З кожным годам Казахстан становіцца ўсё больш важным партнёрам для нашай краіны. Падмурак добрых стасункаў заклала агульнае савецкае мінулае, а інтэграцыйныя працэсы прывялі да таго, што гэта дзяржава стала для нас адным з найважнейшых эканамічных партнёраў. Якім кірункам супрацоўніцтва з нашай краінай у наступным годзе Казахстан будзе надаваць асаблівую ўвагу, што стане прыярытэтам яго палітыкі як старшыні Садружнасці незалежных дзяржаў, наколькі добрыя беларускія тавары і ці цікавая наша краіна казахскім турыстам, — пра гэта расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол гэтай дзяржавы ў Беларусі Ергалі Булегенаў.
Сумесныя з Казахстанам прадпрыемствы з'явяцца і ў нас
— Казахска-беларускія стасункі развіваюцца па ўзыходзячай. Нашы краіны дасягнулі стратэгічнага партнёрства, — заявіў пасол Казахстана. — Імпульс усім нашым стасункам даюць кіраўнікі нашых дзяржаў. Улічваючы, што з 1 студзеня наступнага года мы пачнём працаваць ва ўмовах Еўразійскага эканамічнага саюза, адкрываюцца і новыя магчымасці для развіцця нашых двухбаковых адносін.
Дыпламат звярнуў увагу на тое, што ёсць даручэнне ад кіраўнікоў абедзюх дзяржаў павялічыць сумесны таваразварот. Зараз ён наблізіўся да мільярда долараў.
— Сёння ў нас утварыўся дысбаланс. Большая частка агульнага таваразвароту прыходзіцца на долю Беларусі. Аднак ёсць усе магчымасці і, галоўнае, ёсць жаданне з абодвух бакоў пашырэння супрацоўніцтва, для ўраўнаважвання гэтага дысбалансу.
Па словах Ергалі Булегенава, Казахстан зацікаўлены ў стварэнні на тэрыторыі Беларусі сумесных прадпрыемстваў.
— Мы плануем прыцягнуць у Беларусь казахстанскія прадпрыемствы. Пакуль нашы бізнесмены вывучаюць умовы, думаюць. Але мяркую, што ва ўмовах ЕАЭС у сярэднетэрміновай перспектыве сумесныя прадпрыемствы ў Беларусі з'явяцца.
Пасол таксама звярнуў увагу на тое, што ёсць зацікаўленасць сярод беларускіх і казахстанскіх сумесных прадпрыемстваў выпускаць прадукцыю для продажу на рынкі трэціх краін.
Да якасці беларускіх прадуктаў прэтэнзій няма
Каментуючы набалелую сітуацыю з транзітам тавараў у рамках Мытнага саюза і ЕАЭС, пасол Казахстана падкрэсліў, што спрэчныя пытанні ў гэтай сферы павінны вырашацца за сталом перамоў і з улікам інтарэсаў усіх бакоў.
Што датычыцца прэтэнзій да якасці нашых тавараў з боку Расіі, то дыпламат лічыць: беларускія тавары — добрыя.
— У цэлым якасць беларускіх тавараў не выклікае сумненняў. З гэтага заўсёды і зыходзяць нашы прадпрымальнікі, якія едуць сюды дамаўляцца і закупляць прадукцыю для Казахстана. У папярэднія гады ўзнікалі прэтэнзіі да якасці мясной прадукцыі на асобных прадпрыемствах па асобных партыях тавару. Але гэтыя пытанні вырашаліся ў рабочым парадку, — падкрэсліў Булегенаў.
У абедзвюх краінах ёсць што паглядзець
Нядаўня Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый і Нацыянальная кампанія «Астана ЭКСПА—2017» падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы турызму. Развіваючы тэму таго, як будзе развівацца гэтае супрацоўніцтва, Ергалі Булегенаў падкрэсліў: і ў Беларусі, і ў Казахстане ёсць вельмі шмат цікавых месцаў, якія могуць прыцягнуць вялікую колькасць наведвальнікаў.
— Каб павялічыць сумесны прыток турыстаў, мы імкнёмся адкрыць новыя авіярэйсы. Сёння з Астаны ў Мінск самалёты лятаюць кожны дзень і запаўняльнасць іх даволі вялікая. Працуем таксама і над тым, каб адкрыць новыя рэйсы ў Мінск з Алматы, дзе, дарэчы, таксама ёсць што паглядзець.
Летам «Белавія» здзяйсняе рэйсы ў паўночныя рэгіёны Казахстана: у Паўладар, Астану, Караганду.
— Увогуле ж, усе мае суайчыннікі, якія хоць раз былі ў Беларусі, вельмі ўзнёсла адгукаюцца пра яе прыроду, славутасці, чысціню гарадоў, шчырых людзей.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zamezhzha
[2] https://zviazda.by/be/kampetentna