Цяпер у нашай краіне назвы вуліц у гонар знакамітых людзей будуць даваць па поўным імені і прозвішчы, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі.
Спецыялісты камітэта патлумачылі, што адразу разглядаўся і другі «дыферэнцыраваны» падыход. Ён прадугледжваў, што назва можа складацца з прозвішча; імя і прозвішча ў выпадках, калі назвы прысвойваюцца ў гонар непаўналетняй выдатнай асобы (напрыклад, вул. Марата Казея); у гонар замежных вядомых асоб (вул. Карла Маркса); у немілагучных і двухсэнсоўных назвах (напрыклад, вул. Напалеона Орды); звання і прозвішча; псеўданіма.
Аднак, зыходзячы з таго, што назвы элементаў вулічна-дарожнай сеткі і іншых аб'ектаў інфраструктуры выконваюць як мінімум дзве функцыі (адрасную і мемарыяльную), за ўвядзенне ў дзеянне аднастайнага падыходу выказалася большасць членаў Тапанімічнай камісіі камітэта. Эксперты пагадзіліся, што прыняцце гэтага падыходу ў поўнай меры адпавядае патрабаванням уніфікацыі тапанімічнай сістэмы ўнутры населеных пунктаў і адначасова служыць адукацыйна-выхаваўчым мэтам. Падыход дазваляе ідэнтыфікаваць асобу, у гонар якой названа вуліца.
Менавіта дзякуючы гэтым мерам жыхары Мінска даведаюцца, што вуліца Караткевіча названа ў гонар не Уладзіміра Караткевіча, а падпольшчыка Дзмітрыя Караткевіча, які загінуў у час вайны з фашыстамі. А вуліца Бяды названа ў гонар генерал-маёра авіяцыі Леаніда Бяды, які загінуў у аўтакатастрофе разам з Фёдарам Сурганавым. Больш дакладныя назвы вуліц гарадоў і вёсак краіны паспрыяюць уважліваму вывучэнню гісторыі нашай Айчыны.
З практычнага пункту гледжання выкарыстанне ў назве імені, прычым на першым месцы, неабходна для правільнага напісання прозвішча на рускай і беларускай мовах, што дапамагае пазбегнуць граматычных памылак. Эксперты ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі камітэта нагадваюць, што згодна з правіламі арфаграфіі:
—прозвішча, якое заканчваецца на літару «о» не пад націскам у рускай мове, на беларускай мове будзе мець апошнюю літару «і», калі гаворка ідзе пра мужчыну, і — «а», калі пра жанчыну: ул. Алеся Осипенко — вул. Алеся Асіпенкі; ул. Полины Осипенко — вул. Паліны Асіпенка;
—прозвішча, якое ў назоўным склоне заканчваецца на літару «к», у родным склоне мае канчатак «а», калі гаворка ідзе пра мужчыну, і нулявы канчатак, калі пра жанчыну: Ильюнчик: ул. Ірины Ильюнчик — вул. Ірыны Ільюнчык; ул. Олега Ильюнчика — вул. Алега Ільюнчыка;
—прозвішча, якое заканчваецца на «вич/віч» не скланяецца, калі гаворка ідзе пра жанчыну, і скланяецца, калі гаворка ідзе пра мужчыну: Багдановіч: вул. Ірыны Багдановіч — ул. Ирины Богданович; вул. Максіма Багдановіча — ул. Максима Богдановича.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі і Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Георгій Кузняцоў адзначыў, што вопыт нашай краіны па навядзенні парадку з назвамі населеных пунктаў і іх састаўных частак (вуліц, плошчаў і г. д.) лічыцца перадавым у СНД.Паводле слоў кіраўніка Дзяржкаммаёмасці, «мы ствараем аснову для ліквідацыі той блытаніны, якая да гэтага часу панавала, калі імёны знакамітых людзей прысвойваліся не па агульным правіле, а па чыёйсьці суб'ектыўнай думцы. Густаўшчыне ў гэтай справе не месца. Цяпер па ўсёй краіне будуецца шмат новага жылля, пракладваюцца новыя вуліцы. У выпадку, калі яны будуць мець нейкае імя і прозвішча альбо псеўданім, то будуць называцца па адзіным стандарце, які прапісваецца».
Разам з тым, у Дзяржкамітэце быў зроблены акцэнт на праблемы, што рэгулярна ўзнікаюць з выканаўцамі. Мясцовыя ўлады і жыллёва-камунальныя службы не заўсёды звяраюць звесткі, якія наносяць на адрасныя таблічкі, з тым, як пазначаны назвы вуліц у рэестры адрасоў Беларусі.
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0