Да 2020 года краіны Еўропы збіраюцца падрыхтаваць 75 мільёнаў высокакваліфікаваных спецыялістаў для інавацыйных тэхналогій. Расія — 25 мільёнаў, а Індыя, напрыклад, замахнулася да 2025 года вывучыць і вывесці на рынак працы 350 мільёнаў высокакваліфікаваных рабочых.
«Стаўленне да прафесійнай адукацыі змяняецца ва ўсім свеце глабальна. Інвестыцыямі, якія прыносяць найбольшыя дывідэнды, у развітых краінах Еўропы лічацца ўкладанні менавіта ў сістэму прафесійнай адукацыі. Да 40% унутранага валавога прадукту гэтых краін складаецца за кошт развіцця прафесійнай школы», — паведаміў падчас «круглага стала» старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай КАЗАРАВЕЦ.
9-33
Пасяджэнне пастаяннай камісіі адбылося на базе прафесійна-тэхнічнага каледжа Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі (РІПА), а галоўнай тэмай «круглага стала» стаў стан нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі. Да ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаны таксама прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны.
«Разумныя» работнікі — для інавацыйнай вытворчасці
— Адна з нямногіх еўрапейскіх краін, што параўнальна лёгка перажыла эканамічны крызіс, — Германія, якая забяспечана высокакваліфікаванымі спецыялістамі на ўсіх узроўнях. Тое ж можна сказаць і пра Фінляндыю, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыірэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь ШКЛЯР. — Калі кадры канкурэнтаздольныя, то і эканоміка мае тэндэнцыю да развіцця.
70 працэнтаў прадукцыі, што вырабляецца ў Беларусі, арыентавана на экспарт. Але для таго, каб выпускаць канкурэнтаздольную на знешніх рынках прадукцыю, патрабуюцца не толькі сучасныя тэхналогіі, але і спецыялісты самай высокай кваліфікацыі, якія змогуць працаваць на сучасным абсталяванні. Ёсць прафесіі, дзе рабочаму хапае прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але ёсць прафесіі, і іх становіцца ўсё больш, дзе ад рабочага персаналу патрабуецца наяўнасць сярэдняй спецыяльнай і нават вышэйшай адукацыі. Заказчыкі кадраў настойваюць на тым, што ў сувязі з шырокамаштабнай мадэрнізацыяй у прамысловасці ім сёння патрабуюцца спецыялісты, якія валодаюць адначасова некалькімі кампетэнцыямі, гэта значыць, спецыялісты, якія могуць не толькі выконваць пэўныя аперацыі на абсталяванні, але і абслугоўваць яго. Патрабуюцца кадры для інавацыйных тэхналогій.
Агульная кан'юнктура рынку ў нашай краіне характарызуецца ўстойлівым перавышэннем попыту на рабочую сілу над прапановай. Прадпрыемствы і арганізацыі адчуваюць патрэбу перш за ўсё ў рабочых прафесіях, якія складаюць каля 80% ад агульнай колькасці вакансій, заяўленых у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
— У 1985 годзе сістэма айчыннай прафесійна-тэхнічнай адукацыі рыхтавала 158 тысяч навучэнцаў, хоць насамрэч яе магутнасці яшчэ большыя і разлічаны на 160 тысяч чалавек. Беларусь цалкам захавала створаную сістэму прафесійнай адукацыі, хоць дэмаграфічная сітуацыя ў краіне істотна змянілася. Як змянілася і стаўленне моладзі да рабочых прафесій, — падкрэсліў Аркадзь Шкляр. — І сёння ў нас у прафтэхустановах навучаецца 74,6 тысячы маладых людзей. Фактычна мы назіраем перакуленую піраміду, калі асноўная частка выпускнікоў робіць выбар на карысць вышэйшай школы, хоць павінна быць усё наадварот. У жаданні развівацца і павышаць свой адукацыйны ўзровень няма нічога дрэннага, але калі абітурыенты ідуць у ВНУ з 3—5 баламі ў сертыфікатах, то гэта выклікае пытанні.
У эканоміцы нашай краіны колькасць працоўных месцаў для людзей з вышэйшай адукацыяй складае толькі 27,4% ад агульнай колькасці. А колькі людзей з дыпломамі аб вышэйшай адукацыі мы адпраўляем на рынак штогод?
Хто ў чарзе на павышэнне кваліфікацыі?
Колькасць рабочых, занятых у эканоміцы краіны, перавышае зараз 2,2 мільёна, аднак каля 1 мільёна рабочых маюць толькі агульную сярэднюю адукацыю.
— Выказваючы незадаволенасць якасцю рабочай сілы, кіраўнікі арганізацый часта не разглядаюць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку сваіх кадраў як абавязковую ўмову і ключавы рэсурс для развіцця сваёй вытворчасці, — заўважае Аркадзь Шкляр. — Нас хвалюе, што прадпрыемствы перасталі ўкладваць сродкі ў перападрыхтоўку дарослага насельніцтва. Але мы ніколі не зможам забяспечыць інавацыйную эканоміку патрэбнымі спецыялістамі, калі не будзем займацца перападрыхтоўкай кадраў.
Між іншым, па звестках НДІ эканомікі Міністэрства эканомікі, маюць патрэбу ў павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы каля 2 млн рабочых і служачых. Але, на жаль, рынак працы яшчэ не стаў прамым заказчыкам прафесіянальных адукацыйных паслуг. Заказы на падрыхтоўку кадраў не адлюстроўваюць патрэбы ў новых кваліфікацыях.
У прагназаванні патрэб практычна не ўдзельнічаюць арганізацыі малога і сярэдняга бізнесу. Многія працадаўцы не спяшаюцца падаваць заяўкі на падрыхтоўку кадраў у навучальныя ўстановы, паколькі не хочуць браць на сябе абавязкі па працаўладкаванні маладых рабочых. Гэтым тлумачыцца і той факт, што заказчыкі зусім не зацікаўлены ў мэтавай падрыхтоўцы кадраў, якая прадугледжвае павелічэнне тэрміну абавязковай працы маладых спецыялістаў. Тэарэтычна яна павінна была зацікавіць прадпрыемствы, а атрымліваецца ўсё наадварот. Мэтавы набор па заяўках наймальнікаў у прафтэхустановах складае ўсяго 6% ад агульнага набору, а на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 15%.
Вельмі складана ідуць справы з замацаваннем маладых спецыялістаў на рабочых месцах, але гэтая праблема — комплексная... З аднаго боку, даводзіцца канстатаваць нізкі ўзровень арыентацыі выпускнікоў на будучую прафесійную дзейнасць. А з другога боку, замацаванню моладзі не спрыяе нізкая канкурэнтаздольнасць саміх рабочых месцаў, узровень заработнай платы і адсутнасць сацыяльнага пакета.
На чым нельга эканоміць?
Сенатары пацікавіліся ў першага намесніка міністра адукацыі Вадзіма БОГУША, як будзе адбывацца аптымізацыя сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі.
— Мадэрнізацыя чакае тыя навучальныя ўстановы, якія маюць недастатковую колькасць навучэнцаў і дзе неэфектыўна выкарыстоўваюцца існуючыя плошчы. Далейшае развіццё такіх устаноў можа весціся шляхам пашырэння спектра адукацыйных паслуг, у першую чаргу, за кошт арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі дарослых. Трэба выключыць дубліраванне прафесій ва ўстановах, размешчаных, умоўна кажучы, на адной вуліцы, і забяспечыць падрыхтоўку кадраў з улікам патрэб рэгіянальных эканомік, — адказаў Вадзім Богуш.
Цяпер працягваецца работа па скарачэнні тэрмінаў атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Змяншэнне тэрмінаў падрыхтоўкі рабочага ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі на паўгода скарачае бюджэтныя выдаткі на 14,5 млн рублёў на аднаго навучэнца за год. Але ў рэктара РІПА Аркадзя Шкляра сваё бачанне гэтай сітуацыі:
— Мы не згодны з тым, каб жорстка ўніфікаваць тэрміны навучання для ўсіх. Я, напрыклад, не разумею, чаму ў Германіі муляра рыхтуюць тры гады, а мы спрабуем зрабіць гэта за 2,5 года або спадзяёмся падрыхтаваць за такі ж час закройшчыка? Эканомія не заўсёды сябе апраўдвае... Кошт падрыхтоўкі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі ва ўсіх краінах дастаткова высокі, таму ў многіх дзяржавах ствараюць умовы (прадастаўляюць прэферэнцыі) для прыцягнення да фінансавання адукацыйнага працэсу наймальнікаў усіх формаў уласнасці. Прымяняецца так званая дуальная сістэма. Дзяржава аплачвае развіццё ўстаноў адукацыі, падрыхтоўку па агульнаадукацыйных, агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплінах, а наймальнік бярэ на сябе вытворчае навучанне і практыку навучэнцаў. Гэта вельмі актуальна, улічваючы практыка-арыентаваны характар навучання...
Аркадзь Шкляр упэўнены, што створаная сістэма прафтэхадукацыі будзе працаваць яшчэ гадоў 10—15 і спраўляцца з пастаўленымі задачамі. Таму ніякіх рэвалюцыйных змен ёй не патрэбна. «Але мы павінны ўжо сёння думаць пра стварэнне нарматыўна-прававой базы для мадэрнізацыі прафтэхшколы. Спецыялісты расійскага «Сколкава» распрацавалі ўжо 100 новых кваліфікацый для інавацыйных тэхналогій. І нам нельга ад суседзяў адставаць. Трэба стварыць савет па пытаннях удасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Мы павінны пераходзіць да сістэмы сертыфікацыі кваліфікацый, каб любы чалавек мог прыйсці і атрымаць у прафтэхшколе толькі патрэбную яму кваліфікацыю», — кажа Аркадзь Шкляр.
Надзея НІКАЛАЕВА
Даведка «Звязды»:
Тэндэнцыя змяншэння напаўняльнасці прафесійна-тэхнічных устаноў цягне за сабой павелічэнне кошту падрыхтоўкі навучэнцаў. Выдаткі на падрыхтоўку аднаго навучэнца складаюць 28,9 млн рублёў за год. Найменшыя выдаткі — у мінскіх навучальных установах, якія маюць большую напаўняльнасць.
У маі гэтага года ў Беларусі прайшоў першы нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WоrldSkіlls Bеlаrus—2014. Беларусь стала 68-й краінай, якая далучылася да WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ). Мэтай гэтай унікальнай некамерцыйнай міжнароднай арганізацыі з'яўляецца папулярызацыя рабочых прафесій, у тым ліку праз правядзенне міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве. Але спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб дапамагчы прадстаўнікам самых розных краін павысіць прафесійныя кампетэнцыі і спрыяць распаўсюджванню ў свеце міжнародных прафесійных стандартаў. Ёсць краіны, якія стабільна перамагаюць у міжнародных спаборніцтвах: так, на апошніх шасці чэмпіянатах лідзіравалі прадстаўнікі Паўднёвай Карэі. Ці варта здзіўляцца такому факту, улічваючы, што менавіта гэтая краіна з'яўляецца самым паспяховым вытворцам у свеце? Ці ўсё наадварот: Карэя з'яўляецца самым паспяховым вытворцам у свеце дзякуючы менавіта высокай кваліфікацыі работнікаў, занятых у вытворчасці? У наступным годзе, каб прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства, у Бразілію на сусветны чэмпіянат адправяцца і беларусы...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/gazeta
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/9-33.jpg