Госць «выйшаў» у акно, гаспадар нічога не памятае
…З кватэры на першым паверсе дома па вуліцы Волаха даносіўся гучны плач дзіцяці. Аднак дзверы ніхто не адчыняў, хоць у жыллі дакладна павіны былі быць дарослыя. Неабыякавыя людзі патэлефанавалі ў міліцыю.
Не паспелі праваахоўнікі разам з медыкамі прыбыць на месца, як акно кватэры расчынілася і адтуль… «прагулачным» крокам «выйшаў» малады чалавек. Балазе падаконнік знаходзіўся не вельмі высока і, неўзабаве ўпаўшы, ён нават не атрымаў нейкіх сур'ёзных траўмаў. Дзякуючы адчыненаму акну міліцыянеры змаглі трапіць у кватэру, дзе ўбачылі маленькую дзяўчынку, якая плакала, знаходзячыся на жываце яшчэ аднаго маладога чалавека. Той ляжаў на канапе з выцягнутымі па швах рукамі і адсутным позіркам. Ні плач дзіцяці, ні з'яўленне праваахоўнікаў ніяк не змянілі паводзіны грамадзяніна. Хлопец, як высветлілася, быў дзядзькам дзяўчынкі, якога пакінулі наглядаць за дзіцем.
Паводле інфармацыі Маскоўскага РУУС г. Мінска, у здымнай кватэры пражывалі муж з жонкай і двухгадовай дачкой, а таксама 17‑гадовы брат маладой жанчыны. Маці дзіцяці па стане здароўя знаходзілася ў бальніцы, а яе сужэнец адсутнічаў некалькі гадзін па справах працы. З дзяўчынкай папрасілі пабыць маладога дзядзьку. А той, не доўга думаючы, запрасіў у госці прыяцеля. Апошні прынёс з сабой курыцельную сумесь. Пад уздзеяннем псіхатропу госця і пацягнула «на прагулку» праз акно… Апошняе, што запомніў дзядзька дзяўчынкі, — гэта тое, што ён узяў яе на рукі…
Паколькі маладыя людзі ўжывалі спайс у прысутнасці дзіцяці, дзяўчынцы давялося дыхаць псіхатропным дымам, таму яе на ўсялякі выпадак тут жа даставілі ў бальніцу.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdarenni