У гонар жаніха і нявесты за сталом увесь час гучаць бадзёрыя зычэнні. Звон кілішкаў суправаджаецца гучным «будзьма!» Сярод гасцей, што прыйшлі павіншаваць маладых, ужо выбраны годны гетман і яго войска. Паміж лавамі паважна шпацыруе сапраўдны шляхцюк у жупане... Думаеце, гэта малюнак з жыцця далёкага XV ці XVІ стагоддзя?.. Не! Усё гэта можна не толькі ўбачыць, але і адчуць на сабе на адным з тых вяселляў, што для сваіх сяброў і знаёмых праводзіць Васіль Грыбоўскі-Гурыновіч — тамада свят у шляхецкім стылі. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з ім, каб распытаць, што і як робіць гэты таленавіты шляхцюк XXІ стагоддзя.
[caption id="attachment_64660" align="alignnone" width="600"] [2] Васіль Грыбоўскі-Гурыновіч з тымі гасцямі, якім шляхецкія традыцыі прыйшліся ну вельмі даспадобы.[/caption]
— Васіль, распавядзіце, як вы пачалі весці шляхецкія вяселлі?
— Сама ідэя з'явілася досыць спантанна, падчас працы ў сферы турызму — да гэтага я ўжо ўдзельнічаў у анімацыйных праектах, тэатралізацыях падчас экскурсій. Знаёмыя папрасілі правесці для іх вяселле ў шляхецкім стылі, я згадзіўся. А ў выніку ўбачыў, што атрымалася даволі арыгінальна: такое свята адрозніваецца ад праведзенага ў фальклорнай традыцыі. Так і з'явілася ідэя праводзіць не рыцарскія, не сялянскія, а менавіта шляхецкія вяселлі.
— Чым шляхецкае вяселле адрозніваецца ад вясковага?
— У сялянскім, хатнім вяселлі (у сучаснай падачы) выкарыстоўваецца шмат фальклору — гэта апяванне маладой, надзяванне наміткі, стужачкі ў галаве, танцы пад гармонік і іншае (хоць гэтыя рэчы часам прысутнічалі і ў шляхты). Гучаць народныя інструменты, такія як цымбалы. Госці і маладыя там часта адзетыя ў народныя строі. У шляхецкім вяселлі істотную ролю адыгрываюць заклікі да маладых, вельмі важна па-шляхецку падаць тост. Напрыклад, я на вяселлях, якія вяду, заклікаю ўсіх казаць «будзьма!» — і гэта актывізуе гасцей у 90% выпадкаў. За сталамі я раздаю пасады: чашнік, які адказвае за тое, каб ва ўсіх келіхі былі напоўнены віном ды шампанскім, таксама стольнік, які сочыць, каб госці добра пад'ядалі, не глядзелі адзін на аднаго. Надзвычай важныя паводзіны самога вядучага: я за словам у кішэню не лезу ды пачуваю сябе сапраўдным шляхцюком. І апрануты я заўсёды ў шляхецкі жупан: як той казаў, шукай пана па жупане. Свята суправаджае музыка, адпаведная той, якая раней гучала на шляхецкіх бяседах, у карчме. Я запрашаю бубнача, дудара — каб усё было гучным, забіяцкім. Я звяртаюся да маладых «маладое спадарства, панства», «пан Аляксандр», «пані Ядзвіга» — тым самым узвялічваю іх нават адно перад адным. Каб маладая, напрыклад, падумала: «О, я выйшла замуж за пана,» — а ён няхай думае: «Я ажаніўся з паненкай».
— Раскажыце, як шукалі інфармацыю, што менавіта так калісьці праходзілі такія святы?
— Распрацаваных навуковых прац па гэтай тэме няма, ніхто дакладна яе не вывучаў. Тое-сёе можна знайсці ў інтэрнэце, бібліятэках, чытаючы мемуарыстыку. Аднак трэба разумець, што асноўны складнік колішніх шляхецкіх вяселляў — гэта есці, піці і казаці зычэнні ў гонар маладых. Ніхто не тамадзіў, не выводзіў шляхцюкоў і шляхцянак на конкурсы — вядома, тут мы не кажам пра магнатэрыю з яе размахам на балях.
— Ці адбываліся такія вяселлі, на якія выязджалі ў замак ці іншае месца, што сваёй атмасферай дапамагала стварыць адпаведны настрой?
— Нядаўна праводзіў знаёмым вяселле ў Гальшанах, маладыя распісваліся ля замка. Абыгралі пярэймы маладых ля Гальшанскага замка — і Леў Сапега да справы падключыўся. Само мястэчка вельмі старажытнае, адпавядае стылістыцы шляхецкага вяселля.
— Запрашаюць вас на свята маладыя. А як іх госці ставяцца да вядучага-шляхцюка?
— Часцей за ўсё госці ўжо з ганка, ад самага пачатку сустрэчы здзіўляюцца беларускай мове. Бо маладыя не заўсёды паведамляюць гасцям, што будзе беларускае вяселле са шляхецкім каларытам. Таму калі госці бачаць вядучага ў жупане, шаблю, яны выказваюць сумненні, ці зразумеюць усё. Аднак я адразу пачынаю жартаваць, уваходжу ў ролю вясёлага шляхцюка і супакойваю іх. У выніку большасць застаюцца задаволенымі, што гэта была менавіта беларуская мова. Пабываўшы на такой агульнай сямейнай бяседзе, усе ўсё разумеюць.
— Ёсць розныя вядучыя фальклорных беларускіх вяселляў. Ці можна сказаць, што вы адзіны тамада свят у шляхецкім стылі?
— Не. Ёсць арганізацыі, якія могуць правесці рыцарска-шляхецкае вяселле, з усёй атрыбутыкай — коньмі, карэтамі, музыкамі — зразумела, у фінансавым плане гэта нашмат даражэй. Увогуле беларускамоўных вядучых няшмат, а тых, хто праяўляў бы ў бяседзе шляхетнасць, — адзінкі.
— Ці апранаюць самі маладыя шляхецкія строі?
— Зрэдку такое бывае. Аднойчы я сам быў запрошаны на вяселле, дзе ўсе госці — каля ста чалавек — былі апрануты ў шляхецкія касцюмы, хто на што быў здольны. А маладыя заказалі сабе шляхецкія ўрачыстыя строі, што, дарэчы, даволі дорага. У вышываных строях маладых можна ўбачыць часцей, чым у шляхецкіх. Нядаўна ў Бабруйску было такое вяселле, на якім малады апрануў строй XVІ стагоддзя і выглядаў, як сапраўдны граф, а нявеста была ў класічнай белай сукенцы, у якой штомесяц тысячы дзяўчат выходзяць замуж.
— Васіль, распавядзіце, якім вам бачыцца далейшае развіццё вашай прафесійнай дзейнасці?
— Буду несці ў масы беларускую культуру, іншы погляд на яе. Каб людзі ведалі, што адпачываць можна, не толькі наведваючы кавярні і рэстарацыі. Хоць рынак на сёння ўжо насычаны: да сябе на свята можна запрасіць і рыцараў, і каўбояў, і нават індзейцаў мая. Аднак беларускасць, на жаль, знікае, таму трэба людзям нагадваць, што ёсць і такі прадукт. Мая задача, як гэта ні дзіўна гучыць, — выводзіць беларускія праграмы ў Беларусі на першае месца, заахвочваць народ выбіраць сваё. У будучыні планую адкрыць аграгістарычны цэнтр — такі востраў шляхецкай, беларускай культуры. Гэта будзе такое месца, дзе гаспадар адпаведна сустрэне госця, дзе ля агню ён зможа паслухаць шляхецкія байкі, акунуцца ў тагачасную атмасферу. Бо вядучым яшчэ пэўны час папрацаваць можна, але ж трэба думаць і пра будучыню — ужо гадоў дзесяць мару пра такую аграсядзібу, і трэба гэту мару ўвасабляць.
— Як жонка ставіцца да вашых ідэй?
— Яна цалкам згодна і падтрымлівае мяне ва ўсіх кірунках. У многіх пытаннях, як ні дзіўна, менавіта яна з'яўляецца рухавіком ідэй. Яшчэ гадоў пяць таму жонка думала, што гэта, можа, несур'ёзна, — але, жывучы разам з чалавекам, хочаш ці не хочаш, зацікавішся. Ёй і самой стала даспадобы, думкі з'яўляюцца, як і што можна зрабіць. Таму яна мяне падтрымлівае ў гэтым цалкам (за што я ёй вельмі ўдзячны).
— Адкуль бярэ пачатак ваша цікавасць да шляхецкай культуры?
— У свой час я працаваў у дэпартаменце аховы ў міліцыі. Так склаўся лёс, што праз калегу я пазнаёміўся з найцікавейшымі людзьмі, разам з якімі паспрабаваў займацца тэатралізацыяй на выездах, і мне гэта спадабалася. Пасля міліцыі была яшчэ праца ў сферы гандлю, у турызме — быў намеснікам дырэктара турыстычнай арганізацыі. Аднак я разумеў, што вясёлы шляхцюк — вольны шляхцюк. Хацелася здзейсніць мары, каб яны сталі рэальнасцю. Таму ўжо з год я ладжу ўласныя праекты. Я зразумеў, што лепш развіваць і зарабляць грошы для сябе, чым рабіць гэта для некага іншага. Да таго ж шляхта была такім грамадскім саслоўем, якое не любіла, каб над ім хтосьці стаяў... Першаснай была цікавасць да таго, хто я і адкуль. Пра шляхту я ўпершыню пачуў не на школьных уроках, а з вуснаў бабулі. А пасля, падчас вучобы ва ўніверсітэце на інжынера медыцынскай электронікі, я пачаў разумець, што «штосьці не так у Дацкім каралеўстве». Людзі не ведаюць сваёй генеалогіі. Не ведаюць не толькі тыя, што паходзяць ад «паноў сахі і касы», але не ведаюць і нашчадкі паноў шаблі і ўзброеных вершнікаў. Я вырашыў, што трэба абуджаць інтарэс людзей. А ўжо пазней я зразумеў, што ў Беларусі беларускай адметнасцю можна зарабляць грошы — і дагэтуль дзіву даюся такому факту. Дзякуй, што мне бабуля ўсё своечасова патлумачыла.
— Дык вы з'яўляецеся патомным шляхцічам?
— Па кудзелі (Гурыновічы) так — па матчынай лініі я маю дакументы, якія пацвярджаюць маё шляхецтва. Гадоў шэсць працаваў у архівах, шукаючы іх. Але вось па мячы, па бацькавай лініі (Грыбоўскія) я сваё шляхецтва дакументамі пакуль не даказаў. З гонарам магу казаць, што частка крыві ў ва мне шляхецкая, прычым мясцовая. Можа, гэта адбіваецца на маіх дзеяннях, заклікае рухацца. Як казаў класік: «Біце ў сэрцы іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць» — так і раблю. Дарэчы, мае бліжэйшыя продкі з былога Бабруйскага павета.
— Аднойчы вы зразумелі, што «нешта не так у Дацкім каралеўстве». Што маецца на ўвазе, усвядомілі, што нечага вам не хапае?
— Так, ёсць рацыя ў гэтых словах. Аднак больш дакладна будзе сказаць, што нешта знікла, і я ўжо гэтага не вярну, таму трэба аднаўляць. Калі памерлі бабуля, дзядуля, я ўжо ў юнацкім узросце, дзецюком, вельмі шкадаваў, што не скарыстаўся магчымасцю, не распытаў іх. Таму вырашыў пачаць з сябе, каб ужо мае нашчадкі ведалі, хто мы. Гэта было адным з самых істотных аргументаў, каб распачаць тое, што я цяпер раблю.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
[3]Карэспандэнт «Звязды» вырашыла завітаць на адно з тых вяселляў, якія праводзіць Васіль Грыбоўскі-Гурыновіч, і запытаць у маладых, ці лёгка ім далося рашэнне адзначыць галоўны дзень свайго жыцця ў шляхецкім стылі і на беларускай мове. Жаніх Ігар ГАВІНА расказаў, што ідэя зрабіць вяселле ў беларускім стылі ўзнікла ў яго. Нявеста Аліна, хоць і размаўляе па-руску, аднеслася да такой прапановы станоўча. Хаця напачатку яна перажывала, як успрымуць усё госці, ці не будзе гэта шокам для бацькоў. Аднак пагутарыўшы з Васілём Грыбоўскім-Гурыновічам, яна супакоілася. Родныя і сябры, па словах маладога, пра тое, што вяселле будзе беларускім, загадзя папярэджаны не былі:
— Для мяне было прынцыпова важным зладзіць сваё вяселле ў такім стылі. Бо я здаўна, яшчэ са свайго дзяцінства ў Ляхавічах захоплены ідэяй беларускасці. Для некага гэта можа быць проста стыль, але для мяне — лад жыцця, мой светапогляд, пазіцыя ў гэтым свеце.
Дарэчы, паразмаўляўшы з гасцямі, высветліла, што ім такое вяселле прыйшлося даспадобы. «Гэта цікава, арыгінальна, незвычайна», — казалі яны. Добра, што нацыянальная культура выклікала ў людзей станоўчыя эмоцыі. Аднак шкада, што беларускасць сёння часам успрымаецца як экзотыка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/16-33.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/16-371.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt