Удасканаленне дзейнасці Саветаў дэпутатаў пярвічнага ўзроўню, а таксама забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця вёскі абмеркавалі ўдзельнікі «круглага стала». Мерапрыемства прайшло ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У ім прынялі ўдзел старшыні пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў, а таксама госці з Таджыкістана, якія прыехалі ў Беларусь для павышэння кваліфікацыі.
Замежным гасцям цікава было пачуць аб рабоце беларускага парламента і, у прыватнасці, Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, якую ўзначальвае Святлана Герасімовіч, а таксама Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. «Сярод актуальных пытанняў, якімі займаюцца дэпутаты, — стварэнне ўмоў для прадпрымальніцкай дзейнасці, турысцка-экскурсійных паслуг, аграэкатурызму, нармальнай жыццядзейнасці людзей, забеспячэнне тэрыторый якаснай пітной вадой. Вялікая ўвага надаецца навядзенню парадку на зямлі, добраўпарадкаванню населеных пунктаў», — адзначыла сенатар.
Пра тое, як рэалізуюцца палажэнні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», расказала начальнік аддзела Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вікторыя Верына. На напрацоўках цэнтральнага рэгіёна ў гэтым напрамку спыніўся старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі.
Дзе справядлівасць?
У Мінскай вобласці летась знесена 1260 старых і пустуючых дамоў. На гэты год запланавана 1360. «Але іх размеркаванне па канкрэтных рэгіёнах вельмі адрозніваецца, — заўважыў Іван Ліпніцкі. — Бярэзінскі і Клецкі раёны бяруць на сябе амаль паўтысячы старых будынкаў, чаго не скажаш пра Мінскі раён. І гэтаму ёсць тлумачэнне — зямля тут каштуе дорага, спадчынікам не надта хочацца развітвацца з ёю. Пры гэтым, калі браць Дзяржынскі, Валожынскі, Пухавіцкі, Уздзенскі раёны, то найбольшая запатрабаванасць зямельных участкаў менавіта ў тых сельсаветах, якія прылягаюць да Мінска-
га раёна. «Таму мы вымушаны часам прымяняць і адміністрацыйныя метады, калі бачым, што раёны нераўнамерна бяруць на сябе нагрузку па зносе. Напрыклад, дзе справядлівасць: Клецкі раён павінен знесці 300 дамоў, а Мядзельскі толькі 25–30? Хаця і тут зямля «гуляе» пад пустуючымі дамамі, няма гаспадароў», — заўважыў старшыня аблсавета.
З гэтай нагоды ён нагадаў пра вельмі красамоўны выпадак. У 2013 годзе ў Капыльскім раёне быў знесены стары дом, які, так бы мовіць, дыхаў на ладан. Пасля гэтага аб'явілася спадчынніца, якая пражывала ў Расіі, і запатрабавала кампенсацыю. Дайшла да гаспадарчага суда, які задаволіў яе патрабаванні — выплаціць 40 млн рублёў. Довады, што жанчына на працягу гадоў не плаціла падатак на зямлю і нерухомасць, не былі прыняты да ўвагі.
У сувязі з гэтым, лічыць Іван Ліпніцкі, наспела неабходнасць унесці прапанову ў Савет па ўзаемадзеянні па зменах і дапаўненнях у заканадаўчую базу. У прыватнасці, згодна з Указам Прэзідэнта № 100, пустуючыя дамы — гэта тыя, пра якія ёсць дакладныя звесткі, што на працягу трох апошніх гадоў асобы, якія маюць права карыстання імі, пражываюць у іх менш за адзін месяц. Але ў законе не прапісана, якія ж дакументы могуць з'яўляцца верагоднымі сведчаннямі пра гэта. А такія палажэнні, на думку старшыні абласнога Савета, павінны змяшчацца ў адпаведных дакументах.
Па-другое, у раённыя камісіі, якія ацэньваюць стан пустуючых дамоў, не ўваходзіць пракурор. «А без яго санкцыі мы не можам ускрыць будынак», — канстатаваў Іван Ліпніцкі. На яго думку, неабходна на заканадаўчым узроўні ўстанавіць норму пазасудовага адчужэння пустуючых зямельных участкаў і збудаванняў на падставе прадстаўлення сельвыканкама, заключэння раённай камісіі і рашэння райвыканкама. Гэта будзе дысцыплінаваць насельніцтва. Калі грамадзянін ці спадчыннік па завяшчанні ці па законе не аформіў або не падаў заяву ў натарыяльную кантору аб уступленні ў права спадчыннасці ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны, не даглядае дом, не апрацоўвае зямельны ўчастак, то такі дом павінен аўтаматычна пераходзіць у дзяржаўную ўласнасць. Пры гэтым, як адзначыў Іван Ліпніцкі, нельга парушаць правы грамадзян, калі яны знаходзяцца на ваеннай службе, у працяглай камандзіроўцы, на лячэнні. Пустуючыя дамы можна аддаць тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. А калі такіх няма — выставіць на аўкцыён.
