Адны называюць іх «інтэлектам» беларускай арміі, іншыя — снайперамі эфіру. І сапраўды, іх поле бою — эфір, а зброя — электрамагнітнае выпраменьванне. Спецыялісты радыёэлектроннай барацьбы — на вагу золата. Высокаадукаваныя, тэхнічна падрыхтаваныя, кемлівыя, яны здольны ў любы момант выявіць радыёперашкоду або, наадварот, стварыць яе, каб дэзарыентаваць праціўніка.
Вопыт апошніх войнаў і ўзброеных канфліктаў паказаў, што радыёэлектронная барацьба — неад'емная частка шматлікіх аперацый і баявых дзеянняў самага рознага маштабу. Без радыёэлектронных сродкаў нельга ўявіць і мірнае жыццё. Дзякуючы ім, мы сёння можам абменьвацца інфармацыяй на любых адлегласцях, у розных умовах. Чым яшчэ мы абавязаны развіццю радыёэлектронных сродкаў барацьбы і чаму без іх немагчыма ўявіць сучасную армію, расказаў начальнік упраўлення радыёэлектроннай барацьбы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Ігар ДАНІЛЬЧЫК.
— Ігар Іванавіч, радыёэлектронная барацьба лічыцца даволі маладым напрамкам у ваеннай справе. Аднак першыя прыклады вядзення радыёразведкі і стварэння радыёперашкод адносяцца да таго часу, калі ў арміі пачалі карыстацца радыё... Дык з чаго ўсё пачыналася?
— Радыёэлектронная барацьба як від проціборства з'явілася адразу пасля стварэння радыёсувязі. Калі казаць пра больш глыбокія карані, то нават Салавей-разбойнік быў спецыялістам па радыёэлектроннай барацьбе: яго свіст аглушаў усіх навокал, чым уводзіў у падман. Калі сур'ёзна, то першая згадка пра магчымасці радыёэлектроннай барацьбы адносіцца да руска-японскай вайны, калі расійскія спецыялісты ажыццявілі заглушэнне сродкаў радыёсувязі японцаў. Калі казаць пра нас і больш сучасны кантэкст, то ў якасці прыкладу неабходна разглядаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У гэты перыяд спецыялізаваныя сродкі наўмысна выкарыстоўваліся для таго, каб глушыць сродкі радыёсувязі на полі праціўніка. У 1942 годзе ў сувязі з падзеямі на Сталінградскай бітве былі створаны першыя асобныя воінскія часці — радыёдывізіёны асаблівага прызначэння. У той напружаны момант ацанілі магчымасці сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Менавіта з тых часоў мы і вядзём адлік фарміравання войскаў радыёэлектроннай барацьбы ва Узброеных Сілах тады яшчэ Савецкага Саюза, а цяпер — незалежнай Беларусі.
— Роля радыёэлектроннай барацьбы і абароны ў сутычцы з праціўнікам пастаянна ўзрастае. Яе эфектыўнасць, у параўнанні з іншымі сродкамі вядзення баявых дзеянняў, — навідавоку. А якія функцыі яна выконвае ў мірны час?
— Пачатак XXІ стагоддзя — пік развіцця інфармацыйных тэхналогій. Гэта назірае кожны чалавек, знаходзячыся ў сябе ў хаце, кватэры, офісе. Калі ўспомніць 80-90-я гады мінулага стагоддзя, то максімум, што было ў нашых грамадзян, — тэлевізар і радыёпрыёмнік. Сёння ж мы ўсе карыстаемся камп'ютарамі, ноўтбукамі, гаджэтамі, іншымі электроннымі сродкамі. Часам заўважаем, што карцінка на тэлебачанні «плыве» або парушаецца якасць сувязі. Вядома, гэта перашкоды. Яны дзеляцца на натуральныя і штучныя. Наша сістэма займаецца стварэннем апошніх. Аднак гэта адбываецца пры пэўных умовах. У асноўным мы ў адказе за тое, каб нашы сродкі радыёэлектроннай барацьбы не перашкаджалі насельніцтву карыстацца прыладамі сувязі, а таксама не аказвалі ўздзеяння на аналагічныя сродкі грамадзянскага сектара эканомікі. Такім чынам, першая наша задача — забяспечыць радыёэлектронную абарону асабістых сродкаў, другая — ажыццявіць электроннае заглушэнне сродкаў віртуальнага праціўніка. Інфармацыйныя тэхналогіі дазволілі нам быць значна бліжэй адзін да аднаго, але гэта прывяло і да ўзнікнення новых пагроз. Таму якраз у мірны час асабліва востра стаіць пытанне радыёэлектроннай абароны.
— Развіццё сродкаў радыёэлектроннай барацьбы шчыльна звязана з навукова-тэхнічным прагрэсам. На якім узроўні ў гэтай сферы наладжана ўзаемадзеянне арміі і навукі?
— Развіццё сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ідзе ў нагу з часам, аднак залежыць ад удасканалення сістэм сувязі. Як толькі сістэмы сувязі пакараюць новыя рубяжы, выходзяць на больш высокія дыяпазоны частот — развіваюцца і сродкі радыёэлектроннай барацьбы. Тыя прадпрыемствы дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, якія займаюцца распрацоўкай і стварэннем новых радыёэлектронных сродкаў, у тым ліку ажыццяўляюць заказы і для ўпраўлення радыёэлектроннай барацьбы Генеральнага штаба. Магу з усёй адказнасцю заявіць: айчынная прамысловасць здольная ствараць сучасную тэхніку і ўзбраенне. Нашы воінскія часці аснашчаюцца самымі сучаснымі аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання, ствараюцца новыя сродкі заглушэння радыёперашкод. І з кожным разам сродкі радыёэлектроннай барацьбы павінны быць шырэйшага дыяпазону, валодаць магчымасцю працаваць з большай колькасцю сігналаў... І натуральна, наша навука працуе на тое, каб гэтыя сігналы можна было распазнаць, ідэнтыфікаваць і стварыць такія перашкоды, каб выключыць выкарыстанне сродкаў сувязі. Дзякуючы распрацоўкам нашых навукоўцаў, сёння замест дзвюх-трох станцый радыёперашкод, якія раней выкарыстоўваліся, каб закрыць увесь дыяпазон, ужо дастаткова адной.
— Тэхніка радыёэлектроннай барацьбы засяроджвае ў сабе ўсе сучасныя тэхналогіі... Якія найноўшыя ўзоры стаяць на ўзбраенні беларускай арміі?
— Інтэрнэт-прастора, як адна з асноўных формаў сучасных тэхналогій, аб'яднала ўвесь зямны шар. І не ўлічваць гэтага нельга, асабліва ў войнах і канфліктах будучыні. Інтэрнэт на полі бою — ужо сучаснасць. Цяпер не салдат будучыні, а салдат сучаснасці карыстаецца на полі бою радыёстанцыяй, якая працуе ў шырокім дыяпазоне частот, пры гэтым перадае не толькі галасавую інфармацыю, а і лічбавыя даныя, дазваляе карыстацца тактычным інтэрнэтам. Магчымасці сённяшняга вайскоўца могуць быць бязмежнымі — дзякуючы тым навінкам, якія прапаноўвае сусветная прамысловасць. І мы не спыняемся на дасягнутым. Сёлета мы завяршылі дзяржаўныя выпрабаванні двух абсалютна новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі. Гэта новы аўтаматызаваны камандны пункт палка і новая станцыя радыёперашкод УКХ-радыёсувязі з пашыраным дыяпазонам і павялічанымі магчымасцямі. Яны ўнікальныя, і аналагаў ім, па сутнасці, нідзе ў свеце няма. Больш за тое, гэтыя ўзоры неўзабаве будуць пастаўлены на серыйную вытворчасць і, пачынаючы з наступнага года, стануць паступаць у войскі. У наступным годзе яшчэ адзін узор падыходзіць да дзяржаўных выпрабаванняў. Такім чынам, мы і далей будзем працягваць пераўзбраенне, забяспечваючы Узброеныя Сілы новымі ўзорамі.
— Спецыялістаў радыёэлектроннай барацьбы называюць «інтэлектам» беларускай арміі. Дзе «куюць» такія каштоўныя кадры?
— У войсках радыёэлектроннай барацьбы служаць звычайныя грамадзяне, якія атрымалі адпаведную падрыхтоўку, кваліфікацыю. Як правіла, яны заканчваюць нашы ваенныя і грамадзянскія ВНУ. Падрыхтоўкай непасрэдна спецыялістаў у гэтай сферы займаецца Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. Асновы майстэрства юнакі спасцігаюць на факультэце ваеннай разведкі. Акрамя таго, мы заўсёды рады прыняць у свае шэрагі спецыялістаў роднасных прафесій. Вельмі цэняцца ў нас спецыялісты, якіх рыхтуе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Больш дэталёва маладыя людзі спасцігаюць прафесію на месцах, паколькі наменклатура саміх сродкаў даволі вялікая і засвоіць яе толькі тэарэтычна бывае вельмі складана. Штогод мы аналізуем падрыхтоўку нашых спецыялістаў, якія ацэньваюцца па ранжыру класнасці. Дарэчы, колькасць вайскоўцаў першага класа і майстроў з кожным годам расце. Нашы спецыялісты вельмі запатрабаваныя і ў грамадзянскім жыцці.
— На якім узроўні наладжана супрацоўніцтва нашых Узброеных Сіл з іншымі дзяржавамі ў галіне радыёэлектроннай барацьбы?
— У нас склаліся добрыя адносіны з усімі ўзброенымі сіламі — удзельнікамі АДКБ. Штогод на планавай аснове мы ажыццяўляем рэгулярныя сустрэчы, дзе абмяркоўваем праблемы, якія ўзнікаюць, дзелімся сваім вопытам. Пры зносінах мы пашыраем свой светапогляд, паколькі праблемы ў многім падобныя, як і погляды на іх вырашэнне. Больш глыбокая інтэграцыя ў нас склалася з Узброенымі Сіламі Расійскай Федэрацыі. Нашы афіцэры ўдзельнічаюць на іх тэрыторыі ў конкурсах па палявой вывучцы, бяруць удзел у сумесных вучэннях. Своеасаблівым выпрабаваннем для нас стане наступны год, на які запланавана буйное вучэнне «Шчыт Саюза — 2015», дзе будуць удзельнічаць як воінскія часці, так і органы кіравання радыёэлектроннай барацьбы Беларусі і Расіі.
— Навукова-тэхнічны прагрэс імкліва рухаецца наперад... Якой бачыце будучыню сродкаў радыёэлектроннай барацьбы?
— Здаецца, яшчэ толькі нядаўна мы прывыклі да стандарту GSM. Не паспелі дасканала разабрацца ў звычайных мабільных тэлефонах, як з'явіліся смартфоны. Толькі да ўсяго прызвычаіліся, як загаварылі пра новы стандарт сувязі чацвёртага пакалення — LTE. Працэс развіцця непарыўны: не за гарамі і пятае пакаленне сувязі. Пры планаванні будучыні ўлічваецца вопыт і развіццё электрасувязі ў міжнароднай супольнасці. Таму мы можам адсочваць, куды нам накіраваць свае намаганні, на якіх участках дыяпазонаў неабходна нешта зарэзерваваць, каб у будучыні выкарыстаць. Менавіта навука нам дапамагае, падказвае, у якім напрамку трэба рухацца. Калі не глядзець наперад, то можна цалкам замарозіць сваё развіццё і ў выніку вельмі моцна адстаць. А гэта небяспечна.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/01/14-19.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/01/14-27.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/placdarm