуць цяпер у сталіцы.
— Пагадзіцеся, сяброў заводзяць з малых гадоў, — кажа хлопец. — А ў мяне так атрымалася, што адзін сябар працуе журналістам у сталічным выданні, другі — у канструктарскім бюро. Добра яшчэ, што бацькі побач.
У сям'і справы падзелены на жаночыя і мужчынскія. Але здараюцца і выключэнні з гэтага правіла.
— Не адмоўлюся і сам пастаяць ля пліты, калі ўбачу, што жонка стамілася, — прызнаецца Аляксей. — Усё ж чатыры гады пражыў у інтэрнаце — гатаваць умею. «Хочаш паказаць сябе гурманам, кінь у суп лаўровы ліст», — так казалі хлопцы ў інтэрнаце. Але што з іх узяць, «пачаткоўцаў», — усміхаецца малады муж.
Канчатковага рашэння — застануцца яны ў Капылі ці не — маладыя яшчэ не прынялі. Затое выдатны падмурак для будучыні ў іх ужо закладзены.
Кацярына РАДЗЮК.
Мінск — Капыль — Мінск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/4-13.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/4-14.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-radzyuk-1