Лепш дамовіцца
— Так, жыццё не стаіць на месцы, і ў законы таксама трэба ўносіць змены. Але ў любым законапраекце ўсё дакладна не ўлічыш. Старшыні сельскіх Саветаў павінны быць знаёмы з кожнай сям'ёй, з кожным жыхаром. Тыя, хто працаваў да вас, ведаюць, каму належаў дом, на якім этапе ён перастаў абслугоўвацца. Калі памірае стары чалавек, трэба адразу ж варушыцца, высвятляць, шчыльна займацца гэтымі пытаннямі. Тады намнога лягчэй будзе выконваць законы, якія прымаюцца, і не спатрэбяцца суды, — параіла Святлана Герасімовіч.
— Калі да нас прызначылі новага старшыню райвыканкама, ён запрасіў да сябе ўсіх старшынь сельскіх Саветаў і сказаў літаральна наступнае: вы мае памочнікі, мая апора. Вы і псіхолагі, і дыпламаты, і вам вырашаць пытанні, якімі не павінен займацца чыноўнік. У гэтым плане, лічу, мы ў больш выгадным становішчы ў параўнанні з іншымі раёнамі, бо адчуваем падтрымку і разуменне мясцовай улады, у тым ліку і па пытаннях выкарыстання пустуючых дамоў, — канстатавала старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Лідзія Клішэвіч. — Разам з тым і нам не ўдалося пазбегнуць непрыемнай сітуацыі. У адным з сельсаветаў быў знесены стары дом. Пры гэтым прысутнічала і адна з уласніц, нават дапамагала выносіць рэчы. Але затым жанчына перадумала і… падала іск у суд разам са сваёй сваячкай. І ім вымушаны былі выплаціць кампенсацыю: па 28 млн рублёў кожнай.
Сёння мы імкнёмся вырашаць пытанні не праз суды, а непасрэдна са спадчыннікамі: знаходзім іх, прымаем ад іх адмоўніцкія пісьмы і з іх згоды зносім старыя дамы. Акрамя таго, за кожным сельсаветам распараджэннем старшыні райвыканкама замацаваны арганізацыі, у тым ліку і гарадскія, якім ставяцца дакладныя задачы: у пэўны тэрмін у канкрэтным населеным пункце знесці дом.
Па адзіным стандарце
Спынілася Лідзія Клішэвіч і на такім пытанні, як навядзенне парадку на грамадскіх могілках. Усяго ў раёне іх 103, у тым ліку 14 з іх перададзены на баланс ЖКГ, астатнія ў веданні сельскіх Саветаў. Неагароджанымі засталося толькі 10 могілак. «Мы мэтанакіравана ідзём да таго, каб агароджа была не драўляная, а бетонная. Стараемся, каб парадак на магілах наводзілі самі людзі, блізкія, родныя. І толькі там дзе няма сваякоў, падключаем грамадскасць, — адзначыла Лідзія Клішэвіч. — Нашы дэпутаты пастаянна даводзяць да сваіх выбаршчыкаў, што яны самі павінны падтрымліваць парадак там, дзе жывуць: на сваёй тэрыторыі, у доме, пад'ездзе. Нам не патрэбны пратаколы, спагнанні. Нам патрэбен парадак, якога можна дасягнуць толькі ўзаемаразуменнем».
— Створана рабочая група па ўдасканаленні работы ЖКГ, якая вывучае ў тым ліку і пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, навядзення парадку на зямлі, — паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун.
У прыватнасці, яна прапануе дазволіць органам мясцовай улады замацоўваць асобныя тэрыторыі за суб'ектамі гаспадарання і грамадзянамі для выканання работ па іх утрыманні. Прадугледжваецца, што асвятленне вуліц у населеных пунктах будзе перададзена энергазабяспечвальным арганізацыям. Але фінансаванне застанецца з мясцовага бюджэту. Па-другое, вуліцы сельскіх населеных пунктаў мэтазгодна перадаць на абслугоўванне дарожным арганізацыям мясцовых ЖКГ — каб забяспечыць адзіны стандарт іх утрымання.
Таццяна Лазоўская
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/10-19.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne