«Маладосць», «Полымя», «Нёман» у cнежаньскі агляд
Ціхімі, незаўважнымі крокамі адыходзіць у гісторыю чарговы год нашага жыцця. Хутка прачнёмся ўжо ў 2015-м. На падыходзе апошнія ў гэтым годзе нумары літаратурных часопісаў «Нёман», «Полымя» і «Маладосць» — прасякнутае перадсвяточным узрушэннем падсумаванне таго, што было напісана, прачытана, перадумана за даволі плённы 2014-ы. Давайце прыгледземся бліжэй.
«Прыйдзі, Новы годзе, і не крыўдзі мяне нэндзай-бядою так, як папярэднія старыя... І прынясі мне добрыя памысныя варункі жыцця дзеля працы маёй на карысць людзям праз навуку, праз прыгожыя словы і прыгожыя творы мастацтва!» Гэтымі словамі, напісанымі рукой (у прамым сэнсе) Язэпа Драздовіча, пачынаецца снежаньскі нумар «Маладосці». Дакладна таго самага, хіба, мусяць папрасіць усе тры часопісы — лепей не прыдумаеш... Тэма свят у дванаццатай «Маладосці» прадстаўлена шырока: тут і «калякалядная» апытанка, і парады псіхолага наконт «пераднавагодняй перанастройкі»... Паэзія нумара прадстаўлена «пачаткоўцам» Паўлам Сімам, Зміцерам Захарэвічам, паэткай з экзатычным іменем Ёхана Лі, а таксама добра вядомым вам Навумам Гальпяровічам. У прозе варта звярнуць увагу на асобу Сяргея Маціна — маладога пісьменніка, жыццё якога недарэчна абарвалася прыкладна год таму. У «Маладосці» вы знойдзеце яго даволі нестандартны твор «Андрэй Зайцаў. Паміж нараджэннямі». Пацікаўцеся таксама творам яшчэ аднаго «маладосцеўскага» адкрыцця Арыны Гардзей пад назвай «Паслушніца» і добрымі казкамі Вольгі Караткевіч пра ўпарты цвік ды пацука, які марыў аб крылах... Самае тое пад Новы год!
У снежаньскім нумары «Маладосці» чытайце таксама інтэрв'ю з чалавекам «з ініцыяламі Багдановіча» Міхаілам Бараноўскім, лідарам гурта «Нельга забыць». Гэта сяброўская размова пра таго ж Багдановіча, літаратуру, беларускамоўнасць, Каляды... Пра што яшчэ — прачытаеце ў часопісе.
Тут жа вы знойдзеце цікавы матэрыял Алеся Карлюкевіча, прысвечаны непаўторнаму Адаму Мальдзісу, а таксама артыкул Жанны Некрашэвіч-Кароткай пра славутага «вясковага лірніка» Уладзіслава Сыракомлю — дарэчы, аб'ект навуковых інтарэсаў таго ж Мальдзіса... Праўда, мала існуе культурных постацяў мінулага, якімі б не цікавіўся Адам Восіпавіч.
Сур'ёзны «старэйшы брат» гарэзлівай «Маладосці» часопіс «Полымя» пачынаецца адразу з грунтоўнага — з рамана Уладзіміра Гніламёдава «Пасля вайны» (гэта працяг, таму калі хочаце цалкам прачытаць — здабывайце яшчэ і папярэдні нумар). Як захочацца чаго лягчэйшага, звярніцеся да паэзіі дванаццатага нумара «Полымя» — вершаў Віктара Гардзея, Дзмітрыя Пятровіча, Васіля Дэбіша, Галіны Загурскай, Валянціны Гіруць-Русакевіч... Але пачакайце, мы яшчэ з прозай да канца не разабраліся! Міхась Пазнякоў парадуе чытачоў трыма новымі апавяданнямі «Ад лёсу не ўцячэш», «На паўдарозе», «Старшы лейтэнант». А ў рубрыцы «Галасы свету» змешчаны пераклад на беларускую мову аповесці ўкраінскага пісьменніка Уладзіміра Даніленкі «Сонейка маё, чорнае і калматае». Для аматараў павандраваць па патаемных куточках душы вялікіх людзей — рубрыка «Дзённікі». У снежаньскім нумары «Полымя» вы знойдзеце пасляваенныя дзённікі Вісарыёна Гарбука, пісьменніка, які доўгі час змагаўся з цяжкой хваробай. «Надышла пара імгненна вырашаць, на што траціць кожную секунду часу, адваяваную ў хваробы» — запіс ад 6 чэрвеня 1985 года. Калі вам цяжка матывавацца на працу, творчасць, жыццё, дзённік Вісарыёна Гарбука несумненна дасць вам патрэбны штуршок.
Для літаратуразнаўцаў «Полымя» падрыхтавала навуковы артыкул Галіны Тычко пра вобразны свет паэмы Янкі Купалы «Сон на кургане» і развагі Браніслава Зубкоўскага пра творчасць Янкі Маўра.
І, нарэшце, у чытачоў «Полымя» будзе магчымасць стаць сведкамі дыскусіі на вельмі правакацыйную тэму — стан і перспектывы дзіцячай літаратуры. Нездарма матэрыял мае назву «Экстрэмальна небяспечны занятак». Пра цікавасць дыскусіі гавораць імёны яе ўдзельнікаў: Людміла Сінькова, Яўген Мартыновіч, Аксана Бязлепкіна, Таццяна Шамякіна...
Цяпер запрашаю нырнуць у «Нёман» — пацікавіцца літаратурнымі навінкамі часопіса. Пачынае «Нёман», як і «Полымя», з грунтоўнага — аповесці Сяргея Трахімёнка «Геном Ньютона». Прыхільнікі малых празаічных формаў пацешацца «Двума апавяданнямі» Васіля Ткачова і «Бульбянымі пасядзелкамі» Раісы Дзейкун.
У снежаньскім «Нёмане» змешчана падборка паэтычных твораў фіналістаў і прызёраў фестываля аднаго верша, які праводзіў мінскі паэт Г. Барташ у 2007—2012 гг. Падборка мае вельмі актуальную назву — «Падарункі на Божае нараджэнне». Бадай, украду для вас адтуль, каб заінтрыгаваць, адзін падаруначак — дасціпны верш Кацярыны Зыкавай:
зима это где-то между молитвами
лыжного магазина о снеге
и дворника о бесснежии. между когда ты зиму
не хочешь и когда уже с ней.
зима это когда серебристая рыба взойдет
на синем
и станет со-всем-просто
и ты вдруг проснешься от ощущения
у которого нет имени
(как у места между верхней губой и носом)
Шукайце ў снежаньскім «Нёмане» таксама пераклад мемуараў ураджэнца Навагрудка Ігнація Яцкоўскага «Аповесць майго часу, або Літоўскія прыгоды». Гарантавана захапляльнае пагружэнне ў гісторыю. Дарэчы, тут прыводзіцца тэкст верша Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» — адна з самых таямнічых старонак гісторыі беларускай літаратуры.
Калі вы яшчэ не ўсведамляеце вартасцяў роднай літаратуры і камплексуеце з гэтай прычыны, то прачытайце артыкул Пятра Васючэнкі «Улада тэксту. Беларуская літаратура на фоне сусветнай». Прывядзём кавалачак, прысвечаны ўжо згаданаму Паўлюку Багрыму.
«О нем говорили: хотел стать поэтом,
а стал солдатом.
Никто не знает, кем он действительно
хотел стать. Сегодня нет даже уверенности,
действительно ли он написал стихотворение
«Зайграй, зайграй, хлопча малы...»
Его лирический герой хочет стать
волколаком (оборотнем), чтобы носиться
по лесам и быть вольным.
Или карликом, на которого в детстве
села летучая мышь.
Лишь бы не идти в рекруты или на панщину.
Свобода превыше всего.
Быть волколаком или карликом, существом
странным и непонятным, —
не таков ли удел поэта в Беларуси?
Багрим в конце концов не стал ни первым,
ни вторым, ни третьим. Взял в руки молот,
выковал люстру для костела,
где служил когда-то ксендз, благословивший
его на писание стихов, а еще смастерил
ограду на кладбище, на котором
и сам заснул вечным сном...»
Жадаем вам, любыя нашы чытачы, сустрэць новы 2015-ы з мандарынавым настроем і без жалю да таго, што сплывае разам з 2014-м. Будзьце шчаслівыя ў новым годзе, а «Маладосць», «Полымя» і «Нёман», тры кіты беларускай мастацкай перыёдыкі, абяцаюць рупліва клапаціцца, каб вам было чым узбагачацца духоўна і інтэлектуальна.
Тамара Сарачынская
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/tamara-sarachynskaya
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/13-17.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/13-16.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/13-18.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya